Сёння адбудзецца папярэдняе паседжанне па пазове Партыі БНФ адносна арэнды

Папярэдняе паседжанне па пазове Партыі БНФ адносна адмовы ў арэндзе цэнтральнага офіса адбудзецца ў гаспадарчым судзе Мінска 19 красавіка, паведаміў БелаПАН адказны сакратар партыі Ўладзімір Лабковіч.

"Вядома, наўрад ці даводзіцца разлічваць, што суд адразу ўстане на наш бок, — заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. — Тут шмат што будзе залежаць ад салідарнасці. Шанцы, што офіс застанецца за партыяй, невялікія, але яны ёсць, і нам трэба іх выкарыстоўваць".

Нагадаем, 31 сакавіка завяршыўся тэрмін арэнды памяшкання па праспекце Машэрава, 8, у якім з 1993 года знаходзіцца цэнтральны офіс партыі. ЖРЭА Савецкага раёна Мінска падаўжаць дамову адмаўляецца. Партыя спрабуе аспрэчыць рашэнне камунальнікаў у судзе. Актывісты партыі арганізавалі кругласутачнае дзяжурства ў офісе.