У Беларусі адзначылі Дзень Волі (онлайн+фота+відэа)
Паводле папярэдніх звестак, у Дзень Волі ў Беларусі было затрымана каля 70 чалавек.
У Мінску цягам дня было затрымана больш за 50 чалавек. Па неправераных пакуль звестках, каля 30 з іх знаходзяцца ў Савецкім РАЎС, 20 — у Цэнтральным, 3 — у Заводскім.
У рэгіёнах Беларусі 25 сакавіка было затрымана 17 грамадскіх актывістаў і 1 журналіст, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна ".
19.58 Каля нулявога кіламетра на Кастрычніцкай спецслужбы ў штацкім разагналі людзей.
19.51 Міліцыя заклікае разыходзіцца. Людзі перайшлі дарогу і ідуць у бок Кастрычніцкай плошчы. Яны ўзнялі некалькі бел-чырвона-белых сцягоў.
19.20 Да скверу зноў прыйшлі ўдзельнікі акцыі. Каля 500 чалавек стаіць ля ўвахода з кветкамі. Людзі раздаюць кветкі міліцыянтам, але яны іх не бяруць. Мітынгоўцаў па-ранейшаму не пускаюць да помніка Купалу.
19.00 Людзі, якія прыйшлі да скверу Янкі Купалы, разышліся. Міліцыя так і не дазоліла прайсці да помніка пісьменніку. Праваахоўнікі дагэтуль праводзяць аперацыю пра праверцы падазронага прадмета.
18.58 Мужчына падыйшоў да прадстаўніка прэс-службы міліцыі і распавёў, што спецслужбы ў цывільным двойчы ўдарылі яго ў спіну, хаця ён чакаў на прыпынку свой аўтобус. Мужчына напісаў заяву. Яе прынялі.
18.55 Людзей, якія ішлі з плошчы Якуба Коласа ў бок сквера Янкі Купалы, жорстка адціснулі назад на плошчу і прымусілі спусціцца ў пераход. Ёсць затрыманні. Сама плошча перакрытая, на ёй засталіся толькі журналісты.
18.50 Да скверу імя Янкі Купалы прыйшлі лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і лідар БХД Віталь Рымашэўскі. Яны ўсклалі кветкі на ўваходзе ў сквер. Прысутнічае таксама і Наста Палажанка.
18.45 Затрыманы Віктар Івашкевіч. Палітыка “ўзялі” каля крамы “Падземка” непадалёк ад плошчы Перамогі.
18.40. Каля 250 чалавек паспрабавалі прайсці з плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі. Літаральна праз 200 метраў іх спынілі ланцугі спецназу. Пачаліся затрыманні.
18.38 Да журналістаў, якія знаходзяцца зараз на плошчы Якуба Коласа, выйшаў прадстаўнік прэс-службы сталічнай міліцыі і папрасіў журналістаў разыходзіцца і не ствараць масавасць.
На пытанне журналістаў, чаму затрымлівалі людзей на выхадзе з метро, ён сказаў, што не валодае інфармацыяй пра затрыманых. Нават пасля таго, як журналісты паказалі яму відэа з затрыманнем на відэакамеры, ён сказаў, што не збіраецца каментаваць відэа, знятае невядома кім, каго і дзе.
А на пытанне, чаму перакрылі плошчу, ён сказаў: "Калі вас задаволіць адказ "па тэхнічных абставінах, каб прыбраць Плошчу" – няхай такі адказ і будзе".
18.25 Людзі ў штацкім усё больш настойліва прапануюць усім разыходзіцца, перадае карэспандэнт Еўрарадыё Ілля Маліноўскі з плошчы Якуба Коласа ў Мінску. Яны падыходзяць да кожнага, хто знаходзіцца зараз каля помніка Якуба Коласа, патрабуюць сысці і пагражаюць "разабрацца" з кожным.
