Перамовы па авіяперавозках прызначылі на чацвер
Рэйсы былі часова затрыманыя. Толькі праз некалькі гадзінаў паміж Мінскам і Масквой была дасягнутая дамоўленасць пра зняццё забароны.
Праблемныя пытанні мяркуецца вырашыць 29 сакавіка. Затрыманыя два авіярэйсы ў гэтыя хвіліны мусяць вылецець у Маскву.
Прэс-служба расійскай авіякампаніі "Аэрафлот" паведамляе, што ад беларускіх авіяўладаў атрыманы дазвол на рэгулярныя рэйсы з Масквы ў Мінск да 29 сакавіка. Такія ж дазволы атрымалі авіякампаніі S7 і "ЮТэйр", інфармуе РІА "Новости".
Паводле словаў намесніка гендырэктара па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці "Белавія" Ігара Чаргінца, "расійскі бок хоча атрымаць камерцыйную перавагу для сваіх авіякампаній" (давесці колькасць рэйсаў да пяці штодня). Беларускі бок "настойвае на парытэце", — кажа Чаргінец (на здымку падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі).

***
Ігар Чаргінец: "Белавія" пачала рэгістрацыю на свае рэйсы
Пра гэта ў сваім Twitter паведаміў намеснік гендырэктара па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці "Белавія".
"Вылеты адразу пасля рэгістрацыі пасажыраў і багажа", — піша Чаргінец.
Мінск і Масква дасягнулі дамоўленасці — забароны знятыя да чацвярга. Мяркуецца, што самалёты могуць вылецець пасля 11-й гадзіны.
***
Расійскія авіяцыйныя ўлады раніцай у панядзелак адклікалі дазвол на палёты "Белавія". У Twitter беларускай кампаніі паведамляецца, што ў адказ адкліканы дазвол на выконванне рэгулярных рэйсаў ва ўсіх расійскіх кампаній. На 11-ю гадзіну прызначаная экстранная прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў "Белавія".
Самалёт, які мусіў вылецець у Маскву а 7-й гадзіне, застаўся ў Мінску. Пасажыры чакаюць вырашэння сітуацыі.
***
У прэс-службе "Росавіяцыі" Еўрарадыё паведамілі, што пакуль не маюць інфармацыі і не могуць каментаваць сітуацыю.
Фота — bymedia.net