Статкевічу 6 гадоў, Усу — 5 з паловай, Класкоўскаму — 5
Суддзя Людміла Грачова 2,5 гадзіны зачытвала прысуд.
Мікалаю Статкевічу далі 6 гадоў, Дзмітрыю Усу — 5,5 года (яго ўзялі пад варту ў зале суда), Аляксандру Класкоўскаму — 5 гадоў. Усе яны будуць адбываць тэрмін у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Арцёму Грыбкову — 4 гады з прымусовым лекаваннем ад алкагалізму. Аляксандра Квяткевіча асудзілі на 3,5 года пазбаўлення волі, Дзмітрыя Буланава — на 3 гады.
Андрэя Пазняка асудзілі на 3 гады абмежавання волі (яго вызвалілі ў зале суда).
20 траўня
15.50 Прысуд Статкевічу і Усу адклалі. Прычынай пераносу стала хвароба суддзі Людмілы Грачовай.
Пра гэта паведаміў у сваім твітэры яшчэ адзін падсудны па "справе 19 снежня" — Андрэй Дзмітрыеў.
Нагадаем, што разам з Мікалаем Статкевічам і Дзмітрыем Усам судзяць Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Андрэя Пазняка і Дзмітрыя Буланава.
18 траўня
16.15 Прысуд будзе абвешчаны 20 траўня ў 16 гадзін.
16.14 Пазняк у апошнім слове сказаў: "Дзякуй усім. Будзьце здаровы. Дапаможа вам Бог".
16.13 Апошняе слова Грыбкова: "Вінаватым сябе не лічу, ніякіх стратаў не нанёс, нікога не збіў. Прашу прабачэння ў блізкіх. Трымайцеся, дзякуй. Прашу прабачэння ў кандыдатаў. Страх праходзіць, а сорам ніколі. Перад вынясеннем прысуду падумайце".
16.12 З апошнім словам выступае Буланаў. Кажа, што спачатку хацеў напісаць аб тым, што было, апраўдацца, а потым вырашыў: навошта? за што апраўдвацца? за два ўдары нагой? "Таму хачу падзякаваць тым, хто выказваў салідарнасць, хто прыходзіў да Чырвонага касцёла маліцца, хто прыходзіў на суд.
Хачу падзякаваць маёй маці, якая так шмат для мяне зрабіла, маёй грамадзянскай жонцы. Хачу спадзявацца, што прыстаўка "грамадзянская" хутка знікне. Я цябе люблю. І хачу падзякаваць майго адваката. Усё".
16.10 Апошняе слова Класкоўскага: "Абаронцы выступілі добра, я іх падтрымліваю. З ацэнкамі падзей 19 снежня я згодны. Дадаваць не буду. З гледзішча выніку суда гэта не мае ніякага значэння. Пра сваю заяву, якую я зрабіў у следчым ізалятары 26 снежня. Яе я зрабіў пад уплывам абставінаў. Усё астатняе я зберагу да будучых працэсаў, пра гэтых невядомых супрацоўнікаў у масках ды іншыя рэчы.
Я ўжо не кажу пра тое, што з адвакатам я змог сустрэцца толькі праз 3 месяцы пасля дамовы з адвакатам. Лісты жонкі атрымліваў раз на 2 месяцы.
Як у кожнага чалавека, мусіць, у мяне былі ўчынкі, якімі я не магу ганарыцца. Але 19 снежня быў на плошчы не натоўп, як кажуць, а беларуская нацыя. І я лічу за гонар, што быў там з тымі людзьмі".
16.10 З апошнім словам выступае Квяткевіч: "Буду казаць коратка. Прашу яшчэ раз прабачэння за свой учынак, а далейшы мой лёс у вашых руках".
16.02 Апошняе слова Уса. Ён адзначыў, што ішоў на выбары, каб дамагчыся сапраўдных выбараў.
Як перадае Радыё "Свабода", Ус спадзяваўся сабраць мільён подпісаў, каб змяніць выбарчы закон. Бо цяпер у Беларусі ідзе прызначэнне зверху. Гэтая сыстэма змагаецца супраць зменаў. Меркаваў сабраць сто тысяч подпісаў за змены, але цяпер думае, што збярэ мільён. А калі трэба пацярпець за праўду, то ён гатовы пацярпець.
15.45 Мікола Статкевіч пачаў апошняе слова, перадае Радыё "Свабода".
Ён заявіў, што насамрэч 19 снежня было ў Беларусі злачынства і гэта зрабіў адзін кандыдат. Гэта захаванне ўлады незаконным шляхам. Статкевіч кажа, што рабіў усё, каб гэта перадухіліць. Ён спрабаваў арганізаваць масавую акцыю, каб прысутнасцю вялікай колькасці людзей прымусіць уладу да закону.
"Яшчэ задоўга да 19 снежня на дзяржпрадпрыемстве замаўляліся заточкі, каб потым абвінаваціць, магчыма, мяне. Але потым зразумелі, што гэта занадта. У СІЗА КДБ мне распавялі, што за шмат дзён там пачалі рыхтавацца, збіваць шчыты, каб спалі новыя арыштанты, бо ўсім месцаў не хапае.
Установы папярэдзілі загадзя, каб зачыніліся. Маўляў, будуць масавыя беспарадкі. Правакацыя пачалася з нападу ў 19.30 на двух кандыдатаў. Людзі не паддаліся тады на правакацыю. Калі пачалася дэманстрацыя, улады мэтанакіравана спынілі галаву калоны, каб былі беспарадкі. Але зноў людзі паводзілі сябе прыстойна. Далей на плошчы Незалежнасці нейкія невядомыя пачалі біць шкло. Потым яны крычалі "ГУВД", калі іх білі (мы гэта бачылі на відэа). Да іх далучыліся некаторыя мітынгоўцы. Я іх не асуджаю. Бо яны спрабавалі прадухіліць большае злачынства - краінай кіруе злачынца.
Мабыць, хутка будзе гэтак, што шмат людзей будуць хваліцца, што ўдзельнічалі ў тых падзеях. Нават больш: людзі бачылі, што там знутры кіраваў адзін камандзір, а потым сышоў, бо далі такую каманду.
Скарыстаўшыся гэтай сытуацыяй улады нацкавалі спецназ на мірных людзей. Сотні людзей збілі, хаця яны не супраціўляліся. Потым, калі падзеі завяршыліся, паглядзелі, што не хапае. Мэта ж была адцягнуць увагу ад сапраўднага злачынства – захопу ўлады. Паглядзелі, не хапіла доказаў. Тады пайшлі на фальшаванне. Прывезлі бутэлек нібыта з кактэйлем Молатава, прывезлі, раскідалі і зрабілі пратакол. Але знайшліся эксперты, якія паказалі, што там звычайная вада. Але гэтыя рэчы суткі да агляду мусілі ляжаць на марозе і мусілі замерзнуць у лёд, а яны напісалі - вадкасьць. Унікальная беларуская вада, якая не замярзае пры 14 градусах марозу.
Зараз мы ўбачым муляж правасуддзя. Знешне ўсё нармальна – адвакаты, судзьдзя. Але насамрэч - муляж. Як і з выбарамі - муляж. Парламент -- муляж. Хто ў гэтым сумняваецца?
Нават нашу эканоміку праелі і паступова ператвараюць у муляж. Як і беларускую валюту.
Гэтак і наша жыццё ператвараюць у муляж - быццам еўрапейцы, апранутыя нармальна. Але насамрэч як муляжы жывём. Час вяртаць Беларусь да нармальнага жыцця. Але гэта немагчыма без змагання.
Дзякую за мужнасьць тым, хто прыйшоў на плошчу. І прашу прабачэння у тых, хто быў ні за што збіты, апынуўся ў клетках. Хачу сказаць сваякам, што вам не павінна быць сорамна за сваіх сыноў, братоў, якія сядзяць у клетцы. Зараз гэта высокае месца. Вышэй, чым на тым канцы залы.
Звяртаюся да дыпламатаў - не трэба прапаноўваць злачынцам грошы. Калі вы зробіце гэтага, у нас будуць новыя закладнікі. А я згодны ахвяраваць сабой".
14.42 Пачала выступ адвакатка Буланава Ірына Тачкар. На яе думку, як перадае Радыё "Свабода", усім абвінавачаным выстаўленыя беспадстаўныя і незаконныя абвінавачанні.
Следства казала, што прыцягваюцца да адказнасці найбольш актыўныя. Але наконт Буланава няма такіх доказаў, на яго ёсць толькі тое, што ён нанёс 2 удары па шчытах. Нагадала паказанні Буланава, што той прыйшоў на мітынг з цікаўнасці, застаўся на плошчы, бо было цікава, падыйшоў да ганку і двойчы ўдарыў па шчытах нагой. Пры гэтым ніякай маёмасці не пашкодзіў. Няма ніякіх доказаў удзелу ў масавых беспарадках, няма ніводнага сведкі, які б казаў, што Буланаў рабіў нешта незаконнае.
Толькі два міліцянты Ціхановіч і Маланка ў пратаколах адміністрацыйнага парушэньня казалі, што Буланаў выкрыкваў антыўрадавыя лозунгі і браў актыўны ўдзел у мітынгу. Але за гэта ён адбыў 10 сутак. Прычым адбываў з траўмай галавы пасля ўдару гумавай дубінкай.
