Рэзідэнцыя ў Драздах: Авечак у нас няма
Еўрарадыё пацікавілася, дзе гадуюцца “прэзідэнцкія авечкі”, і ці сапраўды гэта выгадная справа.
Днямі кіраўнік краіны пахваліўся сваёй гаспадаркай. Высветлілася, што Аляксандр Лукашэнка гадуе авечак. І нават стрыг іх ужо некалькі разоў.
"Мы адновім вытворчасць, адбудуем камвольны камбінат. Набудзем самых сучасных авечак. Я гэта праэкспераментаваў у сябе на ферме. У мяне дзесятак авечак, мы іх ужо два разы стрыглі, мы атрымалі вялізную колькасць воўны. Гэта самыя лепшыя авечкі ў свеце, яны выдатна сябе адчуваюць, і зараз мы па ўсёй краіне так зробім", - заявіў Лукашэнка падчас суботніка 21 красавіка.
У Галоўным гаспадарчым упраўленні пры Адміністрацыі прэзідэнта падказаць, дзе жывуць прэзідэнцкія авечкі, не здолелі. Маўляў, яны займаюцца ўтрыманнем прэзідэнцкай адміністрацыі ды здачай у арэнду розных памяшканняў, што знаходзяцца на іх балансе. І перанакіравалі... у Дыпсэрвіс. Якому “належыць” рэзідэнцыя кіраўніка краіны ў Драздах.
Вось толькі і там пра прэзідэнцкіх авечак нічога не чулі. І перанакіравалі наўпрост у рэзідэнцыю ў Драздах. Але і там сітуацыя паўтарылася.
Дразды: “Я нават не ведаю, пра што Аляксандр Рыгоравіч казаў, шчыра кажу. Таму – выбачайце. Вы назвалі сябе, я таксама магу назвацца – начальнік рэзідэнцыі. Але я – не ў тэме”.
Еўрарадыё: “Так, ці ёсць у вас там авечкі?”
Дразды: “Не, у нас няма”.
Безумоўна, у кіраўніка краіны не адна рэзідэнцыя. Магчыма, ферма з авечкамі знаходзіцца ў іншым месцы.
У Беларусі авечкагадоўляй займаюцца ў асноўным фермеры. Гаспадар адной з прыватных гаспадарак Гродзенскай вобласці Аркадзь гаворыць пра таннае мяса.
Аркадзь: “Гэта, безумоўна, выгадна – таннае мяса, хутка. Прычым, яго ў рэспубліцы не хапае і кошты на яго зашкальваюць”.
Авечкам для выпасу добра падыходзіць закінутая зямля, непрыдатная для пасеваў і нават выпасу кароў. Праўда, і праблем аж зашмат.
Аркадзь: “У Беларусі толькі раманаўскія авечкі. І тое – статак іх не самай лепшай якасці. Трэба завозіць “новыя крові” аднекуль з-за мяжы, каб атрымліваць добрае патомства. Вось толькі іх не прывязеш – Еўропа “зачыненая”, там знайшлі нейкі вірус. Да таго ж, калі рабіць гэта афіцыйна, неабходна ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі дазвол выбіваць, потым – нашага ветдоктара накіроўваць на тры тыдні ў тую ж Польшчу ў гаспадарку, аплачваць яму знаходжанне там, каб авечкі карантын прайшлі. Уявіце – у якую капейку”.
Племянны баран у Польшчы каштуе каля 500 еўра. Што для беларускага фермера ўжо значная сума. Праўда, ёсць і ў нашай краіне гаспадарка, дзе гадуюць племянных авечак. Але ў дырэктара СВК “Конюхі” Аляксея Кавальчыка тая ж праблема.
Аляксей Кавальчык: “Мы павінны набыць у Заходняй Еўропе авечак для “абнаўлення крыві” – гэта бараны. І ярачак не пашкодзіла б прывезці некалькі штук. Але для гэтага неабходныя сродкі. Сёння адзін баран у Заходняй Еўропе катуе тысячу еўра – ўяўляеце, якая гэта сума!”
Апроч таго, узнікае пытанне, каму здаваць шкуру і воўну?
Аркадзь: “Няма куды збываць. Я ведаю, што ў Віцебску і Брэсце прымалі шкуры і выраблялі іх. А вось з воўнай праблемы рэальныя, і па дзяшоўцы не хочацца аддаваць. І яна проста ляжыць колам”.
І большасць Аркадзь раздае бясплатна бабулям з суседніх вёсак, якія самі яе вычэсваюць і прадуць. У дзяржаўнай гаспадаркі праблем з воўнай няма – яе забірае Смілавіцкая фабрыка. Мяса ідзе на Аршанскі мясакамбінат для вытворчасці дзіцячага харчавання. А вось шкуры і яны не ведаюць куды “прыстроіць”.
Па словах Аркадзя, навучыцца стрыгчы гэтую пакорлівую жывёлу не складана, і вопытны “цырульнік” здольны цалкам агаліць адну авечку за 15 хвілін. Засталося толькі вырашыць тры пытанні: адкуль і за якія грошы прывозіць “новую кроў”, калі Еўропа “зачыненая”, у Расіі – тыя ж праблемы, што і ў нас, а на акліматызацыю авечак з поўдня неабходна як мінімум год-два, куды здаваць воўну, і што рабіць са шкурамі?
Фота: flickr.com by *amy&kimball