У панядзелак працягнецца суд па справе "Народнай волі"

Слуханні па позве пачаліся ў Вышэйшым гаспадарчым судзе 23 сакавіка. "Народная воля" просіць суд прызнаць несапраўдным папярэджанне Мінінфарма ад 14 студзеня 2011 года. Чыноўнікі ўгледзелі парушэнне закона ў артыкуле "Хто пачуе лозунг "Сыходзь!"?", у якім гаварылася пра пачатак акцыі "Маладога фронту". Выданне папярэджана за "распаўсюджанне інфармацыі ад імя арганізацыі, якая не прайшла ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю", паведамляе БелаПАН.

Як заявіў на мінулым паседжанні суда галоўны рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч, "папярэджанне Міністэрства інфармацыі не мае пад сабой ніякай глебы" і з'яўляецца "прыкладам цэнзуры ў адносінах да незалежнай прэсы, а таксама непрафесійнага выканання сваіх службовых абавязкаў прадстаўнікамі міністэрства".

Аўтар артыкула, журналістка Любоў Лунёва, заявіла, што яна пісала пра грамадзянскую кампанію "Сыходзь!", якую праводзілі шэраг маладзёжных ініцыятыў, а не пра "Малады фронт".

Сярэдзіч да гэтага дадаў, што ў публікацыі яны цытавалі Дзмітрыя Дашкевіча не як прадстаўніка "Маладога фронту", а як прыватную асобу.

Прадстаўнік істца Гары Паганяйла прывёў суду шэраг прыкладаў, калі дзяржаўныя выданні ў публікацыях узгадвалі не зарэгістраваныя ў Беларусі арганізацыі (напрыклад, НІСЭПД і "Малады фронт"), а таксама давалі слова іх прадстаўнікам.

Аднак на думку прадстаўнікоў Мінінфарма, гэтыя прыклады не маюць адносінаў да гэтай справы. Яны лічаць, што ў публікацыі мела месца заява ад імя незарэгістраванай арганізацыі: Дзмітрый Дашкевіч быў прадстаўлены як лідар "Маладога фронту" і, паведамляючы пра падрыхтоўку да вулічнай акцыі, выкарыстаў займеннік "мы".