У Мінску фанаты БАТЭ закідалі кіеўлян снежкамі (фота+відэа)

 
Maximum Filesize: 32 МБ
Allowed Extensions: png gif jpg jpeg
З Кіева ж падтрымаць "Дынама" ў Мінск прыехаў цэлы сектар. "Бела-блакітныя" добра падрыхтаваліся да беларускіх маразоў і часам нават перакрыквалі беларускія трыбуны.
У гэты вечар на трыбунах "хварэлі" толькі стоячы: іначай замерзнуць і... захварэць было вельмі лёгка! На жаль, гульня ў БАТЭ не атрымалася. Ці, лепш сказаць, атрымалася ў "Дынама".

"Так, мы прайгралі. Але вялікага расчаравання ў мяне няма, бо ўсе задачы ў гэтым сезоне мы выканалі, — адзначыў Віктар Ганчарэнка падчас пасляматчавай прэс-канферэнцыі. — Гэты канкрэтны матч мы згулялі дрэнна, але ў той жа час кіеўскае "Дынама" згуляла добра... І калі я пасля паражэння ў кубкавай гульні супраць "Дынама" (Брэст) крытычныя стрэлы кідаў у бок каманды, дык зараз нічым не магу каманду папракнуць".


Брэсцкае "Дынама" адолела БАТЭ тыдзень таму ў матчы 1/8 Кубка Беларусі. На думкутрэнера брэстаўчан Юрыя Пунтуса, і тады, і зараз перамагчы чэмпіёна Беларусі дапамаглі найперш не тактычныя хады, а матывацыя на гульню і футбольная ўдача: 

"Кіеў быў вельмі матываваны. Настрой у іх быў проста супер, гэта было відавочна па тым, як яны радаваліся кожнаму поспеху. Адназначна, з мінулага разу яны БАТЭ запаважалі. І прыклалі намаганні, каб у гэтым матчы быць мацнейшымі. Ды і няхай не крыўдуе БАТЭ, але "Дынама" усё ж мацнейшае і ў патэнцыяле".

Выканаўца абавязкаў галоўнага трэнера кіеўскага "Дынама" Алег Лужны пасля матчу не хаваў задавальнення.

"Дынама" паказала такі футбол, які мусіць паказваць, — сказаў спецыяліст. — Ці была відавочная падчас матчу розніца ў класе каманд? Гледачам гэта відаць лепей. І лічбы на табло кажуць за сябе самі".

"Дынама" прэсінгавала БАТЭ з першай да апошняй хвіліны. Мэта кіеўлян была зразумелая: не даць беларусам забіць хуткі гол, як гэта было ў 4 з 10 матчаў БАТЭ ў сёлетняй Лізе Еўропы. Прэсінг прынёс плён: на 16-й хвіліне Вукоевіч падпільнаваў адскок пасля штрафнога і дабіў мяч у вароты БАТЭ.

Да перапынку дынамаўцы засмуцілі футбалістаў з Барысава яшчэ раз: пасля памылкі абаронцаў БАТЭ забіў Яроменка. А другі тайм пачаўся з пенальці і трэцяга гола ў вароты БАТЭ.

"На пачатку другога тайма пачаліся такія напалы...", — распавёў Еўрарадыёзаўзятар барысаўскай каманды— "Калі забілі трэці гол, хлопцы з аднаго і з другога боку пачалі кідацца снежкамі! Сапраўдны снегапад абрынуўся на ўкраінскі сектар!"

Спыніць "снегапад" паспрабавала міліцыя, але супакоіла раз'юшаных фанатаў толькі ўмяшальніцтва "старэйшых" па сектары.

Апошні гол у вароты БАТЭ забіў Арцём Мілеўскі — беларускі футбаліст, які з'ехаў на сталае месца жыхарства ва Украіну і ў 2002 годзе прыняў украінскае грамадзянства. Фанаты БАТЭ Мілеўскаму так і не даравалі: кожны раз, калі ён дакранаўся да мяча, трыбуны стадыёна "Дынама" зрываліся ў свіст.

"Пра Мілеўскага крычаць толькі адно: "Мілёўскі — пёс! Мілёўскі — пёс!" Вось і ўсё", — распавёў заўзятар.

Так што гол Мілеўскага — гэта, бадай, самае крыўднае для футбалістаў і фанатаў БАТЭ, што магло адбыцца ўвечары 2 снежня.

"Мілеўскаму мы дазволілі на полі зашмат. Шмат прасторы далі. Нападаючы добрага ўзроўню гэтым адразу карыстаецца",
 — падсумаваў Віктар Ганчарэнка.

Паводле словаў трэнера, падчас гульні ў БАТЭ "выпала" некалькі пазіцый. Юрый Пунтуслічыць гэта дзіўным: відавочна, каманда Віктара Ганчарэнкі перад матчам мела псіхалагічную перавагу над кіеўскім "Дынама":

"Матывацыя была звышвысокая. Перамога гарантавала першае месца ў групе, а значыць больш зручнага суперніка ў плэй-оф. І плюс самае галоўнае: хвалявання не было! То бок матывацыя была, а цяжар хвалявання над БАТЭ не вісеў, бо яны і так ужо зрабілі вялікую справу і выйшлі з групы".


Юрый Іосіфавіч, які ў мінулым цягам 8 гадоў трэніраваў БАТЭ, згодны з Віктарам Ганчарэнкам: папракнуць барысаўскіх спартоўцаў няма чым. Сваю справу зрабілі шчыльны каляндар і дрэннае надвор'е. Так што футбалістам трэба сказаць дзякуй. І пажадаць удачы ў апошнім матчы сезона супраць АЗ, які БАТЭ згуляе ў Галандыі 15 снежня.