14.27 Выступае Шэльдава, адвакат Арцёма Грыбкова. Яна спынілася на асобе Грыбкова. Паводле адваката, на яго лёс паўплывалі супярэчлівыя абставіны. Часта яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці несправядліва, як лічыць адвакат. Гэтак было раней ў Карэлічах, дзе жыў Грыбкоў. Гэтак паўтарылася ў Мінску 19 снежня, калі Грыбкова пакаралі за несанкцыяванае шэсце, хаця ён у ім не ўдзельнічаў.
14.13 Выступае адвакат Квяткевіча Сяргей Новік. Нагадаў, што ягоны падабаронны прызнаў віну часткова – факт удараў у шыбы і дзверы. Адвакат далучыўся да меркавання калег, што масавых беспарадкаў не было.
Выказаўся супраць таго, як было складзена абвінавачанне: "Недазвольна даказваць віну майго падабароннага дзеяннямі іншых нявысветленых людзей". Кажа, што не высветлена ў судзе, што Квяткевіч рабіў тое, што кажа следства. І ў ягоных дзеяннях няма намеру. Дзеянні падабароннага, кажа, варта было б лічыць хуліганствам. Пра асобу Квяткевіча - ён малады, яшчэ набіраецца жыццёвага досьведу. Адвакат просіць улічыць ягоныя станоўчыя характарыстыкі і апраўдаць.
14.11 Выступае адвакат Класкоўскага Ірына Бурак. Яна нагадала, што людзі прыйшлі на плошчу Незалежнасці дзеля мірнай акцыі і людзі гэтак сябе паводзілі. Пра гэта сведчаць і пашкоджанні, якія атрымалі міліцыянты, пацярпелыя Булавацкі ды іншыя. Гэта дробныя пашкоджанні. Калі б была ў мітынгоўцаў зброя, як кажа следства, былі б пашкоджанні значна больш істотныя, пераказвае Радыё "Свабода" словы адвакаткі.
Якая роля Класкоўскага ў тым, што адбылося? Ён прыйшоў на плошчу, каб выказаць сваю пазіцыю, прыйшоў без зброі, потым разам з усімі пайшоў на плошчу Незалежнасці. У чым выявілася яго арганізацыйная роля? Чаму ён на Кастрычніцкай плошчы не пачынаў сваіх арганізацыйных дзеянняў? Бо іх не было і не было такога у яго намеру. І потым таксама.
Тое, што кажа абвінавачаны, што Класкоўскі быў нападпітку, нічым не пацверджана. Мы можам пэўна сцвярджаць, што Класкоўскі атрымаў траўму галавы. У яго, як відаць на відэа, кроў на галаве. Яго дзеянні маюць пэўную мэту - выказаць пратэст супраць гвалтоўных дзеянняў супраць яго. І гэтым тлумачацца ўсе астатнія яго дзеянні.
Падняла загад аб звальненні Класкоўскага з міліцыі, у якім не гаворыцца пра пазбаўленне яго званьня лейтэнант міліцыі. Таму няма і прысваення звання. Да паказанняў пацярпелых, што Класкоўскі іх зневажаў, трэба ставіцца крытычна. Што да паказанняў пацярпелага Макарчука, то іх трэба ўспрымаць крытычна. Макарчука дапыталі ажно ў сакавіку. Ён кажа, што з інтэрнэту даведаўся пра Класкоўскага, толькі тады пазнаў яго.
Адвакат просіць апраўдаць Класкоўскага па ўсіх абвінавачаннях.
12.30 Адвакатка Тацяна Станкевіч, якая абараняе Міколу Статкевіча, пагадзілася, што Статкевіч меў адносіны да несанкцыянаванай акцыі 19 снежня. Аднак, заявіла яна, Статкевіч не мае дачынення да масавых беспарадкў, бо іх збольшага не было. Падчас шэсця не было зафіксавана ніводнага факту парушэння парадку, адзначае Радыё "Свабода".
Калі прааналізаваць усе відэазапісы, відаць толькі 3 групы людзей, якія б'юцца ў дзверы. Першая - невялікая група - з Класкоўскім. Другая - два мужчыны, якія манатонна б'юць і ніхто ім не дапамагае. і трэцяя група - яшчэ тры чалавекі. Прычым бачна, што побач з імі вокны, у якія ніхто не ломіцца.
Што да падпалаў, пагромаў і ўзброенага супраціву, то іх не было пэўна. Экспертыза высветліла, што гаручай вадкасці ў бутэльках не было. Таму і казаць пра падпалы і нават спробу падпалу немагчыма. А калі няма зброі, то няма і ўзброенага супраціву.
Такім чынам і на плошчы Незалежнасці было толькі несанкцыяванае мерапрыемства.
12.10 Выступіў абаронца Уса Уладзімір Сазанчук, перадае Радыё "Свабода". Адзначыў, што абвінавачанне Усу не пацверджанае. Прапануе прааналізаваць абвінавачанне, тое, ці мелі месца масавыя беспарадкі наогул. А таксама ўдзел у гэтым Уса.
Цытуе кодэкс адносна дэфініцыі пра масавыя беспарадкі. Заўважае, што закон не вызначае, што такое масавыя беспарадкі. Звесткі пра колькасць удзельнікаў у справе адсутнічаюць. Тое, што справы раздробленыя, паказвае, што адзінага деяння не было. Масавасць шэсця зусім не сведчыць пра масавасць біцця шыбаў і дзвярэй: у гэтым бралі ўдзел не болей за 20 чалавек.
Агулам нанесеная шкода на 14 мільёнаў, тры кусты ядлоўца патаптаныя і некалькі ссадзінаў амапаўцам – гэта не масавыя беспарадкі. Бо яны мусяць суправаджацца гвалтам над асобай, падпаламі, знішчэннем маёмасці. А гэтага не было.
Усу інкрымінавалі наўпроставыя дзеянні, а доказаў іх няма. Ён не адмаўляе, што ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі і тлумачыць, што рабіў гэта закона і законна дамагаўся зменаў у выбарчым законе. У справе няма доказаў, што Ус нешта планаваў злачыннае, меў задуму, прадбачыў і жадаў пэўных наступстваў.
Ус сышоў з плошчы Незалежнасці дадому яшчэ да біцця шыбаў. Яго там больш ніхто не бачыў, камеры яго не знялі.
Тое, што сказаў Ус наконт Карзюка, што стане генералам - гэта толькі жарт, а не арганізацыя масавых беспарадкаў. Давайце не сьмяшыць цывілізаваны свет. Што да нібыта звестак пра міліцыю вакол плошчы - гэта звычайны абмен інфармацыяй паміж людзьмі. Такія размовы ў той вечар былі шмат у каго ў менчукоў. Каменданцкага часу не было, усе маглі хадзіць і бачыць.
Адвакат папрасіў апраўдаць Уса.
11.15. Пракурор запатрабаваў Статкевічу 8 гадоў, Усу — 7 гадоў, Класкоўскаму — 8,5 гадоў гадоў, Пазняку, Квяткевічу, Буланаву — па 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Грыбкову — 4 гады з прымусовым лячэннем ад алкагалізму.
10.45 Пракурор выкладае пазіцыі абвінавачаных, перадае Радыё "Свабода". Што Статкевіч не прызнае сябе вінаватым і падчас следства паказанняў не даваў. Пра паказанні Класкоўскага і Уса пракурор кажа, што яны давалі супярэчлівыя паказанні, каб ухіліцца ад адказнасці.
Абвінавачаны Квяткевіч, паводле пракурора, прызнаў, што быў на мітынгу, чуў выступ Статкевіча з заклікам ісці да Дому ўраду на перамовы. Ён таксама падышоў і нанёс 3 удары з хуліганскіх мэтаў, быў нападпітку. На следстве Квяткевіч казаў, што паддаўся на заклік Статкевіча. На судзе паказаньні змяніў, але важкіх прычын змены паказанняў не назваў.
Буланаў прызнаў, што нанёс не меней за 3 удары пад уплывам натоўпу. Паказаў, што не меў намеру ўвайсці ў Дом ураду.
Грыбкоў казаў, што не меў намеру ўрывацца ў Дом ураду, а наносіў удары пад уплывам натоўпу. Але на следстве ён казаў, што прыйшоў пабіцца з міліцыяй.
Пазняк сказаў, што нічога не біў. Пры гэтым пракурор спаслаўся на сведчанні міліцыянтаў. Цытаваў іх наконт агрэсіўнасці мітынгоўцаў, іх зладжаных дзеянняў. Нагадаў пра пабоі, цялесны боль і траўмы. Пералічыў траўмы пацярпелых.
Адносна Класкоўскага пракурор нагадаў, што той зневажаў і штурхаў пацярпелага Зінкевіча.
На месцы здарэння знайшлі палкі, жалезныя пруты, балончыкі, бутэлькі з нейкай вадкасцю. магчыма гаручай. На думку пракурора, гэта сведчыць, што мітынгоўцы загадзя падрыхтаваліся да злачынства. Высновы пра фальсіфікацыю рэчавых доказаў, на што спасылаўся Статкевіч, не прымаюцца, бо гэта не пацверджана.
