У Кіеве распачынаецца "фестываль рэпрэсаванай беларускай культуры"

Мерапрыемствы фестывалю мусяць прыцягнуць увагу украінскай грамадскасці да рэпрэсій, якія зараз адбываюцца ў Беларусі. Пра гэта паведамляе сайт "Беларускай вясны".

Выстава "Асаблівы рэжым / Special Treatment", якая адкрые фестываль, — гэта водгук на хвалю тэрору, якая захліснула Беларусь у снежні 2010 года пасля непрызнаных міжнароднай супольнасцю прэзідэнцкіх выбараў.

У рамках фестывалю таксама адбудуцца прэзентацыя коміксу Марыны Напрушкінай "Пераканаўчая перамога", перформанс Аляксандра Ірванца "Чыстасардэчнае прызнанне", майстар-клас "Мастацтва ў турме" і адкрытая дыскусія пра адказнасць за свабоду перакананняў. Завершыць усё бой падушкамі ад былога беларускага палітвязня Андрэя Кіма.