Тамковіч: Адзін з герояў выстукваў адказы алоўкам, які трымаў у зубах
20 красавіка адбудзецца прэзентацыя кнігі Аляксандра Тамковіча "Пераадоленне".
За апошнія 5-6 гадоў, збіраючы матэр'ялы для сваіх кніг, ён рабіў інтэрв'ю з амаль 300 асобамі. Пры працы над "Пераадоленнем" уразіўся, наколькі інваліды ў Беларусі актыўныя ды занятыя людзі - з імі было не так проста дамовіцца на інтэрв'ю. Не пераставаў здзіўляцца і слухаючы аповеды сваіх герояў.
Аляксандр Тамковіч: "Напрыклад, наша знакамітая паралімпійская чэмпіёнка, Людміла Валчок, якая месяц таму нарадзіла дачку. Яна ў мінулым годзе ездзіла адпачываць у Турцыю і там займалася рафтынгам — спускалася на плоце па горнай рэчцы. І плот перавярнуўся. І калі я ў яе запытаўся: “а як жа ты?”, яна адказала: "а я ж умею плаваць".
Гарадзенец Антон Свякла мне па электроннай пошце даслаў артыкул. У яго атрафіраваныя мышцы, ён не можа пісаць рукамі. Ён зубамі трымае аловак і стукае па клавіятуры. Гэтым алоўкам ён настукаў інтэрв’ю на некалькі старонак. Мне нават сорамна было, што я папрасіў чалавека гэта рабіць. Аказваецца, для яго гэта звыклая рэч: ён піша лісты, абараняе правы інвалідаў, дабіваецца чагосьці. І ўвогуле гэта вельмі актыўныя людзі".
Усяго ў кнізе 12 гісторый і кожная вельмі цікавая. Пачатак прэзентацыі, якую ладзяць Аляксандр Тамковіч і Офіс па правах людзей з інваліднасцю — cёння а 15-й гадзіне у сталічнай галерэі сучаснага мастацтва "Ў" (электронны варыянт кнігі прэзентавалі ў Мінску ў канцы сакавіка).
Пра гісторыі незвычайных людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія не паддаліся лёсу, больш падрабязна можна паслухаць тут: 120420 Tamkovich GATOVA site.mp3
Фота — bymedia.net