Недазволеныя акцыі апазіцыі прыраўняюць да тэрарызму?
Дэпутатам прапанавалі змяніць тлумачэнне, што ж такое тэрарызм.
У дзеючым законе тэрарызмам лічыцца “здзяйсненне выбуху, падпалу ці іншых дзеянняў, якія ствараюць небяспеку смерці людзей”.
А прапануюць тэрарызмам лічыць “сацыяльна-палітычную і крымінальную з’яву, а таксама ідэалогію і практыку ўжывання гвалту ці пагрозу гвалту ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце органамі ўлады рашэнняў”.
На думку палітолага Валерыя Карбалевіча, новая фармулёўка паняцця “тэрарызм” дазваляе прымяніць гэты тэрмін практычна на ўсю грамадска-палітычную дзейнасць.
Валерый Карбалевіч: “Любую несанкцыянаваную акцыю можна трактаваць як пагрозу гвалтам. Відавочна, што ўлада спрабуе распаўсюдзіць гэты тэрмін на любы супраціў, любы пратэст”.
На думку эксперта, тэрарызмам можна будзе назваць, да прыкладу, заклікі да ўвядзення эканамічных санкцый. “Плошча-2010” — дакладна тэракт, а яе ўдзельнікі — тэрарысты. Усё будзе залежыць ад так званай правапрымяняльнай практыкі.
Валерый Карбалевіч: “Правапрымяняльная практыка будзе залежыць ад палітычнай сітуацыі, ад палітычнай мэтазгоднасці, ад тых указанняў, якія будуць даваць праваахоўным органам палітычнае кіраўніцтва”.
Але не выключае, што такой фармулёўкай улады спрабуюць застрашыць. Як гэта было з прэзідэнцкім указам аб рэгуляванні інтэрнэта.
Генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб не згодны з тым, што змены ў закон дазволяць лічыць тэрарызмам несанкцыянаваныя акцыі апазіцыі або заклікі да эканамічных санкцый.
Мечыслаў Грыб: “Калі проста будзе адбывацца дэманстрацыя, проста акцыя, то назваць гэта тэрарызмам ніяк нельга. І самі заклікі не могуць лічыцца тэрарызмам. Калі гэта не будзе суправаджацца пагромамі, падпаламі, іншымі пашкоджаннямі, забойствамі, здзекамі, то гэта не будзе тэрарызмам”.
На думку генерала, існуючае вызначэнне тэрарызму як у законе, так і ў Крымінальным кодэксе дастаткова поўнае і ў загрувашчванні тэрмінамі не мае патрэбы.
Палітолаг Юрый Шаўцоў супакойвае: ні “Плошча”, ні будучыя недазволеныя акцыі і мітынгі ад зменаў у законе “Аб барацьбе з тэрарызмам” не ператворацца ў тэракты.
Юрый Шаўцоў: “Несанкцыянаваны мітынг ці якая іншая акцыя — яны ж не абавязкова прадугледжваюць ужыванне гвалту з боку іх удзельнікаў. У прынцыпе, кожны тэракт з’яўляецца несанкцыянаванай акцыяй, але не кожная несанкцыянаваная акцыя ёсць тэракт”.
Сёння, тлумачыць эксперт, у законе насамрэч даецца апісанне не тэрарызму, а тэракту. Новая фармулёўка расшыфроўвае менавіта тэрарызм як з’яву. Так тэрарызм трактуюць і законы іншых краін.
Сапраўды, у расійскім законе прапісана, што “тэрарызм — ідэалогія гвалту і практыка ўздзеяння на прыняцце рашэння органамі дзяржаўнай улады”. Але ўкраінскі закон "Аб барацьбе з тэрарызмам" дае наступнае тлумачэнне: “грамадска небяспечная дзейнасць, якая ўяўляе свядомае, мэтанакіраванае ўжыванне гвалту шляхам захопу закладнікаў, падпалаў, забойстваў, катаванняў, запалохвання насельніцтва і органаў улады”.
Фота: bymedia