У год праслухоўванне дзяржрадыё абыходзіцца беларусам у 3 мільёны долараў
І ў хуткім часе падаражае.
Нават калі вы ніколі не слухаеце радыёкропку з пазітыўнымі навінамі ад дзяржрадыё і разетку заклеілі шпалерамі, але афіцыйна ад гэтай паслугі не адмовіліся — з вас будуць браць плату за эксплуатацыю радыёсеткі. Такіх карыстальнікаў, падлічвае намеснік начальніка па эксплуатацыі “Беларускага радыётэлевізійнага перадаючага цэнтра” Мікалай Важнік, па ўсёй Беларусі каля 2,5 мільёнаў.
Мікалай Важнік: “Па горадзе Мінску — 617 (тысяч радыёкропак — Еўрарадыё) — гэта роўна столькі, колькі ва ўсіх астатніх абласных цэнтрах рэспублікі. Калі груба скласці — гэта дзесьці 1 мільён 200 тысяч радыёкропак. Плюс “Белтэлекамаўскіх” крыху больш — 1 мільён 375 тысяч. Калі скласці, то атрымліваецца дзесьці 2,5 мільёнаў на 10 мільёнаў насельніцтва”.
З кожнага карыстальніка радыёкропкі аўтаматычна штомесяц вылічваецца 850 рублёў — менавіта такую суму запісваюць у камунальную жыроўку. Па сённяшнім курсе долара атрымліваецца, што за гэтую паслугу мы плацім 3 мільёны долараў у год. Прычым ужо ідзе гаворка пра тое, што плаціць давядзецца больш.
Мікалай Важнік: “Будзем павялічваць, канешне! Павінны эканамісты прыкінуць, якая рэнтабельнасць гэтай паслугі, на якім узроўні мы знаходзімся”.
Яшчэ некалькі месяцаў таму, калі афіцыйны курс долара быў 3 тысячы рублёў, а паслуга каштавала тыя ж 850 рублёў, то прыбытак Перадаючага цэнтра складаў 8,5 мільёнаў долараў у год.
Праўда, адмовіцца ад радыёкропкі нескладана — дастаткова напісаць ім адпаведную заяву. І нам нават далі парады, як бяспечна і без наступстваў пазбавіцца нават следу радыёкропкі ў кватэры.
Супрацоўніца разлікова-дамоўнага цэнтра: “З жыровачкай прыязджайце, запаўняйце бланк заявы аб адмове. А потым можаце зняць разетку і зраўняць сцяну. Толькі акуратна — не нашкодзіце суседзям”.
Паводле словаў Мікалая Важніка, людзі досыць актыўна адключаюцца ад радыёкропак. Прычыны ў Перадаючым цэнтры не высвятляюць. Тым больш, што перыядычна колькасць карыстальнікаў радыёкропкай павялічваецца. Без папярэдняй згоды людзей на тое.
Мікалай Важнік: “Бывае, у дзень па 10-15 заяў на адключэнне прыходзіць — калі ласка! Але потым прыходзіць дзень, прыходзіць ліст са ЖРЭА — 565 “кропак” просім узяць на ўлік: яны здалі ў эксплуатацыю 5 шматпавярховых дамоў. А ў праектным рашэнні закладзена, што ўсе дамы “кабялююцца” радыёкропкамі праваднога вяшчання. Ніхто ад гэтага не вызваляў”.
Як гавораць у разлікова-дамоўным цэнтры “Беларускага радыётэлевізійнага перадаючага цэнтра”, ніякай камісіі па вырашэнні пытання, ці дазваляць таму ці іншаму чалавеку адключыць сябе ад радыёкрыніцы дзяржаўнай інфармацыі, няма — дастаткова напісаць заяву. Калі сумняецеся, што здольныя самі прафесійна пахаваць радыёдраты ў сцяне, то вам на дапамогу дашлюць манцёра. Абсалютна бясплатна.