У Брэсце прайшоў флэш-моб у летняй вопратцы (фота)
Яго ўдзельнікі нагадалі мінакам пра сацыяльныя праблемы. Галоўны пасыл жартаўлівай акцыі — адсутнасць грошай, каб апрануцца паводле надвор'я.
На вуліцах гораду моладзь, апранутая ў майкі і шорты, раздала брэстаўчанам улёткі з лозунгам "Красці не хочам — ходзім голымі!". Ва ўлётках апісваецца гісторыя беларускага крызісу і змены ў коштах, з якімі беларусы сутыкнуліся падчас 2011 года.
Пра акцыю ў каментары Еўрарадыё распавёў адзін з яе ўдзельнікаў, Сяржук:
Сяржук: "Галоўная мэта акцыі — інфармаванне насельніцтва аб тых эканамічных праблемах, што існуюць у нашай краіне. Але гэтая інфармацыя, вядома, падаецца рознымі крыніцамі і зазвычай у выглядзе сухіх фактаў. Мы ж вырашылі паднесці яе ў такім вось жартаўлівым фармаце, каб прыцягнуць увагу людзей".
Акцыя прайшла ў межах кампаніі "Антыкрызісны смех-моб" моладзевай ініцыятывы "Аазіс". Нагадаем, што ў снежні 2011-га іх намаганнямі ўжо адбыўся Флэш-моб пасажырскай салідарнасці. Тады моладзь займалася звыклай для брэстаўчан справай: пры выхадзе з аўтобусаў аддавала квіткі тым, хто ўваходзіў у транспарт.