Рубінаў: Суверэнітэт – гэта калі ўсе сытыя, абутыя і маюць працу

rubin.mp3

Еўрарадыё: Вашы словы пра неабходнасць увядзення расійскага рубля ў Беларусі, выказаныя вамі ў СМІ, -- гэта ваша прыватнае меркаванне?


Анатоль Рубінаў: Гэта маё асабістае меркаванне і ўпэўненасць! Я так гэта бачу. Можа, нехта гэта бачыць інакш – кожны разважае і ацэньвае сітуацыю. Але рашэнне будзе прымаць урад і ў першую чаргу, прэзідэнт – ён будзе бачыць: калі гэта трэба, калі не трэба. Што гэта сёння дасць, што – не дасць. У мяне ж ёсць свая сістэма каштоўнасцяў, я ацэньваю, што адбываецца ў свеце і ў нас – выказаў, што думаю на гэты конт сёння. Але тое, што над гэтым пытаннем сёння трэба інтэнсіўна думаць – гэта мае месца. У нас ідуць інтэграцыйныя працэсы, мы ад іх ніколі не адмаўляліся, яны набіраюць абароты. Я ўпэўнены, што трэба мацаваць нашу Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі. А якая можа быць Саюзная дзяржава, Адзіная эканамічная прастора, Мытны саюз, калі ў нас розныя валюты? Гэта прыводзіць да вялікіх складанасцяў. І прэзідэнт казаў, што неабходна, каб з часам у ЕўрАзЭС была ўведзеная адзіная валюта – гэта значна спросціць нашы эканамічныя ўзаемаадносіны. Маё меркаванне, што можна спачатку гэта зрабіць у межах нашай Саюзнай дзяржавы, увесці расійскі рубель – не будзем жа мы нейкую новую валюту прыдумляць! Але ж я не кажу, што трэба рабіць толькі так, а не інакш!


Еўрарадыё: Усё ускладняецца тым, што гэта гаворыць не Анатоль Рубінаў з вуліцы, а старшыня Савета Рэспублікі...


Анатоль Рубінаў: Ну, так і пытанне дзяржаўнае абмяркоўваецца! Чалавек з вуліцы, можа, і не абмяркоўвае дзяржаўныя пытанні. А я, зразумела, уключаны ва ўсе працэсы палітычныя. І маю права іх абмяркоўваць. Чаму не мае права выказваць свой пункт гледжання старшыня Савета Рэспублікі?! Але ж такім чынам мы абмяркоўваем: “Як нам далей рухацца?” Мы ж ідзём у накірунку інтэграцыі! І гэтыя развагі – цалкам да месца!


Еўрарадыё: Але ж адразу ўзнікаюць думкі: “Калі такое кажа старшыня Савета Рэспублікі”...


Анатоль Рубінаў: Давайце не будзем спекуляваць на гэту тэму! Вы ўсё хочаце мяне павярнуць да таго, што, калі гэта кажа старшыня, то гэта ўжо чыёсьці рашэнне! Я ўжо сказаў, што гэта мой асабісты пункт гледжання, на які я маю права. Але ён не з неба бярэцца – гэта было сказана прэзідэнтам ў частцы, што трэба думаць пра адзіную валюту ў ЕўрАзЭС. Але мы павінны па прыступках рухацца і адным з варыянтаў можа быць той, пра які я кажу, і яго можна абмяркоўваць. У маіх словах няма нічога новага – гэта пытанне ставілася на павестку дня. Яшчэ пры Кебічы быў запланаваны пераход на адзіную валюту. Потым адступілі – узніклі складанасці, узніклі непаразуменні. У нас былі нават тэрміны, здаецца – у 2003 годзе будзе ажыццяўляцца пераход на адзіную валюту. Потым узніклі складанасці, мы іх пераадольваем і зараз мы зноў можам ставіць гэта пытанне.


Еўрарадыё: Шмат хто з экспертаў сцвярджае, што ўвядзення ў нас расійскага рубля вядзе да страты незалежнасці Беларусі?


Анатоль Рубінаў: Дзіўная справа, але ж ніхто не ставіць такім чынам пытанне ў адносінах да краін, якія ўвайшлі ў Еўрасаюз! Ніхто не крычыць: “Яны ж страчваюць суверэнітэт”! А вось калі ў нас ствараецца нейкае аб’яднанне эканамічнае, якое цягне за сабой прыняцце агульных правілаў, абавязковых для ўсіх, і якія абмяжоўваюць ступень свабоды ўсіх удзельнікаў, то адразу!.. Пра што тут ўвогуле можна казаць – у нас ужо існуе Саюзная дзяржава! А мы пачынаем казаць: “Ці не страчваем мы?” У нас тое, што і ў Еўрасаюзе: калі казаць пра інтэграцыю, то пераход на адзіную валюту непазбежны. Пытанне толькі ў тэмпах, ці для ўсіх, калі, якую – дэталях механізма.  А пытанне: “Калі мы на гэта пойдзем, то страцім суверэнітэт” – зусім іншае. Вось, калі б мы пайшлі ў еўразону, прынялі еўра, то ніхто б не казаў, з тых, хто гэта сёння кажа, што мы губляем суверэнітэт. А калі аб’ядноўваемся з Расіяй – то страчваем.


