Студэнты ЕГУ збіраюць грошы і рэчы, каб дапамагчы затрыманым 3 ліпеня

Студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта вырашылі дапамагчы асуджаным пасля акцый “маўклівага пратэсту” 3 ліпеня. Пра дэталі гэтага праекта Еўрарадыё распавёў старшыня студэнцкай асацыяцыі ЕГУ Кірыл Атаманчык.

Кірыл Атаманчык: “Ініцыятыва палягае ў тым, каб дапамагчы тым, хто патрапіў на суткі і быў аштрафаваны ў выніку апошніх падзеяў у Беларусі. Я маю на ўвазе ўжо акцыю “маўклівых” пратэстаў, якая ўжо стала знакамітай”.

Еўрарадыё: Якім чынам вы плануеце дапамагчы гэтым людзям?

Кірыл Атаманчык: “У нас, па-першае, ужо ёсць вялікі досвед у тым, каб збіраць сродкі ці выступаць з адпаведнымі заявамі, або нават праводзіць акцыі ў падтрымку. Мы  выбралі варыянт матэрыяльнай дапамогі і за бліжэйшыя дні, да выходных, мы будзем збіраць сродкі на аплату штрафаў”.

Еўрарадыё: Ці адгукнуліся ўжо студэнты? Можа, нават выкладчыкі ці асобы, якія не маюць дачынення да ЕГУ, але таксама хочуць спрычыніцца да гэтай акцыі?

Кірыл Атаманчык: “Мы пачалі ўжо сёння зранку. Інфармацыя была распаўсюджана ўчора позна вечарам. І на дадзены момант [5 ліпеня 2011 г., 12:30. – Заўв. Еўрарадыё] ужо ў нас сабрана больш за 300 тысяч беларускіх рублёў”.

Еўрарадыё: Якім чынам вы будзеце гэтую дапамогу перадаваць?

Кірыл Атаманчык: “Тут два варыянты. Па-першае, гэта адрасная дапамога для тых, хто звернецца. А, па-другое, хутчэй за ўсе, досыць вялікая частка гэтых фінансавых сродкаў будзе перададзеная праваабаронцам, у адпаведныя камітэты, якія займаюцца дапамогай па аплаце штрафу непасрэдна ў Беларусі”.