Студэнтаў палохаюць за ўдзел у “маўклівых акцыях”
Пакуль іх змушаюць пісаць тлумачэнні, чаму былі на вуліцы падчас акцыі.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў Максім Хлябец. Ён закончыў чацвёрты курс гістфака Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна. Цяпер хлопец на педагагічнай практыцы. 29 чэрвеня яго затрымалі, сёння яго справа разглядаюць у судзе.
Максім Хлябец: "Я ведаю, што папера рэктару пайшла. Дэкан факультэта адклікала старасту з практыкі: маўляў, заўтра а восьмай раніцы каб быў у мяне. А вось Арцём і другі хлопец… Арцёма выклікалі ў дэканат тэхнічнага ўніверсітэта. Маўляў, трэба напісаць тлумачэнне: што ты там рабіў, чаму ты туды ішоў. З універам, сказалі, праблем не будзе на першы раз".
Дарэчы, раней Максіма Хлябца пазбавілі інтэрната з-за пытання, якое ён задаў кіраўніку аблвыканкама Канстанціну Сумару на сустрэчы са студэнтамі. А спытаўся хлопец, чаму ў інтэрнаце ўзімку выпадаюць вокны і не адрамантаваныя прыбіральні.