10.15 Працэс аднавіўся. Пракурор Кірыл Чубкавец адзначыў адразу, што справа неардынарная, бо на лаве падсудных два кандыдаты ў прэзыдэнта. Паводле пракурора, Статкевіч і Ус арганізавалі масавыя беспарадкі, таксама Класкоўскі арганізаваў і прыняў удзел у масавых беспарадках.
17 траўня
19.00 Перапынак да 10.00 18 траўня.
17:10 Сведка Карзюк, начальнік мінскай ДАІ, у суд не з'явіўся, даслаў даведку, што ён хворы. Суд пагадзіўся зачытаць яго паказанні. Той сцвярджае, што кандыдаты ўзначалілі калону і вывелі яе на праспэкт.
Сведак больш няма, адзначае Радыё "Свабода". Зноў вывучаюць матэрыялы справы. Зачытваюць змест чарговага відэа.
16:40 Дапытваюць новага сведку, міліцыянта Дзмітрыя Кулагу. Як перадае Радыё "Свабода", абвінавачаных ён не пазнае, пацярпелых не ведае. Працуе намеснікам камандзіра батальёну аховы. Сведка кажа, што асабіста затрымаў на полшчы Незалежнасці некалькі чалавек, але не памятае, каго дакладна. Кулага кажа, што на зямлі перад імі ляжалі жалезныя пруты. Зачытваюць паказанні сведкі падчас следства. У іх гаворыцца пра бойку з мітынгоўцамі, якія міліцыянтаў нібыта білі рукамі і нагамі.
На допыце ён згадваў пра затрыманне абвінавачанага Пазняка, пра якога тут не казаў. Сведка пацвярджае гэтыя паказанні, у якіх Пазняк быў ім названы адным з самых актыўных дэманстрантаў.
16:05 Статкевіч вітае Лябедзьку на волі і просіць расказаць пра выбарчую кампанію. Лябедзька адзначае, што 40 тысяч выйшлі на вуліцы таму, што іх прадстаўнікі ў камісіі не прайшлі. У прыватнасці, не ўключылі Лябедзьку, Чыгіра, Багданкевіча. Суддзя заклікае Лябедзьку не ператвараць суд у мітынг.
Лябедзька распавядае пра тое, як да яго ўварваліся людзі з ламамі: "Мне падаецца, што ў фашысцкай Нямеччыне больш культурна затрымлівалі палітычных праціўнікаў. У "амэрыканцы" мяне..." Суддзя спыняе: ня трэба.
15.55 Адвакат Станкевіч заявіла сведкам Анатоля Лябедзьку. Суд пагадзіўся. Лябедзька заявіў, што 19 снежня як любы паважаючы сябе грамадзянін быў на плошчы.
Лябедзька распавяда е пра падзеі на Плошчы: было вельмі шмат людзей і дрэнная арганізацыя, бо не было гукаўзмацняльнай апаратуры. Быў святочны хаос, святочная атмасфера. Людзі ўсміхаліся, было шмат з малымі дзецьмі. Ніякі абломкаў не было на вуліцы пасля праходу калоны па праспекце Незалежнасці. Лябедзька, перадае Радыё "Свабода", адзначыў: Статкевіч шмат разоў паспяхова праводзіў вулічныя акцыі.
Кажа, што на плошчы Незалежнасці з'явіліся невядомыя і білі шыбы. На яго думку, такі сцэнар рыхтаваўся адмыслова раней. Самога Лябедзьку бралі па загадзя складзеным спісе. У КДБ яго афармляў супрацоўнік з Магілёва, чые рэчы былі ў кабінеце даўно. У СІЗА КДБ адмыслова раней збівалі шчыты, каб на іх спалі арыштаваныя: нехта ведаў, што яны з'явяцца.
15.00 Сведка Мікалай Чарнабай, супрацоўнік "Беліінвестсэрвіс", былы супрацоўнік ДАІ, які быў на Кастрычніцкай плошчы 19 снежня. Кажа, што Саннікаў, Ус і Статкевіч заклікалі начальніка гарадзкой ДАІ Карзюка даць ім прайсці. Ус нібыта сказаў Карзюку: "Прапусьці нас - і будзеш генералам".
14.55 Сведкам выступіў прадпрымальнік Алесь Макаеў, перадае Радыё "Свабода". Суддзя спытала, ці праходзіць ён па гэтай справе сведкам. Макаеў адказваў: так, пакуль сведкам. Гэта выклікалі смех у зале, у тым ліку пасміхнулася і суддзя.
Макаеў кажа, што на Кастрычніцкую плошчу прыходзіць пасля кожных выбараў, каб выказаць законны пратэст супраць фальшавання выбараў. І зараз прыйшоў. Выступ Статкевіча асабліва не памятае, але кажа, што ўсе выступы былі добрыя, ніхто не заклікаў да процізаконных дзеянняў. Кажа, што выступоўцы прапаноўвалі, каб быў падзел уладаў, каб былі сапраўдныя выбары.
Па словах Макаева, ён бачыў, як каля ганку Дома ўраду выступаў Рымашэўскі – пра тое, што гэта правакацыя і не трэба біць шыбы. Бачыў, як білі шкло, гэта накіравана здымалі некалькі камер, прадстаўнікі сілавых органаў стаялі і сачылі. І нікога там не чапалі з тых, хто біў шкло.
Макаеў кажа, што шыбы білі толькі 20-30 чалавек. "І яшчэ частка тых, каго ўлада падгаварыла гэтак дзейнічаць".
14.10 Сведкамі выступілі кіроўцы аўтобусаў Мікалай Алексіевіч і Васіль Мартос. Распавялі, што 19 снежня з-за перакрытага руху давялося з'ехаць з маршруту.
12.35 Наступны сведка – Андрэй Стаўроўскі, маёр міліцыі, супрацоўнік ДАІ. Быў на Кастрычніцкай плошчы 19 снежня. Распавёў, што людзі ў натоўпе казалі па сваё незадавальненне вынікамі выбараў. Хто быў на чале калоны, сказаць не можа, бо людзей было вельмі шмат. Частка мітынгоўцаў выйшла на дарогу.
12.30 Сведка Іван Шыдлоўскі, супрацоўнік ДАІ, Статкевіча пазнаў і Уса "наглядна", перадае Радыё "Свабода".
Шыдлоўскі кажа, што бачыў, як людская калона ішла на чале з Усам і Статкевічам. Калі яны падышлі, то Ус, па словах даішніка, сказаў Карзюку: "Падпалкоўнік, прапусціш - будзеш генералам".
Сведка кажа, што пагроз ад кандыдатаў ніякіх не было. Але адзін малады чалавек кінуўся на супрацоўнікаў ДАІ. Кажа, што чуў заклікі не прызнаваць вынікі выбараў.
12.08 Сведка Уладзімір Калганаў, кіраўнік ініцыятыўнай групы Уса, сказаў, што адзін раз перадаў невялікую суму грошай ад Уса і адзін раз невялікую суму ад Статкевіча. Больш на гэтую тэму казаць адмовіўся, бо гэта не датычыць справы.
12.00 Сведка Павал Ліштван паведаміў, што збіраў за Статкевіча і Уса подпісы. За адзін подпіс яму плацілі 0,5 долара. Агулам атрымаў каля 700 долараў.
11.20 Наступны сведка Алег Круглоў, супрацоўнік мінскага метро. Абвінавачаных не ведае, пацярпелых таксама. Распавёў пра закрыццё станцый у сувязі з "масавымі мерапрыемствамі". Стратаў не было.
11.10 Сведка Віктар Цярэшчанка, міліцыянт з палка міліцэйскага спецназу. З абвінавачанымі не знаёмы, кажа, што не знаёмы і з пацярпелымі. Дае паказанні, падобныя на паказанні двух папярэдніх сведкаў. Яшчэ згадаў пра высокага чалавека, які стаяў каля помніка і заклікаў людзей мітынгаваць. З паказанняў вынікае, што Цярэшчанка затрымаў каля 10 чалавек і склаў на іх рапарты. Сярод іх быў Грыбкоў, перадае Радыё "Свабода". Сведка пацвердзіў тыя паказанні.
Пракурор пытаецца, чаму Цярэшчанка запомніў менавіта Грыбкова. Той адказвае, што на допыце запомніў ягонае прозвішча. Адвакат пытаецца, ці можа сведка апазнаць Грыбкова. Міліцыянт кажа, што зараз не можа нікога пазнаць, бо была зіма, а цяпер усе апранутыя па-летняму.
Міліцыянты кажуць, што Грыбкова затрымалі разам з усімі на Плошчы. Сам Грыбкоў заяўляе, што сышоў з плошчы да заканчэння мітынгу і затрымалі яго на вакзале. Што яго першым прывялі ў міліцэйскі аўтамабіль, ён яшчэ шмат часу там сядзеў і толькі пазней пачалі прыводзіць затрыманых з плошчы.
10.50 Наступны сведка Навіцкі Аляксей, таксама міліцыянт з палка спецназу. Кажа, што з абвінавачанымі не знаёмы, з пацярпелымі таксама. 19 снежня ён быў у рэзерве за Палацам рэспублікі, потым каля Дома ўраду, стаяў у ланцугу каля ўваходу. "Людзі, якія стаялі на плошчы, пагражалі нам, зневажалі. Казалі, каб мы сыходзілі, бо яны усё роўна пройдуць праз нас. Потым мы рассеклі натоўп, затрымалі актыўных."
