Навошта спецслужбам удзел апазіцыі ў выбарах?

120627 Luka6uk Agenty.mp3

Уладзе выгадна, каб апазіцыя ўдзельнічала ў парламенцкіх выбарах. І яна возьме ў іх удзел. Такія “ўдзельнікі” працуюць на спецслужбы, — сцвярджае палітолаг Андрэй Суздальцаў. Еўрарадыё ўдакладняе: хто канкрэтна “супрацоўнічае” — палітычныя сілы, што вырашылі вылучаць сваіх кандыдатаў, лідары гэтых сіл ці актывісты, што пагадзіліся на вылучэнне? Уцямнага адказу палітолаг не дае.


Андрэй Суздальцаў: “Спецслужбы ж не фармуюць нейкія палітычныя рашэнні — яны ж дзейнічаюць у рамках пэўных калідораў. Яны могуць садзейнічаць узмацненню нейкіх працэсаў. Натуральна, што сярод праціўнікаў рэжыма ёсць і прыхільнікі байкоту, і прыхільнікі галасаваць. Выкарыстоўваючы партыйную структуру, выхады — дзе на кіраўніцтва партыі, дзе на заўважных актывістаў, дзе на простых актывістаў, але ўдзельнікаў з’ездаў, канферэнцый і ўсяго астатняга, тэндэнцыі, якія неабходныя сёння ўладзе, узмацняюць. У дадзеным выпадку спецслужбы ўзмацняюць жаданне часткі палітычнага актыву ў гэтых выбарах удзельнічаць”.


Палітолаг сцвярджае, што толькі прыхільнікі байкоту свабодныя ад уплыву спецслужбаў.


Палітолаг Аляксандр Класкоўскі прызнае: пасля Плошчы, масавых рэпрэсій і прызнанняў ахвяр катаванняў, размах дзейнасці спецслужб уражвае. Але гэта не падстава распачынаць “паляванне на вядзьмарак”. Тым больш што праблем у апазіцыі і без гэтых паляванняў аж зашмат.


Аляксандр Класкоўскі: “Таму гэта проста невялікага розуму людзі, якія пачынаюць у межах гэтай кампаніі тую ці іншую тактыку адразу рабіць індыкатарам таго, здрадніцкая гэта ці не здрадніцкая пазіцыя”.

Былы падпалкоўнік КДБ Валерый Костка нічога страшнага ў тым, што сярод актывістаў апазіцыі ёсць "агенты"... не бачыць!

Валерый Костка: "Спецслужбы працуюць, толькі калі сітуацыя спакойная і падкантрольная. А калі пачынаюцца такія працэсы, як у Румыніі, Югаславіі, Іраку ці Лівіі, то спецслужбы ўжо не спрацоўваюць. І хай хоць кожны другі будзе негалосным супрацоўнікам, ён усё адно не вырашыць задачу дыктатарскай улады".


Аналітык Юрый Шаўцоў моцна сумняецца ўжо ў тым, што ўлада зацікаўленая ва ўдзеле апазіцыі ў выбарах.


Юрый Шаўцоў: “Я з цяжкасцю магу ўявіць нават адну мажарытарную акругу, дзе нашы вядомыя апазіцыйныя актывісты маглі бы прайсці ў парламент. Можа, хто-небудзь мог бы прайсці як незалежны кандыдат, а потым праявіцца як апазіцыйны дэпутат у парламенце”.


Нават Віктар Івашкевіч, які бадай што першы пачаў заклікаць да бескампраміснага байкоту парламенцкіх выбараў, таксама асцерагаецца казаць, што ўдзельнікі выбараў працуюць на задуму спецслужбаў.


Адказ на пытанне, навошта ўладзе неабходны ўдзел апазіцыі ў выбарах, у Суздальцава таксама ёсць. Нібыта таму, што імітацыя палітычнай барацьбы за мандаты дае больш шанцаў на прызнанне новаабранага парламента ў свеце. Нагадаем, ад 1996 года парламент не меў гэтага прызнання.