"Справа Бяляцкага аслабіла пазіцыі Грыбаўскайтэ ў беларускім пытанні"
Палітолагі і журналісты разважаюць пра ўдар па міжнародным іміджы Літвы.
"Безумоўна, скандал з Бяляцкім паўплывае на адмоўны імідж Літвы ў цэлым, і ў асаблівасці яе прэзідэнта", — адзначае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.
Цяпер больш лагодная пазіцыя Далі Грыбаўскайтэ ў дачыненні да Беларусі яшчэ больш саступіць больш жорсткай пазіцыі польскага замежнага міністра Радаслава Сікорскага.
Пазіцыі літоўскага прэзідэнта пры абмеркаванні беларускіх пытанняў на еўрапейскім узроўні цяпер аслабнуць, прагназуе эксперт.
Журналіст DELFI Рамунас Багдонас лічыць, што праз памылку Мінюста Літва саступіць свае пазіцыі дарадцы Бруселя на ўсходнім фронце:
"Да гэтага часу мы былі кшталту заходняга фарпоста ў адносінах з Беларуссю. Падобна, што гэты іспыт мы правалілі, і цяпер усю ініцыятыву можа ўзяць Польшча ды стаць сапраўдным лідарам ва Усходнім Партнёрстве, і яшчэ болей узмацніць сваю пазіцыю як сапраўды сталай еўрапейскай краіны".
Дадамо, што ў канцы верасня ў Польшчы пройдзе Другі Саміт Усходняга Партнёрства. У гэтым паўгоддзі Варшава старшынюе ў Савеце Міністраў ЕС. Таму час для ўзмацнення Варшавай сваіх пазіцый, як спецыяліста па беларускіх справах у Еўрасаюзе, як ніколі спрыяе.
Газета Lietuvos Rytas нагадвае і пра больш хісткія пазіцыі Вільні ў НАТА, і пра ўдар па прэстыжы банкаўскай сістэмы краіны.
"Жахлівая здрада нанесла ўдар не толькі па прэстыжы Літвы як саюзніцы НАТА, але і па ўсёй банкаўскай сістэме краіны. Таму вінаватыя не толькі калабаранты Лукашэнкі з Міністэрства юстыцыі, але і банкіры. Што перашкаджала банкам SEB і DnB Nord паведаміць у СМІ пра тое, што службовыя асобы прымушаюць іх выдаваць абароненую законам банкаўскую таямніцу?"? — піша выданне.
Калі б замежныя банкі, прынамсі, баранілі свае прыватныя інтарэсы, то Бяляцкі б зараз быў на волі, а Літва не запэцкалася б у брудзе, дадае літоўскі журналіст.
Цяпер, каб неяк апраўдаць сваю памылку, Літва можа пайсці на публікацыю банкаўскіх рахункаў беларускіх чыноўнікаў, а такія ёсць, упэўнены Раман Якаўлеўскі.
Верагодна, з гэтым магчымым крокам Літвы звязана таямнічая камандзіроўка ў Вільню намесніцы міністра юстыцыі Алы Бадак. Пра дэталі паездкі не паведамляюць ні ў беларускім, ні літоўскім Мінюсце.
Фота: newspeak.by