Сястра Сашы Варламава: Ён быў прыгнечаны, страшны, у кайданках

Мадэльер Саша Варламаў ужо 13 дзён знаходзіцца пад арыштам. Як даведалася Еўрарадыё, спачатку Саша быў у ізалятары на Акрэсціна, пасля яго перавялі ў турму на Валадарскага. Нагадаем, яго вінавацяць у прысваенні 700 мільёнаў рублёў, якія ішлі на камандзіровачныя ўдзельнікам фестывалю “Млын моды”.

Карэспандэнту Еўрарадыё ўдалося звязацца з роднай сястрой Сашы Варламава Рымай Шымчонак. У гэты час яна збірала чарговую перадачу для брата.

Рыма Шымчонак: "Сашу я апошні раз бачыла, калі яго прывезлі на вочную стаўку. Здалёк. Паміж намі было крокаў 10. Ён быў прыгнечаны, страшны, у кайданках. Ён абвёў вачамі прысутных, убачыў мяне. Я яму памахала рукой, а ён не мог, бо быў у кайданках. Але позіркамі мы сустрэліся. Гэта было ў мінулую сераду, роўна тыдзень таму".

Еўрарадыё: Яшчэ да таго як яго арыштавалі, калі вы размаўлялі?

Рыма: "Апошні раз я яго бачыла ў той дзень, калі яго арыштавалі. Ён ехаў з медычнай камісіі (МРЭК), дзе яму далі 3-ю групу інваліднасці. У яго тры аперацыі было на пазваночніку. Мусіла быць чацвертая, але не ведаю, што будзе далей. Пасля яму патэлефанавалі са следчага упраўлення: маўляў, зайдзіце на 10 хвілін, трэба пару пытанняў задаць. І ўсё. Двое сутак яго не магла знайсці. Інвалід — дзе яны яго трымалі двое сутак? На нейкіх лавах, ці на чым. Яны яго зганьбіць хочуць, дык ужо зганьбілі — хопіць!"


Еўрарадыё: Рыма Леанідаўна, калі вы апошні раз бачыліся, Саша чакаў, што….

Рыма: "Не, не чакаў. Гэта ўсё для яго было вялікім шокам".

Еўрарадыё: Калі пачалося следства, Саша яшчэ ездзіў на гастролі і ў яго была мажлівасць застацца за мяжой?

Рыма: "Магчымасць была, і не адна".


Еўрарадыё: Ці не думаў ён пра гэта і, ўласна кажучы, чаму вярнуўся?

Рыма: "Збегчы кудысьці значыць прызнаць сваю віну. А калі чалавек невінаваты, чаму ён мусіць збягаць? Ён так думае, і я так думаю. Ён вярнуўся з Берліна 16 траўня. Там такі фурор быў! Ён вяртаецца сюды — і ён злачынца! Там — геній, а тут — злачынца. Праз тры дні яго арыштавалі".


Еўрарадыё: Не маглі б вы прыгадаць, якія рэчы вы перадавалі брату?

Рыма: "Самае звычайнае. Лядоўні ў іх няма. Такое, каб адразу з’еў. Хатняга нічога, а ён прызвычаіўся да хатняй ежы, я яму заўжды гатавала. Каўбаса вэнджаная, мяса вэнджанае, агуркі, памідоры, зеляніну, малако. Праўда, малако ўзялі пару разоў, пасля сказалі: нельга. Ваду, цыгарэты. Ён моцна пачаў паліць там. Яблыкі, грушы, каб з’еў адразу, каб прадукты не сапсаваліся. З рэчаў я яму перадавала спартовыя штаны, майку. Зараз не ведаю, ці перадаваць куртку, бо кажуць, на Валадарскага, наадварот, душна, іх шмат у камеры. Збіраюся набыць сала, бо тры разы на месяц гэта мусіць быць перадача на доўга. Цыбулі, гарэхаў, цыгарэтаў. Мёду хачу ўзяць".

Еўрарадыё і надалей будзе сачыць за гэтай справай.