Людзей на плошчы, разам з журналістамі, па-ранейшаму каля 150 чалавек. Шмат замежных журналістаў, але нікога з вядомых апазіцыйных лідараў няма. Таксама няма і бела-чырвона-белай сімволікі.
18.20 На падыходзе да скверу Купалы міліцыя затрымала двух маладзёнаў з бел-чырвона-белымі сцяжкамі. Іх павялі ўглыб сквера.
18.18 На ўваходзе ў сквер Янкі Купалы жанчыны спяваюць "магутны Божа".
Ніякіх лозунгаў няма, як няма і сцягоў. Вядомыя палітыкі таксама не прыйшлі.
18.10 Людзі ўсклалі кветкі ля ўваходу ў купалаўскі сквер, але праз некалькі хвілін іх прыбралі супрацоўнікі ў цывільным.
18.05 У скверы імя Янкі Купалы міліцыя знайшла падазроны прадмет з дратамі, падобны да выбуховага прыстасавання. Пасля "размінавання" праваахоўнікі абяцаюць пусціць людзей у сквер. Людзей каля 50 чалавек, а вось міліцыі і прэсы нашмат больш. Каля ўваходу стаяць некалькі чалавек з кветкамі. Пакуль уваход у сквер закрыты. Тых, хто спрабуе прайсці, выціскаюць і прымушаюць або з'ехаць на грамадскім транспарце, або перайсці дарогу.
17.50 На плошчы Якуба
Коласа сабралася каля 200 чалавек. Супрацоўнікі спецслужб у цывільным спыняюць
моладзь на выхадах з падземнага пераходу. Асноўная частка людзей стаіць на
аўтобусным прыпынку. Міліцыянтаў у цывільным вельмі шмат, перадае карэспандэнт Еўрарадыё.
17.30 У Магілёве затрыманыя актывісты "Маладога фронту" Валянцін Лабачоў і Дзмітрый Пасрэднікаў, намеснік старшыні Свабоднага прафсаюза Беларускага Юрый Новікаў і актывіст Уладзімір Новікаў.
Раней, на плошчы Зорак ля кінатэатра "Радзіма" былі затрыманыя лідары магілёўскай апазіцыі Алесь Сілкоў і Зміцер Салаўёў, а таксама журналіст БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч.
17-20 Аднаго з удзельнікаў акцыі пратэсту 19 сьнежня пісьменніка Сяргея Малалеткіна затрымалі сёньня раніцай у Оршы па надуманых падставах і ў 17 гадзін адпусцілі з Рауса. Не цяжка здагадацца, што такім чынам прадухілілі ягоны ўдзел у дні Волі ў Менску.
Каля цырка затрымалі лідэра маладых дэмакратаў Алега Корбана і яшчэ 15 моладзевых актывістаў, якія зьбіраліся ўскласьці кветкі да помніка Янку Купалу.
17-07 Купалкаўскі сквер цалкам закрыты для наведнікаў. На ўсіх уваходах стаіць міліцыя і не пускае людзей. У парку бачныя міліцэйскія аўтобусы. На праспекце з боку цырка шпацыруюць людзі ў чорным характэрнага выгляду.
16-45 Праход у сквэр Янкі Купалы перакрыты міліцыянтамі. «Ёсць прычыны, па якіх туды лепш не хадзіць», — сказаў адзін з іх. У самім сквэры стаяць міліцэйскія машыны. На Камуністычнай вуліцы 5 аўтазакаў, 3 вайсковыя грузавікі, хуткая дапамога. (Радыё Свабода)
16-26 У Гародні у раёне вуліцы Рэйманта міліцыянты затрымалі актывіста грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Ігара Ламеку (Радыё Рацыя).
16-00 Актывіста "Маладога Фронта" Юльяна Місюкевіча з заняткаў супрацоўнікі міліцыі адвезлі ў Ленінскі РУУС Менска, каб дапытаць па невядома якой крымінальнай справе. Пры гэтым яму ўручылі позву.
