У Гродне журналістаў звінавацілі ў несанкцыяваных акцыях
Кагосьці абвінавацілі ў акцыі “апладысментаў”, камусьці ўзгадалі суд над Анджэем Пачобутам.
3 ліпеня пратакол за адміністрацыйныя правапарушэнні склалі на Алеся Дзянісава, Андрэя Фралова, Міколу Дзятчэню, Юрыя Гуменюка і Ігара Банцара. Артыкул ва ўсіх адзін аднолькавы — “Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання”.
Карэспандэнт беларускай службы Польскага радыё Юрый Гумянюк і аператар Алесь Дзянісаў трапілі пад руку спецназу падчас "хапуна" ўдзельнікаў "маўклівай акцыі". Здымачную групу тэлеканала "Белсат" Андрэя Фралова і Міколу Дзятчэню прывезлі ў пастарунак за гадзіну да пачатку акцыі “апладысментаў”: хлопцаў затрымалі загадзя, калі яны толькі выйшлі з дома.
Рэдактара газеты “Глос з-над Немна” Ігара Банцара міліцыя пільнавала да самага ранку ля ягонага пад’езда. 3 ліпеня Ігар вярнуўся з Масквы. На падыходзе да дому, яго схапілі і пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль. Ігар паспеў паведаміць, што зачэпкай для гэтага стала паседжанне суда над журналістам Анджэем Пачобутам 28 чэрвеня. Нагадаем, тады праваахоўнікі папярэдзілі людзей пад судом, што іхная прысутнасць у гэтым месцы можа быць патрактаваная як “несанкцыяваная акцыя”.