Нямеччына патрабуе неадкладнага вызвалення беларускіх палітвязняў

Афіцыйны прадстаўнік фэдэральнага ўраду адзначыў, што, наведваючы на гэтым тыдні ў берлінскім Гістарычным музеі фотавыставу «Über Leben», прысвечаную лагерам уцекачоў, Ангела Меркель узгадала цяжкае становішча беларускай апазіцыі. Яна заклікала Лукашэнку "забяспечыць урэшце сваім грамадзянам тыя свабоды, якімі карыстаецца большасць людзей у Еўропе", паведамляе сайт нямецкага ўраду.

Нямецкі ўрад выказвае сваю заклапочанасць у сувязі з тымі палітычнымі працэсамі, якія праводзяцца цяпер над удзельнікамі мірнай акцыі 19 снежня.

"Гэта людзі, якія мужна заявілі пра свае перакананні, выступілі за свабоду і дэмакратыю. Яны заслугоўваюць нашай салідарнасці", падкрэсліў Штэфэн Зайбэрт.

Ад імя федэральнага ўраду ён заклікаў Мінск неадкладна вызваліць усіх зняволеных, паведамляе радыё Свабода.

Паводле ягоных слоў, "не можа быць ніякай нармалізацыі адносін паміж Нямеччынай і Беларуссю, пакуль апазіцыя сядзіць у турме або пад хатнім арыштам і пакуль на парадку дня ў Беларусі стаяць абуральныя парушэнні правоў чалавека".