15-10 Рыгор Пясецкі паведаміў “Народнай Волі”, што людзі ў цывільным прыходзілі на кватэру яго бацькоў і па месцы прапіскі хлопца. Яны кажуць, што ён ім патрэбны для нейкай тэрміновай справы.
14-40 Каля тэатру музкамедыі супрацоўнікамі Маскоўскага РУУС затрыманы актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі.
14-20 Затрыманая актывістка «Еўрапейскай Беларусі" Ірына Пчолкіна. У дадзены момант яе вязуць у Фрунзенскі РУУС.
Лідараў Маладой Беларусі заблакавалі ва ўласных кватэрах – да Артура Фінькевіча і Настассі Машчавай спрабуюць уварвацца міліцыянты, у кватэрах адключана сувязь і электрычнасць. Супрацоўнікі праваахоўных органаў не паведамляюць, на якіх падставах хочуць затрымаць маладзёнаў (Радыё Рацыя).
14-15 Ва ўніверсаме ”Цэнтральны“ Менска супрацоўнікі міліцыі затрымалі Франака Вячорку, Паўла Прывалава і іхняга гомельскага сябрука, прозвішча якога невядомае. Адзін з міліцыянтаў, які прадставіўся як Уладзімір Дзем’янкоў паведаміў затрыманым, ш то яны падазраюцца ў здзяйсненьні цяжкага злачынства.
14-05 У Слоніме затрыманы кіраўнік мясцовай філіі незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Барыс Кучынскі. Яго схапілі проста ў паліклініцы і зараз вязуць у невядомым накірунку.
14-00 У 12.00 два супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўварваліся ў кватэру, дзе знаходзіліся 6 чалавек: Сяржук Гумінскі, Кастусёў Андрусь, Якубоўскі Дзмітрый, Руслан Канавалаў і Кацярына Гензанская. Разам з імі быў грамадзянін Польшчы Крыстафор Кірджык. Міліцыянты перапісалі дадзеныя ўсіх маладзёнаў, выклікалі нарад спецназа. Праз некаторы час вывелі некалькі чалавек з кватэры і павезлі на дзвюх машынах у розныя бакі, паведамляе "Вясна".
13.40 Актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Андрэя Молчана каля 13.00 міліцыя забрала з працы. Пра гэта ён паспеў напісаць у смс-паведамленні. Прыблізна за гадзіну да гэтага Андрэй распавёў правабаронцам, што да яго дадому прыходзіді двое людзей у цывільным і пыталіся ў яго маці пра месцазнаходжанне адсутнага на месцы пражывання сына. Яны прадставіліся суцпрацоўнікамі Партызанскага РУУС Мінска. На пытанне маці актывіста аб мэце прыходу міліцыянеры ў цывільным адказалі, што хочуць перасцерагчы яго ад выхаду на плошчу сёння ўвечары, паведамляе "Вясна".
***
13.30. Сёння раніцай у Гомелі затрыманы прадпрымальнік, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімір Няпомняшчых. Як паведамляе ягоная жонка, ён затрыманы на двое сутак і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, паведамляе Радыё Свабода.
***
13.20 Актывісты "Гавары праўду" Сергеенка Аляксандр і Таццяна Ласкавец затрыманы ў кватэры. Супрацоўнікі міліцыі доўга тэлефанавалі ў дзверы, затым некалькі разоў стукнулі па дзвярах, дзвярная скрынка адышла - і яны пракраліся ў кватэру. Без усякіх тлумачэнняў затрымалі актывістаў і павезлі ў Завадскі РУУС, паведамляе zapraudu.info
***
12.30 Берасцейскаму прадпрымальніку Віктару Чайкоўскаму на сёння падаткоўцы ўручылі дзве позвы з'явіцца на 14 гадзіну ў падатковую інспекцыю, перадае Радыё Свабода.
***
12.30. У Оршы раніцай міліцыя затрымала прафсаюзнага актывіста Міхаіла Кавалькова. Ён дагэтуль утрымліваецца ў мясцовым Раусе, паведамляе "Вясна".
