У Лондане Free Belarus Now! правялі акцыю "Гонар ці прыбытак" ля McDonald's

18 траўня з 15.00 да 19.00, удзельнікі кампаніі Free Belarus Now! праводзілі акцыю "Гонар ці прыбытак" каля ўваходу ў рэстаран McDonald's, размешчанага ў цэнтры брытанскай сталіцы.

Акцыя пратэсту была справакавана ўдзелам мінскага рэстарана ў судовых працэсах над удзельнікамі Плошчы. Да спраў падсудных былі далучаны заявы рэстарана McDonald's і крамы "Евросеть" пра недазароблены прыбытак увечары 19 снежня, калі ў Мінску праходзіла акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Лонданскую акцыю пратэсту арганізавалі грамадзянская кампанія Free Belarus Now! і Беларускі Свабодны тэатр. Яе мэтай стала прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы выбару бізнэс-структур паміж прыбыткам і гонарам. Каардынатар кампаніі Free Belarus Now! Ірына Богданова, сястра прысуджанага да 5 гадам турэмнага зняволення кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, каментуючы акцыю, сказала: "Мы спадзяваліся, што на працягу судовых працэсаў кампанія McDonald's недвухсэнсоўна адмяжуецца ад задумы ўлад па ўцягванні камерцыйных структур у брудную палітычную гульню. Сённяшнюю акцыю мы праводзім для таго, каб бізнэс-структуры цвяроза ацэньвалі рэальнасць, і разумелі, што іх дзейнасць знаходзіцца пад кантролем грамадства".

Падчас акцыі былі раздадзены сотні ўлётак, якія інфармуюць пра сітуацыю ў Беларусі, пра рэпрэсіі супраць палітычных актывістаў і грамадскіх дзеячаў, паведаміў кіраўнік "Свабодна тэатра" Мікалай Халезін у сваім блогу.

фота: kilgor-trautt.livejournal.com