Стваральнік “пракаповіча”: Дзяржаве выгадны наш сайт

Са стваральнікам першага віртуальнага абменніка карэспандэнт Еўрарадыё спрабаваў пагаварыць тры дні. На працы праграміст “пракаповіча” гаварыць не мог, таму давялося звязацца толькі ўвечары трэцяга дня на ўмовах ананімнасці, праз скайп, які мы ужо, вядома, выдалілі.


Хлопец (а мы падазравалі, што “пракаповічам” можа быць дзяўчына) працуе праграмістам. Сайтам займаецца у вольны ад працы час. Над парталам працуюць яшчэ два чалавекі: хлопец і дзяўчына. Нам стваральнік папулярнага партала назваўся Пятром.


“Унікальных наведвальнікаў максімум было 50 тысяч. А наведванняў агулам блізу 100 тысяч”, - кажа Пётр пра найбольшую колькасць карыстальнікаў. Найбольшая колькасць заходзіць на сайт з 8 да 9 гадзін ранку. Здараецца, у гэты час сайт праглядаюць да 7 тысяч чалавек. Прыцэньваюцца.


Доступ да “пракаповіча” цяпер абмяжоўвае пракуратура. У адказ віртуальны “пракаповіч” гаворыць, што для дзяржавы нават выгадна трымаць такую пляцоўку.


“Я думаю Пракуратуру гэта і не хвалюе, бо не ўсе рашэнні Пракуратуры прымаюцца менавіта там. Ад таго становішча, якое ёсць зараз, не выйграе ніхто. Для дзяржавы нават выгадна было б трымаць такую пляцоўку, каб выпусціць пару.Няхай бы нават гэта была не наша пляцоўка. Чаму не даць нам магчымасць працаваць спакойна, легальна, я не ведаю”.


Праца займае шмат часу, таму сайтам Пётр займаецца пасля працы і ў вольны час. Час ад часу дапамагаюць валантэры.


“Я праграміст. Мая праца не зусім звязаная са стварэннем такіх сайтаў. Я займаўся такім раней на аматарскім узроўні. Сайт вельмі просты, ён быў зроблены за два дні. У нас няма офісу, у нас няма заробку. Мы робім гэта пакуль так, як атрымліваецца”.


Дарэчы, сам Пётр клянецца, што ніводнага разу яшчэ не мяняў грошы праз свой сайт. Затое ён далучыўся да скупкі солі і цукру ў крамах.


Аднойчы прыйшоў дадому, зразумеў, што цукар і соль адначасова скончыліся. Набыў па кілаграме таго і таго”.


Калі курс валюты ўсталюецца, у гэтым партале не будзе патрэбы, упэўнены Пётр. Але ці не шкада закрываць такі “раскручаны” сайт?


“Я думаю, што вялікай папулярнасцю ён карыстацца не будзе, таму я яго проста зачыню, а дамен падарую Някляеву, бо гэта другі і апошні Пракопавіч якога я ведаю”.


А вось змяніць на пасадзе кіраўніка Нацбанка стваральнік “пракаповіча” не хацеў бы, бо…
“Мне падаецца, у кіраўніцтве непрафесіяналаў і так хапае”.


А праблемы з валютай, на думку Пятра, скончацца праз пару месяцаў.


“Прэзідэнт абяцаў, што пройдзе пару месяцаў і мы забудзем пра праблемы з валютай. Да таго ўсё і ідзе – будуць іншыя праблемы. Калі зусім не будзе валюты, не будзе праблемы яе абмяняць”.


На прэзідэнцкія выбары Пётр не хадзіў, бо “не бачыў у гэтым сэнсу”. Палітыкай займацца не збіраецца. Дарэчы, пасля падаражання долара ў афіцыйных абменніках наведвальнасць “пракаповіча” толькі вырасла.

Фота: Liveinternet.ru