Па словах Навіцкага, першыя 2-3 шэрагі мітынгоўцаў спрабавалі прарвацца, хапаліся за шчыты, білі па нагах.
Пракурор зачытвае паказанні на папярэднім следстве. Там Навіцкі казаў, што былі ў руках палкі і таксама ён нібыта бачыў і чуў, як Квяткевіч выкрыкваў антыўрадавыя лозунгі, зневажаў міліцыянтаў, перадае Радыё "Свабода". Сведка пацвердзіў зараз тыя паказанні.
Адвакат Квяткевіча пытаецца, як Навіцкі чуў ад Квяткевіча антыўрадавыя лозунгі, калі на Плошчы было шумна. Сведка адказвае: "Бачыў, бо ён бліжэй знаходзіўся".
Сам Квяткевіч кажа, што затрымліваў яго не спецназ, а чалавек у цывільным.
10.20 Зачытваюцца паказанні Дударчыка на папярэднім следстве: " Білі нагамі і рукамі па шчытах, некаторыя наносілі ўдары вудамі і палкамі... На Акрэсціна мной быў апазнаны затрыманы Квяткевіч. Я склаў на яго рапарт".
Па звестках Радыё "Свабода", Дударчык кажа, што цяпер не змог апазнаць Квяткевіча, бо ўзімку той быў апрануты інакш. Адвакат Квяткевіча ўказвае на супярэчнасці: "Як патлумачыць, што вы паказвалі, быццам бачылі, як ён выкрыкваў лозунгі. а тут кажаце, што ўбачылі яго ўпершыню падчас пагрузкі ў аўтазак?"
Дударчык: "Я сцвярджаў гэта, бо ведаю. А ці шмат было палак у руках мітынгоўцаў? Некалькі".
10.15 Пачалося чарговае паседжанне пачалося. Сакратар называе каля 10 прозвішчаў сведкаў, выкліканых на сёння.
Першым ідзе міліцыянт Дударчык. Ён кажа, што не знаёмы ні з кім з абвінавачаных, але пазнаў Стакевіча. Таксама сказаў, што не ведае нікога з пацярпелых. 19 снежня ўвечары ён быў у службовым транспарце на вуліцы Берсана. Атрымалі загад высунуцца да Дому ураду, сталі ланцужком каля ўваходу. Кажа, што іх пачалі абражаць, а потым на іх накінуліся і пачалі біць вудамі, хапацца за шчыты. Потым, кажа Дударчык, міліцыянты адышлі да педуніверсітэту, а адтуль пайшлі на рассячэнне натоўпу. Найбольш агрэсіўных адсеклі, а потым затрымалі. Ён удзельнічаў у затрыманьнях, але нікога з падсудных не памятае, што затрымліваў.
Акрамя вудаў Дударчык не памятае нічога, адзначае Радыё "Свабода". Пракурор кажа, што на следстве міліцыянт даваў іншыя паказанні. Іх зачытваюць з 3-га тому справы.
16 траўня
19.45 Абвешчаны перапынак да 10.00 17 траўня.
16.30 Скончыўся прагляд чарговага відэафрагменту. На БТ гучаць выступы Статкевіча: "19 снежня прыходзьце. А ты вярні нам тое, што скраў – выбары".
На відэа адзін з удзельнікаў сустрэчы кандыдатаў з выбарцамі задае Статкевічу пытанне: "Ці магчымыя ахвяры на плошчы 19 снежня? Гэта пытанне вам як афіцэру… Каму будуць выгадныя 10-20 трупаў, якія будуць на Кастрычніцкай ці Прывакзальнай плошчы пасля таго, як некаторыя асобы выстраляць па натоўпу з аўтамата?"
Як перадае Радыё "Свабода", Статкевіч просіць аўтара пытання звярнуцца ў праваахоўныя органы і паведаміць, што такое рыхтуецца. Кандыдат прапанаваў супрацоўнікам КДБ, якія вядуць здымкі, пагаварыць з гэтым мужчынам.
Пасля гэтага пачаўся прагляд тэледэбатаў паміж кандыдатам ў прэзідэнты на БТ.
15.10 На паседжанне працягваюць глядзець відэа. Статкевіч адказвае на пытанні выбарцаў. Радыё "Свабода" пераказвае частку гутаркі.
Пытанне: Як з дапамогай Плошчы можна змяніць уладу? Чаго можна дамагчыся?
Статкевіч: Уяўляеце, калі выйдзе шмат людзей. Людзі ж думаюць, што іх мала, а тут пабачаць, што іх шмат. Магчыма, улада падумае, што трэба даць справядлівыя выбары. Ва ўсіх еўрапейскіх краінах гэтак было. Спачатку выходзіла няшмат - моладзь, потым дарослыя выйшлі і пайшло. Кожная краіна праз гэта прайшла: людзям давялося падняцца і забраць уладу. І мы атрымалі ўладу, але з Масквы. І таму гэта не цэнім. А зараз грамадства прыходзіць да разумення, што трэба ўладу адстаяць. Так і будзе. Гэты крычыць, лаяцца, але іншага не дадзена. Я б таксама хацеў проста, без праблемаў, каб было, але няма іншага выйсця.
Статкевіч адзначае, што Лукашэнку можна сказаць дзякуй за тое, што краіна Беларусь ёсць: "Але ён мусіў гэта зрабіць. Паабяцалі крамлёўскі прастол – і ён пабег і ўсю краіну туды гнаў. Але зьмяніўся – зараз самы патрыёт".
12.23 Пачынаецца прагляд чарговага відэа. Гэта адзін з выступаў Статкевіча і Уса перад выбарцамі.
12.19 Адвакат Таццяна Станкевіч просіць Статкевіча патлумачыць, за што яго звольнілі з вайсковай вучэльні, інфармуе Радыё "Свабода".
Той згадвае, што ўжо падрыхтаваў доктарскую, і тут выступіў з заявай, што беларусаў нельга пасылаць у гарачыя кропкі, яны ўжо наваяваліся досыць: "Мяне за тры дні звольнілі".
Потым Вярхоўны Савет падпісаў Дамову "Аб калектыўнай бяспецы", але без пункту пра тое, што беларускія вайскоўцы могуць туды ездзіць. "Я ганаруся, што дамогся".
Статкевіч заяўляе, што мірная акцыя таксама з'яўляецца метадам ціску на ўладу. "Штурмы – гэта захоп улады. А я заклікаў да мірнага ціску. Як на Майдане ў Кіеве людзі пратэставалі, ціснулі на ўладу і дамагліся перавыбараў. Гэта цалкам законныя дзеянні".
12.00 У справе нават фігуруе папера пра тое, што Ус не заплаціў своечасова дзяржпошліну, як сябра Таварыства рыбаловаў і паляўнічых. Ус прызнае, што было спазненьне, але потым ён аплаціў.
11.51 Пачалі вывучаць пяты том справы. Пратакол затрымання Статкевіча ад 19 снежня. Зачытваюць характарыстыкі Статкевіча і папярэджанні з пракуратуры, перадае Радыё "Свабода".
11.45 Адбыўся прагляд відэа. Адвакат Пазняка называе час і кажа: тут відаць, што Пазняк стаіць, нічога не робіць і атрымлівае ўдар дубінкай, адзначае Радыё "Свабода". Далей ідуць кадры сутычак з міліцыяй, але Пазняка там няма.
11.20 Яшчэ два сведкі з Бабруйску не з'явіліся. Зачытаныя іх заявы, каб агучылі іх паказанні ў судзе. Ларыса Пашкевіч і Тамара Кунцэвіч расказваюць пра заклікі на Плошчу.
11.00 Пракурор зачытвае паказанні Макарчука. Ён удзельнічаў у "недапушчэнні мітынгоўцаў да Дому ўраду 19 снежня." Паказаў, што ў міліцыянтаў кідалі снежкі. Таксама, што бачыў мужчыну ў міліцэйскай куртцы, які яго абражаў. "Аднак па маёй амуніцыі ён не біў". Пазней з медыяў Макарчук даведаўся, што гэта Класкоўскі.
У пратаколах допыту сведкаў Сёмачкіна, Сінкачны, Бакуль, Карпекінай гаворыцца, што Статкевіч і Ус заклікалі на Плошчу. Па звестках Радыё "Свабода", адвакат Станкевіч заўважае: усе паказанні напісаныя па адным шаблоне.
10.40 Чатыры сведкі не з'явіліся, яны жывуць у Магілёве. Іх паказанні вырашана зачытаць.
Такое ж рашэнне прынятае наконт паказання пацярпелага міліцыянта Макарчука з Гродзенскай міліцыі, які "знаходзіцца ў доўгай службовай камандзіроўцы", паведамляе Радыё "Свабода".
10.27 У судзе пачынаецца допыт сведкі Юрыя Васілені. Ён працуе ў Бабруйску ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот.
Перад гэтым па хадайніцтве Вуса да справы далучылі яго характарыстыкі і граматы, якія яго паказваюць станоўча.
