МЗС Беларусі далучыўся да пошукаў зніклых у Гімалаях альпіністаў
Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.
Па словах Савіных, якія перадае БелаПАН, беларуская амбасада ў Індыі выходзіць на кантакт з непальскімі ўладамі, робіць спробы паспрыяць у пошуках зніклых альпіністаў.
Нагадаем, ужо больш за тыдзень не ўдаецца наладзіць сувязь з двума дасведчанымі беларускімі альпіністамі — Мікалаем Бандалетам і Сяргеем Белавусам. Яны з'яўляюцца сябрамі мінскага клуба "Хан-Тэнгры". Альпіністы падымаліся на адну з самых недаступных вяршыняў свету — Тулагі ў Непале, яе вышыня 7029 метраў. Дагэтуль "узяць" яе не ўдавалася ніводнаму чалавеку. Намаганні па пошуку зніклых каардынуе жонка Мікалая Бандалета Таццяна.
Ад 13 траўня зніклых шукалі на верталёце. 15 траўня на вышыні 6300 метраў з верталёта быў выяўлены намёт з рэчамі альпіністаў і ланцужок іх слядоў, скіраваных на грэбень. Аднак саміх альпіністаў пакуль не знайшлі.