Сваячкі рэпрэсаваных выступаюць за эканамічныя санкцыі

Тэкст звароту жанчыны перадалі сайту "Хартыя'97". У ім адзначаецца, што рэпрэсіі ў сённяшняй Беларусі сталі не асобнымі ўспышкамі, а эпідэміяй. Турмой заканчваюцца і свабодна выказанае меркаванне, і выхад на мірную дэманстрацыю, і нежаданне ўдзельнічаць у знішчэнні іншадумцаў, і нават прадпрымальніцкія ініцыятывы, адзначаюць аўтаркі звароту. 


Таму яны заклікаюць да эканамічных санкцыяў супраць беларускага рэжыму. На іх думку, беларусам найбольш шкодзяць не вонкавыя эканамічныя санкцыі, а ўнутраная палітыка. А сур'ёзны эканамічны ціск здольны вызваляць нявінных людзей з турмаў. Як прыклад аўтары згадваюць вызваленне з-за кратаў Аляксандра Казуліна. 


Суайчыннікаў яны заклікаюць не ўдзельнічаць ні ў якіх уладных праектах — ад парламенцкіх і мясцовых выбараў да шматлікіх латарэй. 


Пад зваротам падпісаліся Людміла Карпенка і яе дачка Таццяна Красніцкая, Вольга Захаранка і яе дочкі Алена і Юлія, Святлана Завадская, Ірына Красоўская і яе дачка Валерыя, Ірына Халіп, Ірына Багданава, Вольга Бандарэнка, Наста Палажанка, Дар'я Корсак, Людміла Мірзаянава, Ева Някляева, Таццяна Севярынец, Алена Ліхавід, Святлана Вінаградава.