Рэчыцкія півавары правялі папераджальны страйк
Зранку 23 траўня рабочыя варачна-брадзільнага цэху завода "Рэчыцапіва" адмовіліся пачынаць працу. Завод зараз належыць замежнай піваварнай кампаніі "Heineken".
Прычынай папераджальнага страйку стала нявыплата прэміяльных, прадугледжаных кантрактамі, перадае Радыё "Свабода". Прэміяльныя мусяць складаць 30% ад акладу.
З "Рэчыцапіва" ў філіял замежнай кампаніі "Heineken" рабочых перавялі ад пачатку красавіка. Адміністрацыя пры падпісанні кантрактаў абяцала налічваць штомесячна 30-адсоткавыя прэміяльныя выплаты. Аднак гэтых выплатаў за красавік не было. Паводле новага курсу валюты заробак півавараў стаў у эквіваленце ніжэйшым за 100 долараў, што і выклікала абурэнне.
Улагоджваць сітуацыю на "Рэчыцапіве" прыязджаў намеснік старшыні райвыканкаму Вячаслаў Памалейка. Дырэктарка прадпрыемства Наталля Савасценка сцвярджае, што ніякага страйку ў цэху не было і піва варылі нават ноччу.
Да 11-й гадзіны інцыдэнт быў улагоджаны. Дырэктарка атрымала электроннае пацверджанне, што прэміяльныя піваварам пералічылі. Рабочых запэўнілі, што кіраўніцтва будзе клапаціцца і пра павышэнне ім аплаты працы.