На адвакатку Агееву пачалі крымінальную справу

Нагадаем, ў лютым бягучага года Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзій адразу чатырох адвакатаў, якія мелі дачыненне да абароны абвінавачаных па справе пра "масавыя беспарадкі" 19 снежня. У няміласць патрапілі Алег Агеяў, які бараніў былога кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча, яго маці Таццяна Агеева, Уладзімір Тоўсцік і Тамара Гараева — былыя адвакаты Ірыны Халіп.

Праз тры месяцы пасля пазбаўлення ліцэнзіі ў адносінах да адвакатаў пачалі распачынаць крымінальныя справы.

Паводле матэрыялаў справы, нібыта па дадзеных КДБ, Таццяна Агеева ўлетку 2010 года, з'яўляючыся адвакатам юрыдычнай кансультацыі Завадскога раёна сталіцы, унесла загадзя ілжывыя звесткі ў дамову па крымінальнай справе і асабовы рахунак адваката, падаўшы іх у бухгалтэрыю калегіі адвакатаў у якасці падставы для штомесячнага налічэння заробку. Аналагічныя дзеянні адвакат нібыта здзейсніла і ў верасні 2010 года.

На дачыненне да здзяйснення дадзенага злачынства правяраецца і сын Таццяны Агеевой, паведамляе "Ежедневник".