Лукашэнка чакае ад Ватыкана актыўнай пазіцыі па абароне інтарэсаў Беларусі
Пра гэта ён заявіў падчас сённяшняй сустрэчы са старшынём Папскай рады па спрыянні хрысціянскаму адзінству, кардыналам Куртам Кохам.
У Беларусь запрасілі Папу Рымскага. Запрашэнне перадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у часе сустрэчы са старшынём Папскай рады па спрыянні хрысціянскаму адзінству, кардыналам Куртам Кохам.
Ватыканскі іерарх знаходзіцца з візітам у Мінску і бярэ удзел у праваслаўна-каталіцкай канферэнцыі. Учора ён правёў набажэнства ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшай Панны Марыі.
Такім чынам, беларускі касцёл аднаўляе запрашэнне, зробленае папе Бенедыкту XVI у снежні 2009 года ў часе візіту беларускіх біскупаў у Рым, паведамляе РИА Новости.
Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас сённяшняй сустрэчы з Куртам Кохам і мітрапалітам Філарэтам, што чакае ад Ватыкана больш актыўнай пазіцыі па абароне інтарэсаў Беларусі, "асабліва на Захадзе". "Хацелася б, каб царква сказала сваё слова ў абарону справядлівасці", — цытуе словы кіраўніка Беларусі БЕЛТА.