Нацбанк: “Статыстыка ёсць, але яна не адлюстроўвае рэальны стан рынка”

Прэм’ер-міністр Беларусі 20 траўня гаворыць, што ў красавіку беларусы здалі больш валюты, чым набылі. Гэтая розніца склала 34 мільёны долараў! Але ж ля абменнікаў чэргі. Людзі дзяжураць, каб набыць валюту, якую нехта будзе здаваць. Няўжо ў краіне ёсць такія абменнікі, дзе долары можна набыць свабодна і яны нікому не патрэбныя? Еўрарадыё вырашыла знайсці іх.

“Што вы? У асноўным аб’ём пакупкі роўны аб’ёму продажу. Як правіла, калі і застаецца, то можа 100 расійскіх рублёў якіх. А так – не”, - кажа супрацоўніца віцебскага “Белаграпрамбанка” пра станоўчую статыстыку.

Падобную рэакцыю выклікае пытанне пра здачу валюты насельніцтвам і ў барысаўскім аддзяленні банка малога бізнесу.

Супрацоўніца: “ Вы што жартуеце!? Ніхто нічога не здае зусім”.

У мінскім “Белсвісбанку” пакуль не бачаць .каб нехта асабліва здаваў валюту.

“Вы ж ведаеце. Цяпер пад абменнікамі сядзяць людзі і пільнуюць. Можа быць, у нейкі дзень штосьці ўтвараецца, але гэта зусім дробязныя сумы. Але казаць пра станоўчую штодзённую дынаміку не выпадае”.

У Магілёўскім аддзяленні “Альфа-банка” не могуць пахваліцца здадзенымі насельніцтвам доларамі. А агульная сума аперацый за месяц зусім маленькая.

“Амаль няма абаротаў, якое сальда!? Калі за месяц 500 долараў прайшло, то гэта добра”.

У аддзяленнях “Белінвестбанку” адны людзі здаюць валюту, іншыя яе адразу выкупаюць. А ў банк нічога не паступае, кажа супрацоўнік.

“Насельніцтвам здаецца валюта. Гэтым жа насельніцтвам усё выкупаецца. Каб штосьці паступала ў банк – такога няма”.

Каб знайсці тыя абменнікі, дзе ляжаць агучаныя прэм’ерам 34 мільёны, Еўрарадыё звярнулася ў Савет міністраў. У сваю чаргу, там параілі спытаць у Нацбанка.

Начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў даводзіць, што статыстыка такая сапраўды ёсць. Але попыт на валюту ад гэтага не змяншаецца.

Драздоў: ”Статыстыка ў красавіку і траўні аднолькавая: людзі больш здаюць, чым набываюць. Але яна не адлюстроўвае рэальны стан рэчаў, стан рынку. Гэта не значыць, што людзі не хочуць валюту набываць”.

Дарэчы, за перыяд са студзеня па красавік 2010 розніца паміж продажам і пакупкай валюты склала 197 мільёнаў долараў. А вось за 4 першыя месяцы гэтага года людзі купілі больш валюты, чым прадалі. Розніца склала 483 мільёны, паведамляе ПРАЙМ-ТАСС.

Фота: yousmi.by