Прыёмная міністра: “Размаўляйце па-беларуску, гэта ж наадварот добра”
Журналіст Еўрарадыё ў якасці звычайнага беларускамоўнага грамадзяніна запісваўся на прыёмы да нашых міністраў.
Найноўшая рэдакцыя закону “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” абавязвае чыноўнікаў адказваць на той мове, на якой да іх звярнуліся. Прынамсі, у пісьмовай форме.
Лагічна, што калі выконваць гэта закон дасканала, то і на вусныя звароты грамадзян трэба адказваць па такім жа прынцыпе.
Пытаюся ў кампетэнтнай супрацоўніцы Міністэрства сельскай гаспадаркі, як магу трапіць на прыём да яе шэфа.
“Вельмі проста, — адказваюць мне па-беларуску. — Для гэтага трэба сказаць ваша прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас…”
Называю ўсе дадзеныя і тэму майго звароту: “Выкараненне п’янства на сельскагаспадарчых прадпрыемствах”.
“Я мяркую, — выказвае супрацоўніца свой уласны пункт гледжання. — Гэта пытанне трэба падымаць перад мясцовымі ўладамі”.
Еўрарадыё: Скажыце, ці не засмуціць міністра, што я беларускамоўны чалавек?
Супрацоўніца Міністэрства сельскай гаспадаркі: “О не, не! Ні ў якім выпадку!”
Еўрарадыё: Я гляджу, і вы можаце добра размаўляць…
Супрацоўніца Міністэрства сельскай гаспадаркі: “Ну, а як жа ж! Я ж дзяржчыноўнік. Калі грамадзянін да нас звяртаецца на беларускай мове, мы яму адказваем гэтак жа. І гэта патрабаванне закона “Аб зваротах грамадзян”.
У прыёмнай міністра культуры з намі тут жа элегантна павіталіся па-беларуску:
“Прыёмная міністра культуры. Добры дзень”
Хоць сумневаў у карэктнасці супрацоўнікаў з гэтага ведамства ў нас не было загадзя.
Запісваючыся на прыём да аднаго з намеснікаў міністра аховы здароўя, мы цікавімся, ці не пакрыўдзіцца начальнік на нашу беларускую мову.
“Вы же белорус, почему вы не должны говорить на своем родном языке? – здзіўляюцца на гэта ў міністэрстве. – Я, так получилось, из семьи военных, белорусский не изучала. К своей беде. Помнимаю всё, а говорить просто не могу хорошо. Есть такие экземпляры, как я”.
У Міністэрстве гандлю нам адказалі па-руску, але таксама надзвычай ветліва.
Наша жаданне размаўляць на роднай мове з намеснікам міністра выклікала станоўчую рэакцыю: “Это же наоборот хорошо!”
Для акуратнасці ў мяне перапытваюць рускамоўны пераклад словаў “удасканальванне” і “крама”, каб не памыліцца ў заяўцы. Але робяць гэта так далікатна, што гэта не выклікала б нараканняў ні ў беларускамоўнага, ні ў мангола, ні ў дамініканца.
“Я прошу вас, по-русски, пожалуйста. Не говорите, что вы разговариваете только по-белорусски. Дурь такую не надо говорить, -- сувора ставяць нас на месца ў Міністэрстве абароны. -- Я вас просил дать данные по-русски, потому что я осуществляю запись на этом языке. Поэтому, чтобы не сделать ошибки, я вас попросил ответить именно по-русски”.
Тым не менш, афіцэр з прыёмнай міністра, які запісвае на прыём, падкрэслівае, што па-беларуску разумеюць усе высокапастаўленыя вайскоўцы:
“На приеме говорите хоть на каком языке. Так как у нас белорусский и русский – государственные. Мы вас прекрасно поймем. А так, я хорошо понимаю белорусский язык. Точно так же, как и министр обороны и все десять должностных лиц, которые рядом с ним будут присутствовать, в том числе, и белорусский военный прокурор”.
Такім чынам, з пяці міністэрстваў, куды я вусна звярнуўся, цалкам па-беларуску нам адказалі ў двух. Яшчэ ў двух – памкненне журналіста Еўрарадыё размаўляць на роднай мове ухвалілі. І абсалютна паўсюль мне гарантавалі, што ніхто з міністраў ці іх намеснікаў не пакрыўдзіцца на беларускую мову і цудоўна яе зразумее.