Гэта ж палітыка! Я тут чытаю: “Масква радуецца, што мы пасварыліся з Захадам, бо гэта аддаляе нас ад цывілізацыі і кідае ў абдымкі Масквы”. А Масква – гэта не цывілізацыя?! Дзіўнасці зроку: там уся цывілізацыя, а тут – дзікунства і безкультур’е. У нас такая багатая гісторыя, а мы такімі словамі плюём на сябе! Таму – якая страта суверэнітэту?! Якая страта – ідзе працэс інтэграцыі. На постсавецкай прасторы свае інтэграцыйныя працэсы. Штосьці нам падабаецца, штосьці – не. Але есці хочацца штодня. І трэба забяспечваць эканоміку, жыццё забяспечваць – гэта галоўнае. Трэба з гэта пункту гледжання глядзець, а не што “мы страчваем”.


Суверэнітэт – гэта калі ўсе сытыя, абутыя, усе маюць адукацыю, працу, добры ўзровень жыцця. Вось тады – суверэнітэт. А не тады, калі ёсць магчымасць нешта казаць у сродках масавай інфармацыі, а ў людзей беспрацоўе, кошты высокія. У нас павінен узнімацца ўзровень жыцця, эканомікі, тэхналогій. Разам з гэтым будзе ўздымацца і ўзровень культуры ды незалежнасці. Што такое ўзровень незалежнасці? Гэта калі чалавек захацеў, пайшоў, набыў квіток і паехаў на Канары. Зараз гэта могуць зрабіць не ўсе – грошай мала, у эканоміцы пытанні. Але мы да гэтага імкнёмся! Вось, дзе незалежнасць – калі чалавек можа выбраць месца працы, дзе атрымліваць адукацыю, дзе адпачываць. Гэта наш галоўны суверэнітэт!


І не трэба пра высокія матэрыі. Згубіць суверэнітэт можна ў тым выпадку, калі дзяржава не здолее заняць канкурэнтаздольнае месца ў сённяшнім свеце. Які суверэнітэт, калі ва ўсіх давядзецца прасіць?! Вазьміце жабрака – ён цалкам суверэнны, у яго няма начальніка, ніхто ім не камандуе. Але ў яго нічога і няма! Вось і ўвесь яго суверэнітэт.


Еўрарадыё: То можа нам тады і Нацбанк Беларусі непатрэбны будзе?


Анатоль Рубінаў: Паглядзіце на Еўрасаюз! У нас узнікла галавакружэнне ад поспехаў – мы, Беларусь, цэнтр свету, у нас тут усё лепш, чым ва ўсіх. Ды ну! Мы ж павінны спалучацца з астатнімі. А як там друкуюцца еўра? І гэта ўсіх там задавальняе, і банкі нацыянальныя працуюць. Ёсць правілы, якія трэба вывучыць. Будзе Нацбанк і будзе ён выконваць свае функцыі. Але незалежных людзей ці арганізацый у прынцыпе быць не можа – усё працуе, падпарадкоўваючыся пэўным правілам. Трэба глядзець найперш, што мы набудзем, а не што згубім.


Еўрарадыё: Вы не ведаеце, як да вашай ідэі з расійскім рублём ставяцца расійскія чыноўнікі?


Анатоль Рубінаў: Прайшлі мы перыяд дзіцячых хвароб, калі былі пэўныя супярэчнасці. Усе выдатна разумеюць, што нам адзін без аднаго нельга, трэба аб’ядноўвацца – будзе толькі лепш. Без развіцця інтэграцыі – у адзіноце сёння не выжыць. І тут ніякіх прынцыповых нязгод з боку расійскага кіраўніцтва я не бачу. Трэба рухацца далей, каб гэта прыносіла нам карысць. А без адзінай валюты гэта будзе складана. Вось, пра што трэба думаць. А то кажуць: “Мы страцім суверэнітэт!” Вось цікава: мы ў Адзінай эканамічнай прасторы, адкрытыя межы, тавары да нас ідуць. А пры вялікай розніцы валют яшчэ давайце абмяркуем: што мы будзем набываць і пры чым тут суверэнітэт, калі мы будзем страчваць эканамічна?


Еўрарадыё: Якая выгада ад увядзення расійскага рубля можа быць для простага беларуса?


Анатоль Рубінаў: Ёсць побач два аднолькавыя прадпрыемствы – у Смаленску і ў нас. Прадукцыю вырабляюць, прадаюць – там заробак вышэйшы, а ў нас ніжэйшы. Чаму? Працуюць у нас не горш, прадукцыя беларуская цэніцца. Інтэграцыя нам карысная тым, што чалавек атрымае большы заробак. Узровень жыцця людзей вырасце. Сёння нам гэта выгадна, вось што трэба разумець. А не тое, што нешта мы здаём ці не здаём.


Вядома, пытанне гэта няпростае. Але прэзідэнт у нас не толькі вопытны, але ў яго і інтуіцыя каласальная – ён далёка бачыць. Здаецца, што на паверхі ляжыць правільны адказ на пытанне, але ён можа і далей убачыць. Але пытанне нават не ў гэтым і не ў тым, каго славіць, а каго – клясці. Размова ідзе аб эканамічнай будучыні краіны. Гэта павінна нас цікавіць, а не нейкія палітычныя гульні.


Еўрарадыё: І апасенні, што пасля ўвядзення расійскага рубля нам будзе Крэмль дыктаваць, як нам жыць – бязглуздзіца?


Анатоль Рубінаў: Вядома! Пытанне ўвядзення – няпростае. Трэба будзе дамаўляцца. Аб эмісіі і гэтак далей. Але гэта тэхнічныя пытанні, якія трэба вырашаць і яны вырашальныя. У Еўрасаюзе 27 дзяржаў і ў іх гэта працуе. І ім гэта выгадна! Як яны зараз Грэцыю ратуюць! Бо баяцца абрынуць еўра сваё, згубіць канцэпцыю адзінай валюты. А мы кажам: “Не! Нам гэта не трэба. Мы баімся суверэнітэт страціць”.