Сёння ў Мінску будуць судзіць маладафронтаўцаў, за "туалетную паперу"
Міхаіла Мускага і Дзмітрыя Крамянецкага затрымалі 7 сакавіка і ўтрымліваюць у ізалятары на Акрэсціна.
На іх склалі адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у акцыі каля Міністэрства замежных спраў, якая адбылася 29 лютага. Тады невядомыя маладыя людзі кінулі да будынку міністэрства скруткі туалетнай паперы на знак пратэсту супраць патрабавання беларускіх уладаў да амбасадара Польшчы і кіраўніцы прадстаўніцтва ЕС з'ехаць з краіны для кансультацый, паведамляе Радыё Свабода.
Верагодна разам з імі будуць судзіць маладафронтаўцаў Рамана Васільева і Уладзіміра Яроменка, якія таксама былі затрыманыя 7 сакавіка ў Мінску. Таксама хлопцы мусяць адседзець па трое сутак паводле віцебскіх прысудаў. Маладафронтаўцы ехалі на суд да Сяргея Каваленкі, але былі затрыманыя па дарозе. Іх звінавацілі ў дробным хуліганстве, але суд прайшоў без прысутнасці абвінавачаных.