На святара падаў у суд міліцыянт, якога той ніколі не бачыў

30 сакавіка Сінод Беларускай праваслаўнай царквы выступіў са зваротам, дзе назваў усеагульную дактыласкапію парушэннем “прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці, у адпаведнасці з якім недапушчальна ставіцца да чалавека як да патэнцыйнага тэрарыста і на гэтай падставе ўсталёўваць над кожным кантроль”. Адказу ўладаў не было, затое ў аўторак, 12 чэрвеня іерэй Мікалай Гайдук замест сваёй царквы пойдзе ў суд Ленінскага раёна Гродна. Участковы міліцыянт вінаваціць бацюшку ў адмове ад здачы адбіткаў пальцаў. Святар, у сваю чаргу, кажа, што ўчастковага ніколі ў жыцці не бачыў.

“На жаль, я вось толькі ў судзе змагу яго першы раз убачыць. Прычым там атрымоўваецца, што павінен прыйсці і ўчастковы, і сведка. То я іх магу паблытаць, бо яны абодва міліцыянеры”, — расказвае Еўрарадыё Мікалай Гайдук.

 120611 Pilecki Adbitki.mp3

Пікантнасць сітуацыі ў тым, што нават пратакол аб непадпарадкаванні, паводле слоў святара, быў складзены без яго прысутнасці. Адпаведна, адмаўляцца ад “адкаткі пальчыкаў” бацюшка не мог.

Гэта не першы выпадак, калі праваслаўнага святара судзяць за адмову ад дактыласкапіі. Папярэднія справы завяршаліся штрафамі. Вось у каталікоў іначай. У прэс-службе Каталіцкага касцёла Беларусі нам гавораць, што ксяндзоў пакуль “за пальчыкі” не судзілі.

“Можа каго і запрашалі, але я не ведаю аб гэтым. Можа хто і супраць, можа і прыходзілі да іх”.

Юрыст Дзіна Шаўцова расказвае Еўрарадыё, што выпадкі, калі вернікі адмаўляюцца ад здачы адбіткаў пальцаў па рэлігійных матывах, не рэдкасць. Праўда, у судовых дакументах не пазначаецца прычына адмовы. Усіх абвінавачваюць выключна ў непадпарадкаванні законнаму распараджэнню службовай асобы.

“Я магу адзначыць, што там не быў зафіксаваны факт адмовы ад дактыласкапіі па рэлігійных прычынах. Тое, што людзі менавіта па рэлігійных прычынах адмаўляюцца. Магчыма, што людзі аб гэтым гаварылі. Але належным чынам у судовых паперах гэтага не фіксуецца, на жаль”.

Дзіна Шаўцова не аднойчы дапамагала вернікам падчас разгляду адміністрацыйных справаў. Яна гаворыць, што менавіта адсутнасць у пратаколах “рэлігійных” матываў перашкаджае вынесці такія справы на асобны разгляд.

“Цяжка потым разглядаць гэтыя адміністрацыйныя справы праз прызму абмежавання рэлігійнай свабоды, парушэння права веруючых на свабоду веравызнання. Гэта асноўны і самы істотны момант”.

Як даведалася Еўрарадыё, у Беларусі ўжо склалася нефармальная суполка вернікаў, якія разам бароняць свае правы..

“У іх ёсць для гэтага цэлае вучэнне. Шмат матэрыялаў мне прынеслі. Асноўныя рэчы, супраць якіх яны змагаюцца, — гэта ўжыўленне чыпаў (ва Украіне так было нядаўна), дактыласкапія і ідэнтыфікацыйныя нумары”.

Зараз на разглядзе знаходзіцца каля пяці справаў. Некаторыя ўжо завяршыліся. Як правіла, вернікам даюць штраф у памеры да 4 мільёнаў рублёў. А некаторым, згодна з іх аповедамі, “пальчыкі” адкатваюць з ужываннем гвалту.

“Я магу адзначыць, што там не быў зафіксаваны факт адмовы ад дактыласкапіі па рэлігійных прычынах. Тое, што людзі менавіта па рэлігійных прычынах адмаўляюцца. Магчыма, што людзі аб гэтым гаварылі. Але належным чынам у судовых паперах гэтага не фіксуецца, на жаль”.