У Віцебску вырашылі сабрацца ўвечары 26 красавіка на плошчы Свабоды

Мясцовыя актывісты падавалі заяўку  на  правядзенне акцыі да ўгодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС ва ўскраінным Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Атрымаўшы адмову, яны вырашылі сабрацца ўвечары 26 красавіка  ў цэнтры Віцебску ў 17.30 на плошчы Свабоды, каб разам прыняць зварот да урадаў Расіі і Беларусі пра небяспеку будаўніцтва новай Астравецкай  АЭС.

Каардынатар руху "За свабоду" у Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў распавёў, што віцебскія актывісты мелі намер правесці мітынг – выказаць салідарнасць з пацярпелымі ў выніку аварыі на АЭС  у Японіі і ўшанаваць памяць ахвяраў аварыі на Чарнобыльскай АЭС:

"У адказ на нашу заяўку мы атрымалі адмову з адміністрацыі Чыгуначнага раёну",- распавёў Жаляпаў . Для дазволу неабходна заключыць дамовы наконт аховы правапарадку, медычнае абслугоўванне і паслугаў ЖКГ.  Адказныя асобы гэтых структур патлумачылі, што дамовы заключаць толькі пасля атрымання дазволу на  мерапрыемства.

Два месяцы таму віцебскія дэмакратычныя актывісты звярталіся ў гарвыканкам, каб памяняць парадак атрымання дазволаў на акцыі. Але атрымалі адказ, што гэтае рашэнне ўнесена ў Нацыянальны рэестр прававых актаў, прайшло экспэртызу на адпаведнасць сучаснаму беларускаму заканадаўству, і таму перагляду не падлягае, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

"Такім чынам, дэмакратычную грамадскасць Віцебска ўвогуле пазбавілі магчымасцяў праводзіць любыя акцыі. Бо прычына адмовы закладзена ў ранейшым рашэнні гарвыканкаму", -- гаворыць Хрыстафор Жаляпаў.