Аляксандр Класкоўскі хацеў зрабіць заяву наконт відэаздымкаў, паказаных 14 траўня на судзе адносна яго. Як перадае Радыё "Свабода", Класкоўскі кажа, што відэа сфальшавалі, здымалі часткова схаванай камерай, яму растлумачылі правы толькі на першым кавалку, а што знята астатняе, тым не было папярэджана. Просіць выклікаць падпалкоўніка Меншыкава, каб той патлумачыў, якія чынам з'явіўся гэты відэазапіс. Класкоўскі кажа, што ён на 80% сфальшаваны. Аднак суддзя хадайніцтва адхіляе.
14 траўня
15.56 У судзе абвешчаны перапынак да 10 гадзінаў панядзелка, 16 траўня.
15.55 Пазняк кажа, што пазнаў сябе на відэакадрах. "Вось я стаю. Вакол людзі. Я не магу сысці ні ўправа, ні ўлева. Нічога не раблю, але і сыс"ці не магу".
Адвакат, як адзначае Радыё "Свабода", звяртае ўвагу суддзі, што падабароны стаіць, нічога не крычыць і толькі пасля таго, як загучала "Адзін народ", пачынае крычаць таксама.
15.49 Прадстаўнік АБСЕ пакінуў залу, інфармуе Радыё "Свабода".
Перад гэтым падсудны Грыбкоў паведаміў, што пазнаў сябе на відэакадрах. Сказаў, што ён нанёс удараў 15, як і напісана ў справе, потым адышоў і сышоў дамоў.
14.50 Пасля прагляду чарговага відэаўрыўку Буланаў сябе на ў кадрах не пазнаў. Пры гэтым ён не адмовіўся, што быў на ганку і нанёс удары нагой, як ён сказаў, "нематывавана".
Буланаў адзначыў, што мітынгоўцы не мелі ў руках палак, што ў адным эпізодзе мітынговец заклікае супакоіцца іншых. "Што ж гэта за хуліганскі натоўп"? – перадае Радыё "Свабода" словы Буланава.
14.20 Паказалі новы кавалак відэа, на якім, мяркуючы па гуках, б'юць шыбы.
Чуваць воклічы здалёк "Жыве Беларусь!", "Свабоду!", "Сыходзь!"
Чуваць блізкія заклікі "Наперад!" Зноў б'ецца шкло. Адвакаты і абвінавачаныя глядзяць на відэа і пераважна пасміхаюцца. Суддзя глядзіць моўчкі, мімікі на твары няма. Дзве народныя засядальніцы побач з суддзёй глядзяць насцярожана. Міліцыянты глядзяць са здзіўленнем і таксама пасміхаюцца, адзначае Радыё "Свабода".
У гэты час на відэа ўсё гучней чуваць галасы і гукі ламання і грукату ў дзверы. Прадстаўнік АБСЕ глядзіць кадры з цікаўнасцю і нешта пазначае ў нататніку. Твары міліцыянтаў спахмурнелі. Чуваць: "Наваліліся ўсе..." "Дайце сцяг, беларусы!" "Раз, два, тры!"
Ламанне працягваецца, біцця шыбаў ужо не чуваць, толькі ўдары і крыкі. Выскачылі амапаўцы, чуваць крыкі "Свае! Свае!"
14.00 Пасля перапынку аднавіўся працэс. Зноў праглядаюць відэа. Гэты кавалак, мяркуючы па голасе Статкевіча на Кастрычніцкай плошчы, тычыцца яго.
Таксама гучыць голас Саннікава:"Час мяняць лысую гуму!"
Потым гучыць голас Рымашэўскага, што трэба патрабаваць свабодных выбараў без Лукашэнкі, перадае Радыё "Свабода".
Голас Статкевіча, што трэба ісці на перамовы наконт новых выбараў без Лукашэнкі.
Голас Калякіна пра фальшаванне выбараў падчас датэрміновага галасавання: "Мы сцвярджаем сёння, што Лукашэнка не перамог. У Мінску ён набраў не болей за 30%, па рэгіёнах — да 35%".
Галасы "Сыходзь!"
Гучыць голас Статкевіча: "Зараз мы пойдзем да Дому ўраду і будзем там чакаць прэм'ер-міністра, сілавых міністраў. Калі ласка, падтрымайце нас!"
12.35 У судзе абвясцілі перапынак на гадзіну.
12.10 На відэа ў Класкоўскага пытаюцца, як яму у рукі трапіў сцяг і навошта ён хацеў трапіць ў Цэнтрвыбаркам. Класкоўскі смяецца і кажа, што хацеў пабачыць Ярмошыну, каб яна пры ім палічыла бюлетэні пасля выбараў, перадае Радыё "Свабода".
Класкоўскі кажа, што нікога з кандыдатаў ня ведае. Галасаваў ён за Саннікава, але яго асабіста ня ведае.
11.58 На відэа Класкоўскі кажа, што не быў арганізатарам масавых беспарадкаў, а форму там паказаў толькі тады, калі яго пачалі біць. Форму апрануў для таго, каб не білі, адзначае "Свабода".
Расказвае, што ніякіх грошай ад партыяў і палітычных арганізацыяў ён не атрымліваў.
11.45 Класкоўскі дае паказанні па-беларуску. Даў тлумачэнні пра сям'ю, потым пра сваю службу ў ДАІ, што быў звольнены. Яму нагадваюць, што ён зрабіў ДТП, калі быў за рулём нецьвярозы і з-за гэтага яго звольнілі.
На відэа ў Класкоўскага пытаюцца: дзе ён узяў міліцэйскую форму, калі мусіў здаць сваю пасля таго, як яго звольнілі? Чаму вы вырашылі дыскрэдытаваць форму, задае пытанне міліцыянт.
Як перадае Радыё "Свабода", Класкоўскі гаворыць, што асабіста яму форма дарагая.
11.15 На відэа паказалі, як людзі б'юць шыбы і дзверы ў Доме ўраду. Суддзя пытаецца ў Класкоўскага, ці пазнаў ён сябе. Класкоўскі адказвае сцвярджальна і тлумачыць, што відэаролік змантажаваны ў КДБ. Спачатку паказалі фінальны эпізод, а потым той эпізод, калі ён абражаў міліцыянтаў. Насамрэч было па часе наадварот. Па словах Класкоўскага, якія пераказвае Радыё "Свабода", не паказалі, як яго збілі, як міліцыянт ударыў яго па рэбрах шчытом і таму ён гэтак адказаў – абразай, у чым зараз раскайваецца.
Пасля гэтага паказалі размову з Класкоўскім у міліцыі. Ён тлумачыць, што гэта было ў Камітэце па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю без адваката 21 снежня. Класкоўскі пратэстуе, каб гэта праглядалі, бо гэта не можа быць доказам. Суддзя, аднак, не пагадзілася: праглядзім і вырашым.
11.00 Пачынаюць прагляд відэа. Прадстаўнік АБСЕ настояў, каб яму таксама далі магчымасць бачыць відэа і перасеў бліжэй да клеткі з абвінавачанымі. Публіка па-ранейшаму нічога не бачыць.
10.58 Пазняк кажа: калі быў на мітынгу, то не ўсведамляў, што гэта за мітынг, што ён несанкцыяваны. А ўжо калі яго затрымалі, тады ён даведаўся пра гэта. Па хадайніцтве адваката да справы далучылі копію квітанцыі аб аплаце Пазняком штрафу за мітынг, інфармуе Радыё "Свабода".
Грыбкоў хадайнічаў, каб правялі экспертызу, ці з'яўляецца ён алкаголікам: "Я хачу, каб было зразумела, што я не алкаголік, які за бутэльку гарэлкі граміў дзверы і вокны". Суд гэтае хадайніцтва не задаволіў
10.33 Грыбкоў распавёў, чаму ў судзе прызнаў сваю віну пра ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Па яго словах, якія перадае Радыё "Свабода", у Маскоўскім судзе, дзе яго судзілі, склалася такая практыка: хто не прызнаваў віну, атрымліваў максімальны арышт, хто прызнаваў нанясенне пашкоджання, таго каралі меншым тэрмінам. Таму ён і прызнаў віну.
10.13 Судовая зала занятая толькі напалову, перадае Радыё "Свабода", няма студэнтаў юрфаку. З палітыкаў на паседжанні прысутнічаюць Аляксей Кароль, Уладзімір Навасяд. Абвінавачаныя кантактуюць з адвакатамі.
13 траўня
20.30 Працяг судовага працэсу а 10.00 14 траўня.
17.39 Пачалі агалошваць 4 том. Пратакол затрымання Буланава. Абвінавачаны Буланаў сябе пазнаў на фотаздымках. Патлумачыў, што на першым здымку бачна, што шкло ўжо разбіта.
Характарыстыка на Буланава. Суседзі характарызуюць станоўча. Характарыстыка з інстытуту — прапусаў заняткі і адлічаны. Буланаў патлумачыў: гэта было яго рашэнне.
17.25 Зачытваюць тлумачэнне Класкоўскага, як ён апынуўся на плошчы, паведамляе Радыё Свабода. “Я прагаласаваў каля 15 гадзінаў за Саннікава. Перад мітынгам у бары выпіў піва з сябрамі”. Класкоўскі адказвае пракурору, што бар не наведваў і не памятае, калі ў яго бралі такое тлумачэнне. Кажа, што быў моцна збіты і яму далі нешта падпісаць без адваката. Кажа, што не ўжываў алкаголь. Яму пагражалі 15 гадамі і ён свядома так сказаў.