***
12.20. Супрацоўнікі міліцыі заблакавалі кватэру актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Максіма Вінярскага.
***
12.10. Актывістку "Маладога фронту" Ганну Шарубу супрацоўнікі міліцыі выманілі з кватэры і адвезлі ў Цэнтральны РУУС Менска. Прычына затрыманьня пакуль невядомая.
***
12.10 Барыса Хамайду затрымалі ў Віцебску, калі ён пад бел-чырвона-белым сцягам пісаў 4-ю агульнанацыянальную дыктоўку каля Сіняга дому.
Барыс Ханонавіч збіраўся перапісаць тэкст “Ліста з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага, а потым даслаць яго старшыні КДБ, каб той перадаў ліст Паўлу Севярынцу. У спадара Хамайды быў ужо падрыхтаваны ліст, дзе ён тлумачыў старшыні КДБ, што з часам гэтая дыктоўка будзе захоўвацца ў музеі беларускага супраціву. Аднак давесці акцыю да канца не ўдалося — прыкладна праз паўгадзіны пасля яе пачатку Барыс Хамайда быў затрыманы і дастаўлены ў пастарунак, паведамляе сайт "Народныя навіны Віцебска".
***
12. 00 Салігорскіх актывістаў з ранку папярэджваюць наконт акцыі ў Мінску
Каля 9-ці гадзін раніцы да салігорскага маладафронтаўца Андрэя Тычыны прыйшоў супрацоўнік Салігорскага РАУС Аляхновіч, які даў маладзёну пад роспіс папярэджанне аб адказнасці за магчымы ўдзел у масавых мерапрыемствах у Мінску, звязаных з Днём Волі.
Прыкаладна ў гэты ж час на працу да салігорскага грамадскага актывіста Аляксея Валабуева прыйшлі супрацоўнікі міліцыі з аддзелу па барацьбе з наркотыкамі. Міліцыянты папярэдзілі кіраўніцтва прадпрыемства, каб Валабуеў стала знаходзіўся на працоўным месцы.
На прыканцы 10-й гадзіны раніцы салігорскаму прадпрымальніку і грамадскаму актывісту Уладзіміру Шылу патэлефанваў капітан салігорскай міліцыі Яўген Жылінскі і настойліва прапанаваў наведаць у бліжэйшы час РАУС. Па словах супрацоўніка міліцыі, яму неабходна папярэдзіць Шылу аб адказнасці за магчымае правядзенне несанкцыянаванага пікетавання ў Салігорску з нагоды Дня Волі. Аднак міліцыянт не змог патлумачыць, чаму ён не зрабіў гэтага за некалькі дзён да 25 сакавіка. Уладзімір Шыла спаслаўся на неправамоцнасць такіх запрашэнняў і ісці на сустрэчу адмовіўся, паведамляе saligorsk.org
***
11.50 Ля будынка Камітэта дзяржаўнай бяспекі быў затрыманы актывіст кампаніі "Гавары праўду!" Андрэй Дзмітрыеў.
***
11.30 Актывістаў з Смаргоні і Астраўца пільнуюць, каб яны не паехалі на мітынг
Да сябра АГП з Астраўца Івана Крука сёння наведаўся ўчастковы міліцыянт і, паколькі яго не было ў кватэры, распытваў жонку ці не збіраецца ён ехаць у Мінск на святкаванне ўгодкаў БНР. Участковы таксама распытваў суседзяў — ці не маюць яны прэтэнзіяў да Івана Крука, паведамляе vialejka.org
***
11.30 Актывіста "Моладзі БНФ" са Смаргоні Уладзімера Шульжыцкага выклікаюць 25 сакавіка на 16 гадзінаў у Смаргонскі РАУС. Ён мяркуе, што гэта робіцца дзеля таго, каб ён немог паехаць на Дзень волі ў Мінск.
