На маўклівай акцыі салідарнасці ў краіне затрымалі больш за 240 чалавек
Такія звесткі падаюць праваабаронцы.
У прыватнасці, у Мінску былі затрыманыя 18 чалавек, у Брэсце — 11, Віцебску — 20, Гродне — 22, Гомелі — 5 чалавек. Затрыманні адбыліся таксама ў Барысаве (27 чалавек), Баранавічах (3), па 2 чалавекі былі затрыманы ў Жодзіне і Маладзечне, 19 чалавек — у Салігорску, 6 — у Слуцку.
Сярод затрыманых у розных гарадах былі 9 журналістаў. Іх затрымлівалі ў Мінску, Брэсце, Гомелі, Гродне, Маладзечне, Віцебску. У прыватнасці, у сталіцы быў затрыманы журналіст Еўрарадыё Павел Свярдлоў, а ў Гродне — польская журналістка Агнешка Ліхняровіч.
У Мінску зафіксавана два выпадкі збіцця. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла праваабаронца Наста Лойка.
"Што датычна Мінску, я ведаю, што два чалавекі былі збітыя ў аўтобусе — гэта Сяргей Андросенка, якому вельмі моцна разбілі твар, а таксама малады чалавек Уладзімір Лапцэвіч, яго білі па паясніцы, у яго бачныя гэтыя сляды. Абодва збіраюцца абскарджваць збіццё, спрабаваць прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі".
Праваабаронцы кажуць, што яшчэ ўдакладняюць лік затрыманых.
Нагадаем, што акцыя "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" адбылася ўвечары 15 чэрвеня ў розных гарадах Беларусі. Самая шматлікая акцыя прайшла ў цэнтры Мінска. Па ацэнках назіральнікаў, у ёй прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек, аднак ГУУС Мінгарвыканкама паведамляе пра 500 удзельнікаў.