Пракурор настойвае: які сэнс вам было казаць, што вы былі нецвярозы? Навошта было прыдумляць, што вы ўжывалі спіртное?
Класкоўскі: Я лічыў, што піва пазбаўляе мяне ад адказнасці за арганізацыю масавых беспарадкаў.
16.30 Суд пачаў абвяшчаць трэці том справы — адносна Класкоўкага. Пратакол ператрусу ў кватэры. Забраныя міліцэйская куртка, фуражка, бушлат. Была прызначана экспертыза камп'ютара Класкоўскага. Знойдзеныя файлы з відамі акцый. У Класкоўскага забраныя жазло супрацоўніка ДАІ, нагрудныя знакі.
Пасля перапынку будуць праглядаць відэа.
16.10 Ус кажа: ніводнага правапарушальніка не было знойдзена з тых, хто наносіў гэтыя траўмы. Таму ён лічыць, што гэтыя экспертызы і паказанні сфальшаваныя. Хадайнічае запатрабаваць відэазапісы з камэр вакол Дома ўраду і праглядзець. Абаронцы падтрымліваюць, абвінавачаныя таксама. Пракурор супраць. Зала смяецца, адзначае Радыё "Свабода". Суддзя робіць заўвагу зале і пагражае выдаліць. Судзьдзя кажа: калі мы праглядзім відэа са справы, тады будзем вырашаць.
15.43 Пачалі агучваць матэрыялы справы, у прыватнасці, заключэнні экспертаў, паведамляе Радыё "Свабода". Усе адзначаюць, што траўмы не пацвярджаюцца або цялесныя пашкоджанні немагчыма вызначыць.
15.30 Зачытваюць пратаколы пацярпелых спецназаўцаў, інфармуе Радыё "Свабода".
Пратакол допыту пацярпелага Давідовіча, камандзіра ўзвода. "Увагі на шкло на дзвярах Дома ўраду я не звяртаў. Памятаю, як нехта з аратараў заклікаў мітынгоўцаў прарывацца да Дома ўраду. Але што пэўна было сказана і хто сказаў, не памятаю. На нас кінуліся мітынгоўцы. Прычым нам у вочы сьляпілі ліхтарыкамі, і таму я не бачыў твараў. Калі мы адцяснялі натоўп, некаторыя супраціўляліся, а некаторыя проста ўцякалі. Мне давялося затрымліваць мітынгоўцаў. Яны пры гэтым паводзілі сябе вельмі агрэсіўна. Я звярнуўся ў шпіталь МУС, мне паставілі дыягназ ушыб сківіцы. На наступны дзень я выйшаў на працу".
Паказанні пацярпелага Комара. "Мітынгоўцы выкрыквалі розныя зняважлівыя словы на адрас міліцыі. Пачалі на нас нападаць, спрабавалі выхапіць з рук нашы шчыты. Адзін ударыў мяне па галаве, другі па калене. Апісаць іх падрабязна не змагу. калі стаялі насупраць мітынгоўцаў, яны крычалі: "Міліцыя з народам".
Пратакол допыту пацярпелага Лявіцкага. "Супраць нас прымалі сілавыя захады, штурхалі. Мне пашкодзілі локаць. Прадметаў у руках мітынгоўцаў я ня бачыў. Мне дапамогу аказалі у шпіталі МУС".
Пратакол допыту пацярпелага Масальскага."Нас білі нагамі, рукамі, вудамі. Бакавым зрокам я бачыў справа ўспышку полымя, але што там гарэла, я не памятаю. Мне па касцы ўдарылі тры разы, нехта з калег мяне схапіў за вопратку і выцягнуў з натоўпу".
Пратакол допыту пацярпелага Караваева. "Частка мітынгоцаў паспрабавала прарвацца. Адзін з іх нанёс мне ўдар па галаве. У мяне ўтварылася нязначная гематома. У шпіталі МУС мне аказалі дапамогу, у іншую медустанову па лячэнне не звяртаўся, бо траўма была нязначнай".
Наступны пацярпелы (прозвішча прагучала неразборліва). Мітынгоўцы крычалі "Свабоду Беларусі", "Свабодныя выбары", "Міліцыя з народам". Што да траўмаў, я звярнуўся ў шпіталь МУС. Ушыбленая грудная клетка яшчэ балела месяц.
Пратакол допыту пацярпелага Тарасевіча. "Што менавіта крычалі дэманстранты, не памятаю. Пачалі біць ў шчыты. Я паваліўся, хто менавіта мяне пхнуў, не памятаю. Мы вярнуліся да службовага аўтатранспарту, а потым зноў пайшлі рассякаць натоўп. Пры гэтым супраціву дэманстранты не аказвалі. Я звярнуўся у шпіталь МУС, дзе мне паставілі дыягназ: ушыб плечавога суставу. Па лячэньне не звяртаўся".
Наступны пацярпелы (прозьвішча неразборліва). МІтынгоўцы крычалі: "Міліцыя з народам", "Лукашысты", "Фашысты" і іншыя лозунгі. У першых шэрагах былі самыя актыўныя. Мне ўдарылі чымсьці па галенастопу. Атаку нам удалося адбіць. Нашы шэрагі стаялі, а часткі ўнутраных войскаў пачалі выціскаць мітынгоўцаў з плошчы. Кагосьці пэўна з найбольш актыўных дэманстрантаў не запомніў. На наступны дзень зноў выйшаў на службу".
Пракурор зачытвае пратакол чарговага пацярпелага. "Атрымаў удар па калене. Нам свяцілі ў твары нейкімі ліхтарыкамі, спрабавалі прарваць наш ланцуг сваёй масай. Нам удалося адбіць атаку. Я непасрэднага удзелу ў затрыманнях не браў. У шпіталі параілі амбулаторнае лячэнне. На наступны дзень зноў выйшаў на службу."
Паказанні пацярпелых Смірнова, Яфанава, Шпакава.
Пацярпелы Лісоўскі. "Падчас нападу на нас мітынгоўцаў, мяне ўдарылі па галаве. Пасьля ўдару ў мяне доўгі час балела галава. Накіраваўся ў шпіталь МУС. Потым стала лепей, і я ня стаў звяртацца у лякарню наконт траўмы".
14.05 Аднавілася паседжанне. Зачытваюць паказанні тых пацярпелых, якія адсутнічаюць.
Пра гематому правага бядра, якую атрымаў на плошчы, распавёў адзін з пацярпелых. Далей агалошваюцца паказанні Кашталанава, перадае Радыё "Свабода".
Кашталанаў — намеснік камандзіра палку АМАП. "Мы прыбылі да галоўнага ўваходу Дома ўраду і пачалі адцясняць натоўп. Нам супрацьдзейнічалі. Спачатку яны сумеліся ад нашага з'яўленьня, а потым убачылі, што нас няшмат і пачалі наступаць. У гэты момант я атрымаў удар. Я знаходзіўся ў цэнтры і кіраваў дзеяннямі асабовага складу".
"Атрымалі загад падзяліць мітынгоўцаў, чуў каманды зь іх боку: "Бі", "Наперад". Пасля вяртання ў частку мне аказалі медычную дапамогу".
13.00. У судзе аб'яўлены перапынак да 14 гадзін.
12:40. Спачатку пацярпелы спецназавец Лушчык сцвярджаў, што яго ўдарылі ледасекам.
Як інфармуе Радыё Свабода, абвінавачаны Буланаў пытаецца: апішыце прыстасаванне, якім вас ударылі, пра якое вы сказалі, што гэта быў ледасек.
Лушчык: Гэта такое прыстасаванне на пруце для колкі лёду на ходніку.
Буланаў: Гэта, відаць, скрабок, а не ледасек?
Лушчык: Так, такі скрабок.
12.25. Пацярпелы спецназавец Віталь Піліпейка кажа, што на ганку Дома ўраду было каля 80-90 чалавек, якія білі шкло. Яму запомніліся лозунгі: "Бі ментоў" і "Наперад". Таксама ён адзначыў, што перад ім тады была група мужчын у кажухах 35-40 гадоў, якія крычалі: "Бі ментоў!" і праводзілі пальцам па горле.
Піліпейка кажа, што ён бачыў, як адзін мітынговец кінуў у міліцыянтаў кавалак арматуры. Сам ён звяртаўся па дапамогу да медыкаў, быў у шпіталі МУС.
Спецназавец кажа, што мітынгоўцы прарываліся ў Дом ураду. Адвакат пытаецца: Вы некага з Дома ўраду выцягвалі? Піліпейка: Не.
11.20. Дапытаны пацярпелы камандзір аддзялення амапаўцаў Скараход. Кажа, што 19 снежня каля Дома ўраду мітынгоўцы паспрабавалі прарваць ланцуг спецназу, ён упаў, невядомыя сарвалі з яго каску. Пасля 4 дні Скараход быў у шпіталі. Пракурор спытаўся, ці бачыў ён, хто біў шкло на ўваходзе ў Дом ураду?
