Пакуль выязныя, але напалоханыя
Мытнікі цыгарэты асабліва не падлічваюць, але за тымі, хто часта ездзіць за мяжу, сочаць уважліва.
Да гэтага часу Памежны камітэт не вырашыў, якім чынам пакараць актыўных удзельнікаў акцыі пратэсту ў Брузгах. Раней незадаволеных абмежаваннямі па вывазе з краіны паліва абяцалі зрабіць невыязнымі ўнутраным рашэннем памежнікаў.
Але пакуль, кажа кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка, спіс невыязных не складзены.
Аляксандр Цішчанка: “З тымі, хто быў затрыманы, з арганізатарамі праца яшчэ праводзіцца. А каб ўсіх не пускаць... Уявіце: ці ёсць сэнс і ці ёсць магчымасць? А тут (у расказах, што не пусцілі памежнікі ў Польшчу выключна з-за удзелу ў акцыі — Еўрарадыё) — самаўзвышэнне, надумлівасць. Чалавеку трэба расслабіцца і заняцца справай”.
Але Сяргей, які быў аштрафаваны “за Брузгі” на 2 мільёны 625 тысяч, ехаць у Польшчу пакуль не рызыкуе. Хоць ужо з апошняй паездкі прайшло нашмат больш за 5 дазволеных дзён.
Сяргей: “Бо казалі, што з Ваўкавыска знаёмыя ехалі і іх не прапусцілі. Можа, яны пакуль штраф не заплацілі. А можа — увогуле зрабілі невыязнымі”.
А вось Міхаіл рызыкнуў. Нягледзячы на тое, што ў Брузгах ён падчас акцыі быў. Хлопца ў міліцыю выклікалі. Але не як удзельніка, а ў якасці сведкі. Ніякіх праблем на мяжы Міхаіл не меў. Згодна з яго словамі, нават і не запыталіся, колькі пачак цыгарэт ён вязе.
Міхаіл: “Мяне не правяралі. Але я так разумею, што моцны агляд ідзе тады, калі едзеш часцей за адзін раз на пяць дзён. А калі 1 раз на 5 дзён, то, здаецца, нармальна, не глядзяць асабліва. Можа, гэта часовая рэч, потым пачнуць, але пакуль — цішыня”.
Пра “цішыню” ў выкананні пастановы аб абмежаванні вывазу тавараў за мяжу, гаворыць і Андрэй, які днямі выязджаў у Польшчу.
Андрэй: “Я пад’ехаў адразу да памежніка, і ў мяне нават нічога не запыталіся — пашпарт адштампавалі і на “зялёны” канал накіравалі. З боку мытнікаў і памежнікаў усё нармальна прайшло”.
Жыхар Брэста Ежы ў акцыі на памежным пераходзе не ўдзельнічаў, але хадзіў з “народнай петыцыяй” да мясцовых уладаў у аблвыканкам. Такім чынам — нязгоду сваю з рашэннем кіраўніцтва краіны выказаў.
Ежы: “Я ехаў на пяты дзень, як дазволена. Ехалі па зялёным калідоры, і мытнікі паставіліся да нас лаяльна”.
Але нягледзячы на такі лібералізм, ўсе суразмоўцы Еўрарадыё адзначылі: памежны бізнэс фактычна знік. Асабліва пацярпелі тыя, для каго ён быў асноўным заробкам.
Фота: bymedia.by