Павал Севярынец: Прага помсты пераважвае палітычны прагматызм

Еўрарадыё: Распавядзіце, як вы вытрымалі 5 месяцаў зняволення?

Севярынец: “Дзякуючы Госпаду і людзям, якія пісалі лісты, маліліся – гэта, можна сказаць, духоўная рэанімацыя. Бог кожны раз, калі дае выпрабаванне, дае і палёгку, і навучанне. Амаль як у келлі, у манастыры – молішся, пішаш, працуеш”.

Еўрарадыё: З кім вы сядзелі?

Севярынец: “Абвінавачаныя па эканамічных злачынствах. Даводзілася мне сядзець і з генеральным дэрэктарам МТЗ і з намеснікам дырэктара Трактарнага завода, і з дырэктарамі буйных фірмаў, з кіраўнікамі аддзелаў у дзяржаўных структурах, у тым ліку такіх як ДФР (Дэпартамент фінансавых раследванняў). Так што, эканамічная эліта краіны, знаёмствы вельмі каштоўныя”.

Еўрарадыё: Якую вы мелі інфармацыю пра тое, што адбывалася на волі?

Севярынец: “Абмежаваную, канешне. Газеты праходзілі толькі нейтральныя – пачынаючы ад “Савецкай Белоруссии” і заканчваючы “Камсамолкай”. “Палітычныя” газэты не дастаўлялі. Лісты прапускалі толькі некаторыя. Дазавалі, як кажуць, перапіску”.

Еўрарадыё: Ці ўжывалі ў дачыненні да вас катаванні, пра якія казалі Міхалевіч і Саннікаў?

Севярынец: “Пра ўсё гэта ўжо распаведзена. Распавядаць пра гэта яшчэ раз не мае сэнсу. Гэта было, але на мой погляд, гэта можа ўразіць чалавека, які першы раз у беларускай турме. Для мяне значна сур’ёзнейшым было тое, што 5 месяцаў не дазвалялі святару, хаця дзясяткі заяваў былі, прыйсці да сповядзі і прычасця. Не дазволілі да апошняга моманту – толькі заўтра ў мяне атрымаецца трапіць на споведзь і на прычасце”.

Еўрарадыё: Ці прапаноўвалі вам пісаць ліст да Лукашэнкі, ці падпісваць нейкія іншыя паперы?

Севярынец: “Мне не прапаноўвалі. З самага пачатку я адмовіўся даваць паказанні, у мяне было некалькі размоваў з пракурорам і котнтрразведчыкамі, але ніякіх ні паказанняў, ні папераў, нічога іншага мне не прапаноўвалася падпісаць”.

Еўрарадыё: Цяпер ужо ёсць прысуд – 3 гады “хіміі”. Ці вядома, дзе яе будзеце праходзіць, дома?

Севярынец: “Не, з накіраваннем ва ўстановы адкрытага тыпу, гэта будзе нейкая спецкамендатура ці філіял камендатуры.Тое, што было ў 2005-2007 гадах. Праз некалькі дзён ці тыдняў гэтае накіраванне будзе”.

Еўрарадыё: Хочацца пацікавіцца вашым здароўем. Увесь працэс вы стаялі, у вас праблемы са спіной. Гэта нейкія сур’езныя праблемы?

Севярынец: “Вырашальныя праблемы, думаю, тут справімся. Канешне, пэўныя пытанні там абвастаюцца, калі сядзіш у турме, бо сталай медыцынскай дапамогі няма, але гэта не праблема, значна цяжэй цяпер тым людзям, якія атрымалі гады турмы. Значна цяжэй, вось за іх зараз трэба і змагацца і маліцца”.

Еўрарадыё: Як вы можаце пракаментаваць ваш прысуд і ўвогуле прысуды па
справе 19 снежня?

Севярынец: “Адкаментваць гэтыя прысуды можна адным словам – “беззаконне”. Калі не змяніць сістэму, можна страціць краіну. Але каб змяніць сістэму, нам трэба мяняць саміх сябе – духоўны урок. Усё тут завязана ў адно, і любы палітык або палітолаг на месцы Лукашэнкі мусіў бы адпускаць гэтых людзей, дамаўляцца ў еўрапейцамі, балансаваць незалежнасць і вырашаць пытанне. Але нейкая прага помсты людзям, якія выйшлі на Плошчу, пераважвае здаровы палітычны прагматызм”.

Фота: bymedia.by