Раманчук: Абмеркаванне магчымых “санкцый” дае аргументы ўладам

Днямі ў байнэце з’явіўся тэкст публічнага звароту да еўрапейцаў. Блогеры намагаюцца пераканаць Стары свет у тым, што пасля падзеяў 19 снежня Еўропа мусіць адмовіцца ад экспарту нафтапрадуктаў з Беларусі. 

“Калі ласка, перапыніце фінансаванне рэжыму Лукашэнкі! Увядзіце эмбарга на экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у Еўрапейскі Саюз! У свеце ёсць досыць краінаў, дзе іх можна набыць без шкоды для душы і сумлення”
, — напісана ў звароце. Поўны яго тэкст можна знайсці тут.

На думку незалежнага аналітыка Сяргея Чалага, нягледзячы на пафас звароту, Еўропа ад беларускага бензіну не адмовіцца:

Сяргей Чалы: 
“Гандлёвыя эмбарга такога кшталту — гэта настолькі моцны і рэзкі захад, што прымаецца ў дачыненні да зусім ужо "адмарожаных" рэжымаў — такіх, напрыклад, як Паўночная Карэя”.

На думку эксперта, такое ўздзеянне на Беларусь, як санкцыі, з боку Еўропы зараз увогуле неабавязковае:

Сяргей Чалы: “Калі шчыра казаць, эканамічная сітуацыя ў нас зараз такая, што папросту неаказанне нейкай экстранай дапамогі ў выглядзе крэдытаў ці дапамогі ў супрацоўніцтве з Міжнародным валютным фондам ужо так ці інакш будзе эканамічным ціскам”.

Былы кандыдат у прэзідэнты эканаміст Яраслаў Раманчук увогуле супраць слова “санкцыі” і публічнага абмеркавання іх магчымасці:

Яраслаў Раманчук:
 “Калі мы кажам пра [эканамічныя] санкцыі, я думаю, мы сячэм сук, на якім сядзім. Мы больш даем аргументаў уладам супраць прадпрымальнікаў, супраць людзей. Я думаю, што падтрымліваць такі падыход нельга”.

А наконт таго, ці магчымыя ўвогуле эканамічныя санкцыі Еўропы супраць Беларусі, Сяргей Чалы і Яраслаў Раманчук завочна пагадзіліся паміж сабой. Відаць, упершыню за некалькі апошніх гадоў:

Яраслаў Раманчук: “Я лічу, што [эканамічныя] санкцыі немагчымыя. Шэраг краінаў выказаліся супраць, і не толькі Італія, а таксама Іспанія і Партугалія. І, напрыклад, у Латвіі кажуць, што палітыка — палітыкай, а эканоміка — эканомікай. Так што да санкцый не дойдзе. Бо калі да іх не далучаецца хаця б адна краіна, санкцыі не маюць ніякага сэнсу”.

Дык адкуль жа паўзуць усе гэтыя размовы пра эканамічныя санкцыі, якімі апошнім часам поўніцца байнэт?

Сяргей Чалы: “У Еўропе ёсць набор палітыкаў, якія сваю кар’еру рабілі на наступнай логіцы: усе папярэднія спробы весці дыялог з Беларуссю не працавалі — ні сяброўства, ні абмежавальныя захады, ні папярэднія ўмовы. Яны паспрабавалі павольнае ўцягванне ў арбіту эканамічнага ўплыву са спадзевам на змякчэнне беларускіх уладаў. Але гэтага не адбылося, і яны ўсе ўспрымаюць сябе кінутымі. Яны вельмі раздражнёныя. Натуральна, нікому з іх не хочацца губляць кар’еру, гэта нармальнае жаданне чыноўніка. Таму яны бягуць наперадзе паравоза і кажуць пра жорсткія захады”.

Больш верагодным выглядае ўвядзенне “кропкавых” санкцый супраць асобных беларускіх кампаній кшталту “Белтэхэкспарту” і “Белзнешпрамсервісу”, прыбытак ад якіх, магчыма, атрымліваюць некаторыя беларускія чыноўнікі. Але практыка падобных абмежаванняў іншай беларускай кампаніі — “Белхафтахім” — з боку ўрада ЗША сведчыць пра неэфектыўнасць такіх крокаў, лічаць эксперты.