Скараход: "Так, павярнуўся на 2 секунды і бачыў, як білі палкамі па вокнах. Нікога з абвінавачаных там не бачыў. Там былі мужчыны 25-30 гадоў, некаторыя у зімовых шапках, шчыльна апранутыя, было ўражанне, што рыхтаваліся".
10.40. На суд прыйшлі 8 пацярпелых. Першым дапытваюць пацярпелага 19 снежня 2010 года спецназаўца Дзмітрыя Булавацкага. Ён распавядае, як мітынгоўцы пачалі кідаць у іх бутэлькі, лёд, ставіць падножкі, вырываць з шэрагаў, калі яны выстраіліся каля ўваходу ў Дом ураду, інфармуе svaboda.org.
10.12. Адвакат Дзмітрыя Уса заявіў
хадайніцтва пра тое, што ў экс-кандыдата ў прэзідэнты забралі падчас следства пашпарт.
Адвакат просіць суд умяшацца і вярнуць пашпарт. Ус
патлумачыў, што не можа без пашпарта атрымаць дапамогу на сына. Суд
вырашыў не задавальняць хадайніцтва, пакінуць пашпарт у справе, а Усу
даць даведку, каб мог атрымаць грошы, паведамляе Радыё Свабода.
12 траўня
17.45 У судзе абвешчаны перапынак да 10.00 13 траўня.
16.22. Суддзя хацела пачаць прагляд відэаматэрыялаў, перадае Радыё "Свабода". Аднак відэапаратура занятая на іншых працэсах. Таму вырашылі перайсці да вывучэння матэрыялаў справы.
14.59. Статкевіч адкавае на пытанні пракурора, інфармуе Радыё "Свабода".
Статкевіч распавёў пра знаёмства з Усам, якое адбылося яшчэ у 1996 годзе: іх пазнаёміў Георгі Таразевіч. Праводзіць сустрэчы з выбарцамі вырашылі разам, бо так зручней. Было недзе 15 такіх сустрэчаў.
Статкевіч: На сустрэчах я заклікаў людзей прыйсьці на плошчу 19 снежня.
Абінаваўца: А як Вус да гэтага ставіўся?
Статкевіч: Скептычна. Мы абодва разумелі, што адбываецца на выбарах, хацелі змяніць сітуацыю. Але ён скептычна ставіўся да таго, што можна праз плошчу нечага дамагчыся. Ён прапановаў сабраць 50 тысяч подпісаў за змены ў Выбарчым кодэксе. А я да гэтага ставіўся скептычна, бо ведаў, што ўлада гэтага не дазволіць.
Нагадаў, што была забароненая ягоная партыя Сацыял-дэмакратычная партыя "Народная грамада", яны зноў і зноў спрабуюць яе зарэгістраваць, але марна. Паўтарыў зноў, што выбары ў Беларусі былі сфальшаваныя. Ён не сустракаў людзей, якія б верылі ў тое, што Лукашэнка набраў 80% галосоў.
Абвінаваўца: А як мусілі разьвівацца падзеі 19 снежня?
Статкевіч: Думаў, збярэмся. Калі будзе шмат, улада б пайшла на перамовы. Прабачце, перад афрыканцамі сорамна. Сам бачыў па телевізары. як там лічаць галасы, а ў нас усіх назіральнікаў адганяюць. Мы мусілі паказаць, што гэтак далей нельга. Сам факт прысутнасці людзей на плошчы гэта б паказаў. Дзень, другі і далей. Магчыма, улада б сама дазволіла палічыць галасы сумленна, як гэта робіцца у той жа Украіне, Расіі.
14.20 Статкевіч нагадаў, што спачатку на следстве адмовіўся даваць паказанні, бо не хацеў "упрыгожваць елку", якую самі спецслужбы і прыдумалі. Але потым азнаёміўся з матэрыяламі справы і ўбачыў у ёй 2 пратаколы агляду месца здарэння. У першым аглядальнік знайшоў адзін прадмет - пустую бутэльку. Але ў другім пратаколе за 24 хвіліны было знойдзена некалькі дзясяткаў мэталічных рэчаў, бутэлек з гаручай вадкасцю і гэтак далей. "Мяркую, адбылося відавочнае фальшаванне рэчавых доказаў", - перадае Радыё "Свабода" словы Статкевіча.
Згадаў пра галадоўку ў СІЗА КДБ, бо пачаўся "шабаш арыштаў, а сустрэцца з адвакатам не дазволілі".
"Да мяне прыйшоў начальнік ізалятару і сказаў, што паказалі фільм пра вас, што вы заказалі прадпрымальніку Пінчуку 2 тыс. штыроў для вас. Вось ваша размова з ім. Гэта была цалкам хлусня. Дарэчы, у матэрыялах справы гэтага і не з'явілася. Мяркую, аднак, што такі заказ быў сапрады з мэтай правакацыі, каб нас пасадзіць. Кажуць, што Пінчук казаў, што я яму нейкія грошы заплаціў. хай хоць грошы верне".(Пасьміхнуўся.)
14.15 Разам з кандыдатамі Статкевіч рушыў да Дому ўраду. Справа ад іх раздаліся моцныя удары. Прайсці да месца здарэння Статкевіч не мог з-за журналістаў. Адсунуць іх было немагчыма, бо ў яго была пашкоджананяя рука і нага. Ён адышоў. Потым з'явіліся амапаўцы і сталі ланцугом насупраць Дому ўраду. А другая калона спецназу прайшла з тылу і адрэзала людзей, што былі перад Домам ураду. Потым спецназ сышоў. Гэта яго здзівіла, бо можна было пакінуць амапаўцаў перад Домам ураду, каб прадухіліць біццё шыбаў. Мэта гэтага адступлення была ў тым, каб завабіць кандыдатаў зноў пайсці ў Дом ураду.
"Я падыйшоў зноў да дзвярэй з пытаннем, дзе і хто тут хоча перамоваў, але нікога там не было. Тады і пачаўся разгон. Я спрабаваў спыніць, дамовіцца, каб людзей не білі. Потым пачаўся сыход з плошчы, я аказаўся каля гарвыканкаму, а потом быў затрыманы".
14.10 Статкевіч здзіўлены, што не было ніводнага міліцыянта каля Дому ўраду. Ён згадаў, як падчас сустрэчы з выбарцамі за месяц да таго ён адносіў петыцыю ў Цэнтрвыбаркам і там былі міліцыянты. А тут нікога. Ён ужо прадчуваў правакацыю. Потым быў мітынг і ён падтрымаў прапанову аб перамовах з прадстаўнікамі ўлады і прасілі людзей гэта падтрымаць, перадае Радыё "Свабода".
14.06 Працэс аднавіўся. Статкевіч сумняецца ў заяўленай у справе колькасці мітынгоўцаў у некалькі тысяч. Паводле Стакевіча, было болей за 20 тысяч і размясьціць іх на ходніках было немагчыма.
13.05. Абвешчаны перапынак да 14-й гадзіны.
12.40. Пачаў даваць паказанні Мікола Статкевіч.
Радыё Свабода цытуе словы Статкевіча: "Я наўпрост зьвяртаўся да Лукашэнкі праз БТ і прапаноўваў разам палічыць бюлетэні. Але ў адказ было маўчанне. Зразумеўшы, што гэта не дапамагае, я вырашыў ужыць сродак еўрапейскі — ціск на ўлады праз мірныя акцыі. Прыклад апошні — майдан ва Ўкраіне. Не захоп улады, а ціск".
12.20. Дзмітрыя Уса пачалі дапытваць адвакаты.
11.50. Ус: "Не думайце, што я нейкая марыянетка. Я сам пайшоў, каб выказаць свой пратэст. Наконт масавых беспарадкаў, у чым мяне абвінавачваюць, я ў шоку. З тэлефоннай размовы з сынам рабіць такую выснову, што я здейсніў масавыя беспарадкі?! Хачу падаць хадайніцтва, каб высветлілі, на якой падставе мяне праслухоўвалі, а то, можа, праз якіх два гады будзе сядзець".
"Хто будзе сядзець?! Вы каго маеце на ўвазе?!", — спытала суддзя.
"Следчы", — адказаў Ус. "А-а, ну тады дзякуй", — сказала суддзя, паведамляе сайт nv-online.info.
11.00. Ус: “У мяне была галоўная задача — давесці да грамадства пра неабходнасць зменаў. Я адзін прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу каля 8 вечара. Выступіў аб тым, што нам патрэбны дэмакратычныя выбары.
Выказаў сваю думку. Прайшоў да плошчы Незалежнасці і сышоў. У 2 гадзіны ночы прыехалі супрацоўнікі КДБ, арыштоўваюць, садзяць у КДБ. Там са мной размаўляў намеснік Зайцава: "Дай паказанні супраць Статкевіча". Я сказаў, што нічога казаць не буду. "Тады развітвайся са сваім бізнэсам і г.д."
10.55. "Народная воля" падае словы Уса: "Я вам распавядаю пра матыў. Цяпер такая ж сітуацыя. Выбары прайшлі, падліку галасоў не паказалі. Выбарцы самі сабралі 6 000 подпісаў, каб пералічылі бюлетэні. Лукашэнка не адказаў і накіраваў у ЦВК. У пратаколах было напісана 2000, а насамрэч было 6 000".
