Праваабаронцы толькі на 10 ператрусах зафіксавалі больш за 100 парушэнняў

За 40 дзён, якія прайшлі ад прэзідэнцкіх выбараў, беларускія праваабаронцы дапамагалі затрыманым на Плошчы, абаранялі іх у судах, складалі інструкцыі для тых, каго выклікалі на допыты ў КДБ, фіксавалі парушэнні, якія адбываліся падчас бясконцых ператрусаў. Але калі з ператрусамі прыходзяць да саміх праваабаронцаў, хто дапамагае ім? Каб гэтае пытанне не заставалася без адказу, 27 снежня быў створаны Камітэт міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, назіральная місія якога працуе ў нашай краіне.

“У склад Міжнароднай назіральнай місіі ўваходзяць праваабаронцы з краінаў прасторы АБСЕ. За апошні месяц у Беларусі знаходзіліся 13 праваабаронцаў з Арменіі, Грузіі, Украіны і Расіі”, — распавяла Вікторыя Громава, сябра каардынацыйнага савета Міжнароднага моладзевага праваахоўнага руху.

Вікторыя Громава


Пасля закрыцця прадстаўніцтва АБСЕ назіральнікі з міжнароднай місіі засталася ледзь не адзінымі, хто працуе ў Беларусі. За месяц яны наведалі 10 ператрусаў і зафіксавалі больш за 100 выпадкаў перашкодаў працы праваабаронцаў і журналістаў, ціску на людзей, парушэння іх правоў. Але галоўнае іх дасягненне палягае ў крыху іншай плоскасці:

“Калі ў нас тут адбываўся ператрус, спачатку ў офіс зайшлі прадстаўнік назіральнай місіі і Алег Гулак, старшыня Беларускага хельсінскага камітэта. І хвілінаў 10 адбывалася жывая дыскусія, падчас якой я патрабаваў прававой дапамогі, на якую маю права па Канстытуцыі, —
распавёў кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі. — У выніку іх усё роўна выставілі за дзверы… Затое пасля, калі мы з кадэбістамі перасоўваліся да мяне дадому, і пасля на лецішча, адно з пытанняў, якое яны ўвесь час задавалі: “А журналісты і праваахоўнікі там ёсць?” Я думаю, прысутнасць журналістаў і праваахоўнікаў азначае кантроль, грамадскі кантроль за дзеяннямі супрацоўнікаў КДБ, якія праводзяць ператрус”.

Калі людзі адчуваюць, што падчас непрыемнага ператрусу іх не пакінулі сам-насам з супрацоўнікамі дзяржбяспекі — гэта называецца “салідарнасць”.

“Я хачу пры ўсіх журналістах сказаць: калі я выпраўляўся сюды, я атрымаў ад апазіцыйных палітыкаў Арменіі, журналістаў, праваабаронцаў перадаць словы падтрымкі беларускім барацьбітам за дэмакратыю
”, — сказаў Мікаэл Даніэлян, адзін з назіральнікаў Міжнароднай місіі, старшыня Хельсінскай асацыяцыі Арменіі.

Мікаэл Даніэлян


“Нам патрэбныя гэтыя галасы салідарнасці, падтрымкі, каб дамагчыся задавальнення нашых патрабаванняў. І самае галоўнае — гэта дазваляе нам адчуваць сябе часткай міжнароднай праваабарончай супольнасці, а калі казаць пра журналістаў — міжнароднай журналісцкай супольнасці”
, — падхапіла Жана Літвіна, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Міжнародныя назіральнікі прыходзяць на ператрусы як звычайныя, але неабыякавыя людзі. Як і ва ўсіх астатніх, у іх перапісваюць пашпартныя дадзеныя. Яны рызыкуюць трапіцца на вочы, наклікаць на сябе гнеў сістэмы дзяржбяспекі — але ўсё роўна працягваюць спробы зрабіць адкрытымі тыя працэсы, якія так дбайна спрабуюць прыхаваць ад грамадскасці не толькі ў Беларусі.

“Летась была Кіргізія, сёлета — Беларусь, і 2011 год толькі пачынаецца!” — мяркуе Алесь Бяляцкі. У Беларусі назіральнікі з Міжнароднай місіі не толькі дапамагаюць тутэйшым праваабаронцам, але і назапашваюць досвед, які спатрэбіцца ім у іншых “гарачых” кропках. Такіх, у якую Беларусь ператвараецца кожны дзень, калі ў актывістаў дэмакратычнага руху адбываецца ператрус.