Паганяйла: і кандыдата ў дэпутаты могуць асудзіць на суткі за "лаянку"

Так пракаментаваў юрыст Гары Паганяйла факт затрымання 30 жніўня кандыдата ў дэпутаты па Віцебска-Чкалаўскай акрузе №18 Аляксея Гаўруцікава.

Быў праведзены ператрус яго асабістых рэчаў без санкцыі на тое пракурора. Гаўруцікава вызвалілі толькі праз тры з лішкам гадзіны.

Па словах юрыста, выпадкі, калі апазіцыйныя ці незалежныя кандыдаты прыцягвалі да сябе асаблівую ўвагу праваахоўных органаў, здараліся неаднаразова і падчас папярэдніх кампаній.

Гары Паганяйла: “Могуць канфіскаваць тое, што знаходзіцца ў машыне, правесці ператрус на працоўным месцы, у кватэры, дзе заўгодна. З адной мэтай — дыскрэдытаваць гэтага чалавека і стварыць шэраг цяжкасцяў падчас ажыццяўлення яго дзейнасці па вылучэнні, агітацыі на гэтай выбарчай кампаніі”.

Могуць нават асудзіць на 15 сутак арышту за дробнае хуліганства. Не зважаючы на тое, што кандыдату трэба не за кратамі адпачываць, а весці перадвыбарчую агітацыю.

Па словах Паганяйлы, у такіх выпадках неабходна абскарджваць дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, калі чалавек лічыць іх супрацьзаконнымі. Не звяртаючы ўвагі на тое, што згадка ў скарзе свайго кандыдацкага статуса абавязкова прыцягне асабліва пільную ўвагу з боку кантралёраў. І ўвага будзе не на карысць пакрыўджанага, мяркуе Гары Паганяйла.

Фота — bymedia.net