Паліклініка: “У нас чарга больш чым на год”
Еўрарадыё даведалася, на якія дзяржаўныя паслугі і сёння захоўваюцца вялікія чэргі.
“У нас чарга больш чым на год”, — адразу папярэдзілі карэспандэнта Еўрарадыё, які паскардзіўся супрацоўніцы рэгістратуры 13 стаматалагічнай паліклінікі на зламаны зубны мост. І адразу, разумеючы маё разгубленае маўчанне, дала параду.
Супрацоўніца рэгістратуры: “Расцэнкі паўсюль у дзяржаўных паліклініках аднолькавыя, таму я вам проста параю звярнуцца ў 5, 8, у 3 стаматалогію на Кісялёва недзе. Гэта дзяржаўныя паліклінікі, але ў іх там народу няма, бо гэта цэнтр. Проста вам трэба “парупіцца” — патэлефанаваць”.
Такую вялікую чаргу у рэгістратуры патлумачылі тым, што іх паліклініка знаходзіцца ў спальным раёне. Людзей, маўляў, шмат, а зубы ў іх дрэнныя. Дарэчы, гэта пры тым, што ўсе паслугі артапеда ў дзяржаўных стаматалагічных паліклініках платныя. Таму нават прапанова заплаціць не можа паскорыць гадавое чаканне.
Але, як высветлілася, у нас засталося яшчэ даволі шмат паслуг, якія атрымаць хутка не выпадае. Напрыклад, каб пераставіць газавы лічыльнік у іншае месца на кухні, чакаць спецыялістаў Мінгаза давядзецца амаль два месяцы.
Мінгаз: “З эскізам і з асабістым пашпартам асноўнага кватэраздымшчыка пад’язжаеце ў Мінгаз. І заяўкі мы бярэм на канец снежня (!) на выкананне працы. Да 600 тысяч аплата — у залежнасці ад складанасці працы, якая будзе выконвацца”.
На пытанне, чаму так доўга, пакрыўдзілася і заявіла, што на іх адказнасці не толькі Мінск, але і Мінскі раён, што працы шмат, а спецыялістаў не хапае, і займаюцца яны не толькі пераносам лічыльнікаў у кватэрах, а выконваюць і яшчэ шмат якой складанай і адказнай працы.
Але на першым месцы па чэргах усё ж застаецца медыцына. Да прыкладу, у гарадской паліклініцы №5 жадаючых патрапіць на прыём да гінеколага 31 кастрычніка запісвалі толькі на 18 лістапада. Праўда, у рэгістратуры кажуць, што можна вечарам, каля 18 гадзін прыйсці і паспрабаваць “перахапіць” талончык на наступны дзень, але верагоднасць поспеху невялікая — жадаючых шмат.
Прыблізна такая ж сітуацыя ў дзіцячых паліклініках сталіцы з масажам для немаўлят. Маладая маці распавядае гісторыю, як яе трохмесячнаму сыну тэрапеўт прапісала гэтую працэдуру, але ў масажным кабінеце папярэдзілі, што чарга распісаная на некалькі месяцаў наперад. Вось толькі масаж неабходна было рабіць адразу пасля прызначэння і бацькі вымушаныя шукаць свайму дзіцяці платнага масажыста.
Але першае месца ў нашым сённяшнім рэйтынгу займае гісторыя пра чаргу на праходжанне бясплатнага абследаванне сасудаў на УЗІ ў “Мінскім кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры”. Накіраванне на такую працэдуры дае хірург у паліклініцы па месцы жыхарства. Ім жа выдзяляецца такая колькасць талончыкаў, што чарга на бясплатнае УЗІ расцягнулася, да прыкладу, у 32 сталічнай паліклініцы, на два гады!
І нават платна прайсці гэтае даследаванне, кошт якога 260 тысяч, можна ў дыягнастычным цэнтры на Сямашкі не раней як праз месяц-два.
Рэгістратура дыягнастычнага цэнтра: “На лістапад месяц усе месцы распісаныя на УЗІ сасудаў. А што будзе на снежань — трэба ўдакладняць пасля 25 лістапада, калі дзень запісу будзе. Можаце адразу 25 і паспрабаваць патэлефанаваць”.
А ўсё, кажа супрацоўніца цэнтра, таму, што працэдуру гэтую робяць толькі аднаму чалавеку за дзень.
На жаль, пералічанае — далёка не ўсё з таго, на што даводзіцца запісвацца ў чаргу.