На "міжнародныя адносіны" ў БДУ не бяруць нават з дзявяткамі

120725 Marcin_Abitura.mp3

Апошні дзень падачы дакументаў. Хвалююцца нават выдатнікі.

Максім з Гомеля мае 354 балы, ідзе на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Праходзіць, патрэбны бал — 276 па трох іспытах і атэстаце. Пашанцавала!

“Я займаўся з рэпетытарамі, вельмі хацеў добра паступіць. У школе сярэдне вучыўся, не алімпіяднік. Доўга вагаўся, куды паступаць, абіраў між факультэтамі ў БДУ. І вызначыўся толькі пасля тэсціравання”, — расказвае Андрэй.

Крысціна з Пінскага раёну ідзе на журфак. З двух тэсціраванняў і атэстата мае 263 балы. І гэта без унутранага іспыту, які трэба здаваць у Інстытуце журналістыкі. Хоча працаваць на тэлебачанні.

Крысціна: "Гэта два тэсты і атэстат. Даўно хацела на журфак. Па беларускай мове ў мяне з-за алімпіяды 100 балаў. Атэстат — 99. А гісторыю здала толькі на 64. Рыхтавалася сама, засынала з падручнікам”.

Яшчэ адзін выдатнік са Слуцку — Дзіма — ідзе на "матэматыку і інфарматыку".

“Агульны бал — 311. Да тэстаў думаў у БНТУ, але балы калі даведаўся, вырашыў сюды ісці”, — тлумачыць Дзіма.

Таксама ўпісваецца ў 276 неабходных балаў.

Тым больш сёлета на гэтым факультэце павялічылі набор на платнае і бюджэт.

Самы прэстыжны факультэт у галоўнай ВНУ краіны — міжнародныя адносіны. На “міжнародным праве” прахадны бал аж 374. Гэта як жа трэба рыхтавацца, каб здаць усе іспыты вышэй за 9 балаў!?

Сюды ідуць круглыя выдатнікі: 5 чалавек маюць больш за 370 балаў. А на “менеджменце і сусветнай эканоміцы” адзін абітурыент набраў больш за 390 балаў.

Складана прайсці ў інстытут бізнэса і менеджмента тэхналогій. Там сёлета скарацілі бюджэтныя месцы, кажа адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў:

“Там 12 бюджэтных месцаў і 366 — прахадны бал. На эканамічным 34 бюджэтныя месцы 340 — прахадны бал. Адразу падавалі высокія балы — за 350 і вышэй”.

У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце выдатнікі ідуць на машынабудаўнічы факультэт. Як даведваецца Еўрарадыё, тут ёсць абітурыенты з вынікам тэстаў у 350 балаў. Пра маркетынг, менеджмент і прадпрымальніцтва нават не трэба марыць, тут ёсць абітурыенты з вынікам у 370 балаў!

У Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава ідуць з вынікам больш за 320 балаў, хваляцца Еўрарадыё ў прыёмнай камісіі.

“Найбольш высокія балы — на "рамана-германскую філалогію", на гістарычны, а таксама на "прыкладную матэматыку" і "камп’ютарную бяспеку", таксама на "біяэкалогію". Тут закрываецца бюджэт на 280, не ніжэй”, - гавораць у прыёмнай камісіі ВДУ.

Цікава, што на "прыкладной матэматыцы" і "інфарматыцы" ў БДУ прахадны ніжэй.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі самыя папулярныя факультэты: кампутарных сістэм і сетак, праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій і інфарматыка і тэхналогіі праграмавання.

25 ліпеня — апошні дзень падачы дакументаў. Хутка абітурыенты даведаюцца, паступілі ці не.

Фота: bymedia.net