Праз тры месяцы замена пасведчання кіроўцы падаражэе... ў чатыры разы
А хацелі — у 8! Усяго ж з пачатку года кошт пасведчання павялічыцца больш, як у 12 разоў.
Замена пасведчання кіроўцы з 1 ліпеня абыйдзецца ажно ў 200 тысяч рублёў. Сёння гэта яшчэ можна зрабіць за 50 тысяч. Прапанаваў павялічыць кошт паслугі з 0,5 да 2 базавых Савет Міністраў. Прычым, як распавядаюць Еўрарадыё ў рэспубліканскай Дзяржаўтаіспекцыі, з імі па гэтым пытанні міністры нават не параіліся.
Супрацоўнік ДАІ: “Савет Міністраў — гэта яны ўнеслі прапанову. Нам толькі паведамілі, паставілі перад фактам. Яны першапачаткова ўвогуле хацелі 4 базавых зрабіць”.

Вядома аб хуткім падаражанні замены пасведчання кіроўцы стала напярэдадні першамайскіх святаў. Але, насуперак чаканням, 2 мая ажыятажу ля будынка сталічнага ДАІ не назіралася. Больш за тое, пераважная большасць людзей, якіх там сустрэў карэспандэнт Еўрарадыё, сцвярджаюць, што будучае падаражанне амаль не паўплывала.
Еўрарадыё: “Чаму вы менавіта сёння вырашылі прыехаць і памяняць пасведчанне?”
Дзяўчына з дзіцём: “Таму што мне так час дазваляў”.
Еўрарадыё: “А тое, што хутка будзе падаражанне, адыграла нейкую ролю?”
Дзяўчына з дзіцём: “Не, для мяне — не”.
Яшчэ адна дзяўчына прызнаецца, што нават не чула пра хутка падаражанне.
Дзяўчына: “У мяне была запланаваная на сёння замена пасведчання. Калі шчыра, я нават не ведала пра гэтае падаражанне”.
Мужчына сталага ўзросту таксама прызнаецца, што пайшоў сёння ў ДАІ таму, што час вольны з’явіўся. А наконт спробы з’эканоміць нават пафіласофстваваў.
Мужчына: “Тут не вялікае падаражанне, а нязначнае, я лічу. Пэўныя ёсць паўсюль падаражанні — за ўсім не ўсочыш і паўсюль не паспееш”.
Еўрарадыё: “Але калі сёння вы заплаціце 50 тысяч, то ўжо 2 ліпеня — 200 тысяч. Добрая розніца!”
Мужчына: “Ну, розніца... Так жыццё ўладкаванае, напэўна”.

Яшчэ адзін суразмоўца прызнаецца Еўрарадыё, што прыехаць прымусіла тое, што тэрмін дзеяння пасведчання заканчваецца праз некалькі дзён. Хаця, былі і такія, каго звярнуцца ў ДАІ прымусіла менавіта падаражанне на 150 тысяч.
Мужчына: “Усе казалі, што шмат будзе каштаваць, таму я тут. З-за падаражання, толькі з-за падаражання”.
Дарэчы, да 1 красавіка, калі вырасла базавая, новае пасведчанне каштавала 17,5 тысяч. Тады з людзей, якія імкнуліся паспець памяняць свае дакументы да “падаражання” і гадзінамі стаялі ў чэргах, смяяліся. Маўляў, розніца ў 32,5 тысячы — не тая сума, з-за якой трэба ісці на такія пакуты. Але новае павышэнне аплаты смех спыніла. І ёсць з-за чаго: у параўнанні з дакрасавіцкімі кошты ліпеньскія павялічацца больш як у 12 разоў!
Каб даведацца, чаму Савет міністраў вырашыў павялічыць аплату пасведчання кіроўцы менавіта да такой лічбы і чаму па гэтым пытанні не раіліся з ДАІ, Еўрарадыё накіравала адпаведны запыт. Адказ кіраўніцы прэс-службы Саўміна Вольгі Доўгай складаўся з аднаго сказа: “Уся інфармацыя, якая вас цікавіць, у бліжэйшы час будзе размешчаная на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутраных спраў”.
Як стала вядома Еўрарадыё, павялічыць кошт аплаты пасведчання кіроўцы да 4 базавых Саўмін прапанаваў яшчэ да таго, як было прынятае рашэнне аб павышэнні базавай з 35 да 100 тысяч. Менавіта ДАІ адмоўна паставілася да сумы за пасведчанне ажно ў 400 тысяч. І звярнулася ў Саўмін з просьбай аб змяншэнні платы.
Паводле падпісаных Беларуссю адпаведных міжнародных пагадненняў, нацыянальныя пасведчанні кіроўцаў будуць сапраўднымі да заканчэння тэрміну іх дзеяння, як у краіне, так і за яе межамі. Таму, асаблівай нагоды спяшацца з заменай сапраўды няма. Апроч жадання зэканоміць.
Фота: Змітра Лукашука