Уладзімер зазначае, што ў позве, якую прынёс сёння ўчастковы, пазначана: яго выклікаюць у якасці сведкі. Па якой справе, невядома. Тройчы яго выклікалі раней у справе Плошчы — двойчы ў міліцыю і адзін раз у КДБ.
***
11-20. У кватэру, якую здымае актывістка "Еўрапейскай Беларусі" Ірына Пчолкіна спрабуюць патрапіць міліцыянты. У кватэры знаходзяцца таксама актывісты Сяргей Гумінскі, Андрэй Кастусёў, Кася Іерусалімская, Руслан Канавалаў і Зміцер Якубоўскі, які і паведаміў пра здарэньне, паведамляе "Вясна".
***
11.00 Моладзевы актывіст АГП Аляксандр Сцепаненка сёння а 8 гадзіне быў дастаўлены ў РУУС Савецкага раёна нібыта на прафілактычную гутарку. Пасля гэтага сувязь з ім адсутнічае, паведамляе "Наша Ніва".
***
11.00 Кіраўніку Бабруйскай гарадзкой арганізацыі АГП Віктару Бузінаву сёння ранкам невядомыя прабілі ўсе чатыры колы ва ўласным аўто. Віктар неаднойчы прымаў удзел у акцыях у Мінску.
***
10.40. У ізалятары часовага ўтрымання па вуліцы Акрэсціна рыхтуюцца да масавага прыёму затрыманых. Па папярэдніх звестках сёння тут вызваляюць ад адбыцця адміністратыўных арыштаў "непалітычных" законапарушальнікаў, паведамляе "Вясна".
***
9.20 Актывіста “Гавары праўду” Леаніда Аўтухова з Гарадка вартуе міліцыя. Машыну з супрацоўнікамі міліцыі насупраць свае хаты ён заўважыў яшчэ 24 сакавіка. Змяняючыся “на варце”, некалькі супрацоўнікаў міліцыі на розных машынах пільнавалі яго ўсю ноч. А 25 сакавіка да яго паабяцаў прыехаць следчы КДБ.
Не ехаць на акцыю і Мінск ці Віцебск спадара Аўтухова ўгаворваў 24 сакавіка і начальнік мясцовага райаддзела міліцыі, паведамляе Радыё Свабода.
***
8-40. Крымінальны вышук спрабуе ўвайсці ў кватэру актывіста Алега Ладуцькі. Маці дзеры не адчыняе, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".
***
8:40 Затрымана 13-гадовая Ружана Вячорка
"Мужчыны, якія прадставіліся крымінальным вышукам, затрымалі маю 13-гадовую сястру Ружану і дапыталі наконт мяне",- распавёў Франак Вячорка ў твітары.
***
8:30 Супрацоўнікі крымінальнага вышуку ў Мінску спрабуюць патрапіць у кватэру, дзе пражывае актывіст Уладзь Валодзін.
***
8:00 Ў хату, дзе пражывае пад падпіскай пра нявыезд рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна, прыйшоў участковы міліцыянер. Супрацоўнік міліцыі параіў Наталлі ёння не пакідаць хату, паколькі да яе павінен прыехаць следчы Камітэта дзяржбяспекі, паведамляе Хартыя-97.
***
8:00 Міліцыя прыйшла за Ганнай Шарубай
Актывістка "Маладога фронту" Ганна Шаруба паведамляе, што некалькі міліцыянатаў спрабавалі ўварвацца ў яе кватэру. Каб "паразмаўляць". Зараз яны стаяць каля пад’езду.
***
7.20 міліцыянты прыходзілі дадому да бацькоў Таццяны Шапуцькі. Казалі, што яна ім патрэбная з нагоды крымінальнай справы, якой - не патлумачылі. Самой Таццяны дома не было.
