На фэсце "Да!Бро!" Botanic Project раздалі свой расійскі ганарар

У сталічным клубе "Мулен Руж" прайшоў шасцігадзінны фестываль "Да!Бро!". Ён сабраў чатыры лепшыя рэгі-калектывы краіны і каля 800 аматараў сонечнай музыкі. Нягледзячы на дастаткова ранні час для канцэрта ўжо а 16-й гадзіне з гардэроба даносіліся хваляванні супрацоўніц. Маўляў, мы ж вас усіх не распранем, хто разам, давайце на адну вешалку. А ў зале гэтым часам наадварот было вельмі ўтульна ды расслаблена, там граў чылаўт-гурт "?!".

Усе адразу па-хатняму сядалі на падлогу пад сцэнай, заплюшчвалі вочы і, відаць, наладжваліся на хуткі шматгадзінны адрыў.

І сапраўды, ужо першы калектыў, магілёўскі гурт "Bez.Not" проста ўскалыхнуў натоўп. Пад кіраўніцтвам франтмэна гурта Яўгена Сысоева, зала не проста таньчыла, а даволі доўгі час рухалася сінхронна.

Музыкі выконвалі песні з дэбютнага альбома "Спустя Рукава", які выйшаў паўтара месяцы таму. Хлопцы прызналіся, што за гэты кароткі тэрмін паспелі яго цалкам пераасэнсаваць і крыху змяніць. Да таго ж у гурта з'явіўся гітарыст і змяніўся басіст, што, безумоўна, таксама паўплывала на агульнае гучанне калектыву.

А вось "Растения Мудрости", падалося, крыху ахаладзілі залу. Музыкі вывелі дзевяць чалавек на сцэну – і гэта без гітарыста, які чамусьці не здолеў даехаць.

У выніку гітару трымаў вакаліст, які выйшаў на сцэну басанож і распачаў выступ чымсьці падобным на мантру. У прынцыпе, амаль усе іх песні былі менавіта ў такой стылістыцы. Але людзей пад сцэнай не паменела ды і адпускаць брэсцкіх прадстаўнікоў рэгі наведвальнікі фэсту не жадалі.

Маладзечанска-мінскі гурт Botanic Project выйшаў меншым складам, чым іх заходнія калегі і нават меншым чым было заяўлена першапачаткова. Акурат цяпер музыкі працуюць над наступным альбомам, і ў гэтым удзельнічае каля 16 чалавек.

Але "ўрэзаны" склад не перашкодзіў "батанікам" адыграць выбітны паўтарагадзінны сэт, складзены з хітоў, дзесятку новых песень і дуэта са Змітром Івановым, лідарам "Аддис Абебы".

Падчас выканання песні "Бабло" музыкі дасталі з кішэняў расійскія рублі і са словамі "наш расійскі ганарар, нам грошы не патрэбныя" выкінулі іх у натоўп. Праўда, за кулісамі яны прызналіся, што грошы сувенірныя, але вельмі падобныя да сапраўдных.

Хваля пазітыву не здолела абмінуць і вядучага фестывалю Аляксандра Памідорава. Паміж гуртамі ён няспынна бітбоксіў і фрыстайліў на тэму дабра, рэгі і гуртоў-удзельнікаў фэсту.

А перад выступам без сумневу галоўнага рэгі-калектыву краіны да Памідорава далучыўся яшчэ і выпадковы біт-боксер з залы.

"Аддис Абеба", так бы мовіць, дабіла прысутных больш чым гадзінным выкананнем сваіх лепшых хітоў.

На фінал Аляксандр Памідораў прапанаваў усім невялічкі джэм, і музыкі разам выканалі беларуска-англійскую версію "No woman, no cry" Боба Марлі.

"Да!Бро!" - той рэдкі выпадак, калі не з'явілася ніводнай прэтэнзіі, пачынаючы ад арганізацыі ды якасці гуку і заканчваючы атмасферай у зале. Хіба толькі кошты ў бары і беларускае піва “нумар 1” часам вярталі аматараў рэгі да рэальнага жыцця.

Фота: GlucTim