Расіянка даводзіць сваю невінаватасць у “нецэнзурнай лаянцы”

На жанчыну склалі стандартны пратакол за дробнае хуліганства і на наступны дзень 7 ліпеня прызначылі штраф — 350 тысяч рублёў. Справу разбіралі ў Партызанскім раённым судзе. Аднак грамадзянка Расіі не лічыць сябе вінаватай і абскарджвае прыгавор у Мінскім гарадскім судзе. 

У скарзе Марына Дукмасава піша, што інкрымінаваных ёй дзеянняў не здзяйсняла. Яна даводзіць беспадстаўнасць свайго затрымання. Далей яна адзначае, што ў аснову судовай пастановы былі пакладзены пісьмовыя паказанні супрацоўніка міліцыі. Аднак у пратаколе аб адміністратыўным правапарушэнні такога сведкі няма. Таксама расіянка лічыць, што суд Партызанскага раёна Мінска не распачаў неабходных мер для поўнага і аб'ектыўнага разгляду дадзенай справы.

Жанчына просіць гарадскі суд адмяніць гэтую пастанову і спыніць вытворчасць па справе, бо няма падзеі і складу правапарушэння, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.