Сябру Міжнароднай назіральнай місіі Беларусь адмовіла ва ўездзе

Памочніку прадстаўніка Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, сябру "Фундацыі Рэгіянальных Ініцыятываў", грамадзяніну Украіны Максіму Кіцюку было адмоўлена ў перасячэнні беларускай мяжы.

Інцыдэнт адбыўся  9 сакавіка ў 3:20, падчас перасячэння мяжы на цягніку "Кіеў – Мінск".

Як паведаміў калега Кіцюка Антон Галабародзька,  па словах супрацоўніка Гомельскага пагранічнага атрада, з якім звязаліся па тэлефоне, адмова была аргументаваная тым, што Максіму забаронены ўезд у Беларусь. У 9:10 цягніком "Санкт-Пецярбург – Кіеў" Максім Кіцюк быў адпраўлены назад ва Украіну.

Па словах Кіцюка, з цягніка яго знялі Беларускія памежнікі: пры праверцы дакументаў высветлілася, што яго прозвішча лічыцца ў базе дадзеных Пагранічнай службы з пазнакай "Уезд забаронены", паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".