У КДБ выкрылі парушэнне мяжы, пра якое дагэтуль нічога не ведаюць памежнікі
Стала вядома, у чым падазраюць фатографа Антона Сурапіна.
Каб адкрыць свой сайт, Антон Сурапін прадаў бацькаву машыну
“Дзяжурны адвакат учора сустракаўся з Антонам. Наколькі я разумею, гэта быў першы допыт. І вось падчас гэтага допыту і стала зразумела, у чым падазраюць фатографа”, — расказвае Еўрарадыё юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
Падазраюць Сурапіна ў спрыянні незаконнаму перасячэнню мяжы Рэспублікі Беларусь. Калі ўлічыць, што менавіта Антон першым апублікаваў фота з “мядзведзікамі-дэсантнікамі”, то лагічна меркаваць аб прызнанні КДБ факту незаконнага палёту шведскага самалёта над Беларуссю.
Тэлефануем у Камітэт дзяржбяспекі. Там чуем жалезны адказ: каментароў на тэму затрымання Сурапіна не будзе.
“Камітэт на гэтую тэму ніякіх адмысловых каментароў не дае”.
Яшчэ адна служба, якая проста абавязаная сачыць за непарушнасцю межаў краіны, — Памежны камітэт. Пытаемся ў кіраўніка прэс-службы Аляксандра Цішчанкі, ці ведаюць нешта ў Памежным камітэце аб парушэнні мяжы, у саўдзельніцтве якому падазраецца фатограф Сурапін. Адказ агаломшвае — ніякай інфармацыі аб гэтым у памежнікаў... няма.
“Да мяне такая інфармацыя не паступала. Ніякая. Таму я не магу аб гэтым нічога сказаць”.
У дадатак Цішчанка цалкам справядліва раіць разбірацца з КДБ. Маўляў, яны фатографа падазраюць, хай яны і каментуюць.
Вось такая загадка. У КДБ раскрылі парушэнне мяжы, пра якое нічога не ведае нават Памежны камітэт. За спрыянне ў перасячэнні дзяржаўнай мяжы арганізаванай групай беларускае заканадаўства прадугледжвае пакаранне ажно да 7 гадоў пазбаўлення волі. Юрыст Андрэй Бастунец, аднак, мае больш аптымістычны погляд на лёс Антона Сурапіна.
“Я спадзяюся, што нічога Антону не пагражае. Што праз тыдзень ён будзе вызвалены, бо ніякага складу злачынства з яго боку я не бачу”.
Пакуль фатограф знаходзіцца ў СІЗА КДБ — знакамітай “амерыканцы”. Тэарэтычна яго могуць адпусціць і раней як праз тыдзень. Аднак юрысты раяць не спадзявацца на гэта, бо следчыя звычайна трымаюць падазраваных да апошняга.
“Дзяжурны адвакат учора сустракаўся з Антонам. Наколькі я разумею, гэта быў першы допыт. І вось падчас гэтага допыту і стала зразумела, у чым падазраюць фатографа”