Прэм’ер-міністра Польшчы просяць дапамагчы "Белсату"
Ліст да польскага прэм’ера Дональда Туска падпісалі Івонка Сурвіла, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Някляеў, Аляксандр Мілінкевіч і Анжаліка Борыс.
Падпісанты найперш дзякуюць польскім уладам за падтрымку адзінага на сёння незалежнага беларускамоўнага тэлеканалу. Далей выказваецца занепакоенасць тым, што гэткая каштоўная ініцыятыва "можа быць закінутая", інфармуе Радыё "Свабода".
Гаворка ідзе пра недахоп фінансавых сродкаў, што не дазваляе "Белсату" развівацца належным чынам. Нагадаем, што напрыканцы лістападу мінулага года канал быў вымушаны адмовіцца ад вяшчання ў жывым эфіры ды пераважнай большасці публіцыстычных праграмаў.
Польскае агенцтва прэсы (РАР) паведамляе, што МЗС Польшчы (галоўны фундатар "Белсату") паступова змяншае фінансавую падтрымку "Белсату" (20,9 мільёна злотых у 2008 годзе, 17,6 мільёна летась і 17 мільёнаў мае быць сёлета). Другі падпісант дамовы аб стварэнні каналу — Польскае грамадскае тэлебачанне (TVP) — сёлета таксама істотна зменшыла рэальнае грашовае фінансаванне "Белсату".
Аўтары ліста да прэм’ера Туска падкрэсліваюць, што "Белсату" трэба дапамога ад еўраструктураў. Хаця тэлеканал атрымлівае дапамогу ад урадаў Швецыі, Нідэрландаў, Нарвегіі ды Савета міністраў Паўночных краінаў, сам Еўрасаюз фінансавай падтрымкі не ажыццяўляе.
Канцылярыя прэм’ер-міністра Польшчы пакуль не пракаментавала зварот.