У Вільні прайшлі антыядзерныя акцыі
Іх удзельнікі пратэставалі супраць усіх АЭС, будаўніцтва якіх плануецца ў рэгіёне, у тым ліку і беларускай.
У сталіцы Літвы 26 красавіка ўзгадвалі пра катастрофу на Чарнобыльскай АЭС. Каля 200-300 чалавек правялі тэатралізаванае шэсце па праспекце Гедыміна, выказаўшы пратэст супраць планаў будаўніцтва АЭС у рэгіёне.
Як паведамляе ІА REGNUM, шэсце было санкцыянаванае самакіраваннем Вільні. Яго ўдзельнікі выйшлі з транспарантамі "Атам не можа быць мірным", "Не чарнобылям", "Учора Японія — заўтра Літва", "Атамная станцыя? Дзякуй — не трэба!", "Падкажыце, а куды эвакуявацца?".
Пасля выступаў эколагаў, у якіх актывісты казалі пра "пацучыную гонку", маючы на ўвазе канкурэнцыю паміж Літвой, Расіяй і Беларуссю ў атамнай энергетыцы, была сфармуляваная петыцыя Сойму Літвы, ураду і прэзідэнту з патрабаваннем аб'явіць мараторый па развіцці атамнай энергетыкі.