Пракурор спыняе Уса, але той працягвае прамову.
Суддзя спытала ў Дзмітрыя Уса, чаму ён прыйшоў на Плошчу. Ус пачаў здалёк — з падзеяў 1999 года. Суддзя папрасіла, каб ён гаварыў бліжэй да сутнасці пытання.
10.50. Пачаўся допыт экс-кандыдата ў прэзідэнты Дзмітрыя Уса.
10.40. Суддзя запытала ў Класкоўскага, на што ён разлічваў, калі апранаў міліцэйскую форму?
Класкоўскі: "Міліцэйскі кіцель пад куртку апрануў "імпульсіўна". Мяркую, мае паводзіны не правакавалі мітынгоўцаў, да іх я не звяртаўся. Магчыма, некалькі дзясяткаў чалавек адчулі эмацыйны пад'ём, калі ўбачылі мяне ў форме, але на ўсю сітуацыю гэта не паўплывала. Мэты каардынаваць дзеянні мітынгоўцаў у мяне не было".
10.17. Суд працягвае допыт Класкоўскага, які не быў скончаны ўчора.
10.07. Сёння журналісты не атрымалі дазволу рабіць фотаздымкі і здымаць на відэа, інфармуе "Народная воля".
11 траўня
17:00 Абвешчаны перапынак да 10 гадзінаў 12 траўня.
16.06 Пачалі дапытваць Аляксандра Класкоўскага. Класкоўскі кажа, што міліцэйскую форму апрануў, каб не затрымалі. Прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу, адтуль пайшоў на пл. Незалежнасці. Яго двойчы да крыві ўдарылі па галаве міліцыянты. Лічыць нематываванымі такія дзеянні. Калі апынуўся каля ганку, там была самая актыўная частка, кажа Класкоўскі. Людзей справакавалі на агрэсію, і ён ударыў разам з імі пару разоў па шчытах, пераказвае Радыё "Свабода" выступ Класкоўскага.
15.42 Пачалі дапытваць Андрэя Пазняка. Ён прыехаў 19 снежня з Жодзіна ў Мінск, каб набыць калядныя падарункі сваякам. Наведаў унівэрсам "Рыга", потым паехаў у цэнтр "Сталіца". Чакаў ад сябра званку, выйшаў на вуліцу і ўбачыў масу людзей. Гэтак ён апынуся на мітынгу на плошчы Незалежнасці: "Там былі культурныя, пазітыўныя людзі, з сем’ямі, сцягамі. Але я не звяртаў увагі на тое, якія сцягі і якія лозунгі".
Пазняк не прызнае, што нешта біў. Кажа: калі б ведаў, не пайшоў бы на Плошчу.
15:35 Даў паказанні Дзмітры Буланаў. Сказаў, што ў палітычных партыях і рухах ён не быў. Пра мітынг даведаўся з выступаў кандыдатаў па БТ. Памятае, што казалі пра мірны мітынг. Ён прыйшоў, каб пачуць меркаванне пра выбары. Паводле Канстытуцыі, грамадзяне маюць права на мітынг, да таго ж спадзяваўся, што міліцыянты забяспечаць парадак.
На плошчы Незалежнасці каля помніка Леніну на трыбуне ўбачыў Саннікава, Кастусёва ды іншых. Людзі вакол паводзілі сябе мірна. Потым пачуў гук бітага шкла, падыйшоў і пад уплывам натоўпу двойчы штурхануў нагой разбітыя дзверы. Ніякіх стратаў пры гэтым установе не нанёс і не меў намеру пранікнуць у Дом ураду, інфармуе Радыё "Свабода".
Калі з'явіліся каля 50 супрацоўнікаў АМАПу, ён быў у 20 метрах ад Дому ўраду. Ніхто з міліцыянтаў не спрабаваў затрымаць тых, хто біў шкло. "У справе няма доказаў маёй віны, я ніякіх стратаў не нанёс, гвалту ні над кім не рабіў. Мне мусяць вынесці справядлівы прысуд, які мусіць быць толькі апраўдальным", — сказаў Буланаў. Ён адбыў пад адміністрацыйным арыштам 10 сутак.
14.16 Пасля абеду аднавіўся працэс. Прыйшло шмат сваякоў падсудных: жонка Статкевіча Марына Адамовіч, маці, жонка і сястра Класкоўскага, жонка і цётка Буланава, сваякі Уса ды іншых абвінавачаных.
Пачаў даваць паказанні Арцём Грыбкоў, інфармуе Радыё "Свабода". Грыбкоў кажа, што прыйшоў на плошчу з цікаўнасці, пра мітынг чуў па БТ ад розных кандыдатаў, якія заклікалі прыйсці на мітынг.
Людзі крычалі "Жыве Беларусь!", " Верым, можам, пераможам!", "Сыходзь!". Потым пачуў, як б'юць шкло і стаў падыходзіць бліжэй да Дому ураду, каб паглядзець, што там адбываецца. Падыйшоў, убачыў, як некалькі чалавек білі шкло.
“Я далучыўся, хаця шкло не біў. Потым нанёс некалькі удараў па шчытах, якімі былі закрытыя ўваходы. Убачыў супрацоўнікаў міліцыі ўнутры будынку, у мяне адрадзіліся былыя крыўды, плюс мяне справакаваў натоўп — усё разам справакавала нанесьці нагамі каля 15 удараў”.
13.40. Экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус у жывым эфіры Еўрарадыё выказаў меркаванне, што суд зацягваецца, каб у прэсы зменшыць цікаўнасць да працэсу. Ус кажа, што яго дапытаюць "у лепшым выпадку праз 2-3 дні". Ён лічыць, што "абвінавачванне супраць яго сфабрыкаванае".
13.00. У судзе абвешчаны перапынак да 14.00.
12.07. У бабулі, якая размаўляе па-беларуску, зазвінеў мабільны тэлефон. Суддзя папрасіла яе пакінуць залу. Бабуля пачала гаварыць пра надуманасць абвінавачанняў. Ёй запляскала зала. Суддзя сказала выйсці людзям з двух шэрагаў, але пасля спынілася толькі на папярэджанні, паведамляе "Наша ніва".
11.50. Пачаўся допыт Аляксандра Квяткевіча.
11.35. У абвіначаных пытаюцца, ці прызнаюць яны віну?
Статкевіч кажа што масавых беспарадкаў не было і не прызнае сябе вінаватым.
Ус таксама не прызнае і кажа пра фальшаванне выбараў. Класкоўскі — не прызнае сябе вінаватым цалкам. Квяткевіч – прызнае часткова.
Пазьняк – не прызнае, Грыбкоў – часткова (што наносіў удары па агароджы), Буланаў — не прызнае цалкам, паведамляе Радыё Свабода.
11.15. Статкевіч і Ус абвінавачваюцца ў тым, што ўзначалілі "бесчинствующую толпу", іх шэсце па праспекце, што прынесла страты шэрагу прадпрыемстваў. Пракурор зачытвае траўмы, нанесеныя спецназаўцам. Прысутнічае нават пабітая ягадзіца намесніка камандзіра роты спецназа міліцыі Сяргея Лушчыка, што на працэсе над Вінаградавым не было даказана.
Як піша "Наша ніва", Класкоўскаму закідаюць, што ён незаконна прысвоіў сабе званне і дзяржпасаду, з'явіўшыся на Плошчы ў форме лейтэнанта міліцыі. Пракурор кажа, што ў 2005 годзе Аляксандр "здзяйсняў дзеянні, якія не сумяшчальныя са званнем міліцыянера". Класкоўскі абвінавачваецца ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках.
Андрэй Пазьняк, Дзмітрый Буланаў, Арцём Грыбкоў абвінавачваецца ва ўдзеле у масавых беспарадках.
Квяткевіча вінвацяць у тым, што ён, раней судзімы да 3 гадоў зняволеньня і амніставаны у 2010 годзе, не стаў на шлях выпраўлення і зноў учыніў злачынства — удзельнічаў у масавых беспарадках паводле надуманай падставы — фальшаванне выбараў, інфармуе Радыё Свабода.
10.55. Працэс пачаўся пры адсутнасці некаторых сведкаў, якіх будуць яшчэ выклікаць на іншыя дні. Пракурор зачытвае абвінавачванні падсудным, інфармуе nn.by.
10.50. Як паведаміў у жывым эфіры Еўрарадыё наш карэспандэнт Андрэй Елісееў, перад будынкам суда адбылася акцыя, былі затрыманыя два чалавекі — Валянцін Воўчак і Леанід Пупейка. Яны трымалі расцяжку "Спыніце суд над Статкевічам і Усам!".
10.45. Як паведамляе "Наша ніва", Дзмітрый Ус — адзіны з падсудных, хто не знаходзіцца за кратамі, а сядзіць на першай лаве.
У Ленінскім судзе сталіцы пачаўся працэс над экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Міколам Статкевічам і Дзмітрыем Усам, якіх абвінавачваюць у "арганізацыі масавых беспарадкаў", а таксама Андрэем Пазняком, Аляксандрам Класкоўскім, Аляксандрам Квяткевічам, Арцёмам Грыбковым, Дзмітрыем Буланавым.
Фота — Еўрарадыё і bymedia.net