Супрацоўнікі дзяржаўных газет пра іх закрыццё: “Сядзім і чакаем навінаў”

“Ведаеце, мы гэтаксама нічога не ведаем, як і вы. Сядзім і чакаем. У нас жа спачатку павінен быць сход акцыянераў. І толькі потым адбудуцца нейкія змены”, — расказваюць Еўрарадыё ў “Народнай газеце”.

130111_pilecki_holding.mp3

Яна ўвайшла ў лік чатырох дзяржаўных выданняў, якія вырашылі рэарганізаваць і аб’яднаць з “СБ”. На гэты конт інфармагенцтва БелТА суха паведаміла: “Міністэрству інфармацыі даручана на працягу 15 дзён унесці на разгляд ураду праект адпаведнай пастановы. Кантроль за выкананнем распараджэння ўскладзены на Адміністрацыю прэзідэнта”.

Чуткі пра змены ўзнікалі неаднаразова. Паведамлялася, што ў 2013 годзе на базе газеты "Советская Белоруссия" будзе створаны грамадска-палітычны холдынг. У самым канцы 2012 года быў арганізаваны выдавецкі дом "Звязда", які аб'яднаў аднайменную газету з літаратурна-мастацкай дзяржаўнай прэсай. Але, нягледзячы на ўсё гэта, у бюджэце на 2013-ы год прадугледжаная фінансавая падтрымка газет, якія зараз раптам сабраліся рэарганізаваць.

Што будзе з супрацоўнікамі рэдакцый газет — таксама невядома. Сакратарка прыёмнай “Знамя Юнацтва” неахвотна паведамляе, што пра свой лёс нічога не ведае.

“Акрамя той інфармацыі, якая прайшла па БелТА, я зараз нічога не ведаю”.

Тое самае і ў рэдакцыі “Беларускай нівы”. Там мне расказваюць, што кіраўніцтва выдання ўвесь час альбо на нарадах, альбо ў раз’ездах. А супрацоўнікі пра закрыццё газеты даведаліся толькі ўчора.

“Мы яшчэ абсалютна нічога не ведаем. Ніводны чалавек з нашых супрацоўнікаў нічога не ведае. Мы чулі, што будзе холдынг. Ішла размова. Але не больш”.

Больш за ўсіх ведаюць у Міністэрстве інфармацыі. Там расказваюць, што “усе аддзелы Міністэрства патроху займаюцца гэтым пытаннем”, і што “афіцыйная заява міністра аб далейшым развіцці падзей будзе неўзабаве”.

Чуткі тым часам разыходзяцца самыя неверагодныя. Нават пра тое, што “Советская Белоруссия” пасля рэарганізацыі стане штодзённай газетай і “патаўсцее” ў некалькі разоў. Але даведацца нешта ў самой рэдакцыі “СБ” няма ніякай магчымасці. Аб гатоўнасці альбо негатоўнасці аддзела кадраў гэтага выдання прыняць да сябе супрацоўнікаў адразу чатырох дзяржаўных выданняў там гаварыць пакуль не гатовыя.