У Бішкеку пагражаюць падпаліць пасольства Беларусі
Калі ўлады нашай краіны не экстрадуюць на радзіму былога прэзідэнта Курманбека Бакіева.
Як паведамляе БелаПАН, праваабаронца Андуруш Тактанасыраў паабяцаў, што абліе бензінам будынак пасольства Беларусі ў Бішкеку і падпаліць яго. З гэтай пагрозай ён выступіў на мітынгу, які ў чацвер прайшоў каля беларускага дыппрадстаўніцтва.
Паводле слоў праваабаронцы, Бішкек неаднаразова звяртаўся ў Мінск з запытамі аб выдачы былога прэзідэнта, аднак улады краіны пастаянна адказвалі адмовай.
"Калі нашы патрабаванні не будуць выкананы, мы вымушаны будзем пайсці на радыкальныя меры", — заявіў Тактанасыраў. Акрамя падпалу ён збіраецца закідаць пасольства тухлымі яйкамі.
У якасці доказу сур'ёзнасці сваіх намераў Тактанасыраў спаліў партрэты Курманбека Бакіева і Аляксандра Лукашэнкі перад парадным уваходам у будынак пасольства Беларусі.
Нагадаем, 12 лютага Ваенным судом Бішкекскага гарнізона Курманбек Бакіеў быў завочна прыгавораны да 24 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, яго брат Жаныш Бакіеў — да пажыццёвага зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Курманбек Бакіеў з неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі прыехаў у Беларусь паводле асабістага запрашэння Аляксандра Лукашэнкі 19 красавіка 2010 года пасля дзяржаўнага перавароту ў Кыргызстане.
Фота — bymedia.net