***
7:30 Крымінальны вышук ломіцца у дзверы да Франака Вячоркі
Міліцыянты з самай раніцы дзяжураць каля мінскай кватэры Вячоркаў. "З 6:30 пад дзвярыма дзяжураць міліцыянты, ломяцца ў дзверы, патрабуюць
пусціць, нібыта вобшук. Адзін міліцыянт трымае нейкую пастанову ў
руках"."Ім патрэбны не мой бацька, а менавіта я",- распавёў у жывым эфіры Еўрарадыё Франак Вячорка.
***
7:15 міліцыянты прыходзілі ў кватэру да бацькоў актывіста "Гавары праўду" Паўла Юхневіча. Паўла там не было, паведамляе Радыё Свабода.
***
6.30 Міліцыя прыехала на кватэру Сяргея Паўлюкевіча. Малады чалавек паспеў адпраіць смс-паведамленне. "Прыехала міліцыя. Забірае. Нібыта ёсць пытанні". Паведамленне прыйшло ў 6.49 раніцы. На тэлефанаванні цяпер Сяргей не адказвае.
Сяргей Паўлюкевіч быў удзельнікам Плошчы. Адсядзеў дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту. У ізалятары яго спрабавалі завербаваць супрацоўнікі КДБ. Пасля вызвалення ў яго на кватэры быў праведзены ператрус, падчас якога забралі камп’ютар, паведамляе "Наша Ніва".
Каля 6.30 ранку міліцыя прыехала на кватэру Сяргея Паўлюкевіча.
Малады чалавек паспеў адпраіць смс-паведамленне.
«Прыехала міліцыя. Забірае. Нібыта ёсць пытанні».
Паведамленне прыйшло ў 6.49 раніцы. На тэлефанаванні цяпер Сяргей не адказвае.
Сяргей Паўлюкевіч быў удзельнікам Плошчы. Адсядзеў дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту. У ізалятары яго спрабавалі завербаваць супрацоўнікі КДБ. Пасля вызвалення ў яго на кватэры быў праведзены ператрус, падчас якога забралі камп’ютар. З’яўляецца адміністратара суполкі «Мы за Вялікую Беларусь» на сайце vkontakte.ru.
18.50 Да скверу імя Янкі Купалы прыйшлі лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і лідар БХД Віталь Рымашэўскі. Яны ўсклалі кветкі на ўваходзе ў сквер. 18.45 Затрыманы Віктар Івашкевіч. Палітыка “ўзялі” каля крамы “Падземка” непадалёк ад плошчы Перамогі. 18.40. Каля 250 чалавек паспрабавалі прайсці з плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі. Літаральна праз 200 метраў іх спынілі ланцугі спецназу. Пачаліся затрыманні. 18.38 Да журналістаў, якія знаходзяцца зараз на плошчы Якуба Коласа, выйшаў прадстаўнік прэс-службы сталічнай міліцыі і папрасіў журналістаў разыходзіцца і не ствараць масавасць. На пытанне журналістаў, чаму затрымлівалі людзей на выхадзе з метро, ён сказаў, што не валодае інфармацыяй пра затрыманых. Нават пасля таго, як журналісты паказалі яму відэа з затрыманнем на відэакамеры, ён сказаў, што не збіраецца каментаваць відэа, знятае невядома кім, каго і дзе. А на пытанне, чаму перакрылі плошчу, ён сказаў: "Калі вас задаволіць адказ "па тэхнічных абставінах, каб прыбраць Плошчу" – няхай такі адказ і будзе". 18.25 Людзі ў штацкім усё больш настойліва прапануюць усім разыходзіцца, перадае карэспандэнт Еўрарадыё Ілля Маліноўскі з плошчы Якуба Коласа ў Мінску. Яны падыходзяць да кожнага, хто знаходзіцца зараз каля помніка Якуба Коласа, патрабуюць сысці і пагражаюць "разабрацца" з кожным. Людзей на плошчы, разам з журналістамі, па-ранейшаму каля 150 чалавек. Шмат замежных журналістаў, але нікога з вядомых апазіцыйных лідараў няма. Таксама няма і бела-чырвона-белай сімволікі.