“Роторная жатка” VS абмалот: што лепш?

Еўрарадыё вырашыла даведацца, чым ротарная жняярка адрозніваецца ад абмалоту. Пра гэтыя сельскагаспадарчыя прылады кіраўнік краіны прыгадаў на прэс-канферэнцыі 17-ага чэрвеня.


Тады ў інтэрнэце з’явілася інтэрпрэтацыя агучаных Лукашэнкам слоў:


“Усе ведаюць, чым ротарная жатка адрозніваецца ад абмалоту”.


Аднак цытата была іншай! Еўрарадыё пераслухала выступ кіраўніка краіны. Ён ўзгадваў часы, калі ў Беларусі з’явіліся першыя сучасныя камбайны.


Аляксандр Лукашэнка: “Зрабіў ротарнаю жатку, абмалот і бункер ззаду, каб хлеб збіраць. Я сказаў: прыеду на поле пагляджу. Былы міністр сельскай гаспадаркі, якога я з Нямеччыны ўзяў у Беларусь, казаў, маўляў, мы ў Германіі гэта ўсё набудзем, гэта ж смешна, вы ж ведаеце, што ротарная жняярка — гэта не абмалот. А я думаю, мне ж няма чым прыбіраць хлеб”.


Каб зразумець пра што гаворка, Еўрарадыё звярнулася ў “Гомсельмаш”, дзе вырабляюць камбайны і жняяркі.


“Відаць, прэзідэнт меў на ўвазе камбайн з ротарным абмалотам. Ёсць барабанная схема абмалоту, цяпер мы такія выпускаем. А раней мы выпускалі камбайн КЗР-10 з ротарнай схемай абмалоту. Там быў не барабан, а ротар, з ротарным малацільна-сепаруючым прыстасаваннем, які малаціў зерне”.


Такія камбайны вельмі адрозніваліся ад сёлетніх, упэўніваюць у “Гомсельмашы”. Новыя камбайны з барабаннай схемай апрацоўкі пачалі выпускаць у 2000 годзе.

Фота: italgroup.com.ua, by-politics.livejournal.com